Выбрать главу

Але народ ніколі не заламаўся, не скарыўся драпежнаму ворагу. Ён шукаў падтрыманьня й надзеі ў народаў Захаду, падпольна каваў зброю, у паўстаньнях і рэвалюцыях спрабаваў скінуць маскоўскае ярмо. Усё мінулае стагодзьдзе было нясупынным цягам паўстаньняў, бунтаў, змоваў супроць ненавіснае Масквы.

Вялікі правадыр паўстаньня 1863–64 году, Кастусь Каліноўскі, гэтак заклікаў да збройнага чыну свой народ:

“Ваюй, народзе, за сваё прыроднае й боскае народнае права, за сваю веру, за сваю зямлю сьвятую… Бо толькі тады ты зажывеш шчасьліва, калі над табой больш Маскаля ня будзе!”

І хоць паўстаньне 1863 году не прынесла нам перамогі, хоць разам зь іншымі героямі зьгінуў тады й Кастусь Каліноўскі, ды народ усё-ж разбудзіўся да сьвядомасьці й сілы.

Ужо ў 1905 годзе, калі маскоўская імпэрыя захісталася ў вайне зь Японіяй, жыхары нашых местаў, мястэчак і сёлаў, пад правадырствам пасьлядоўнікаў Каліноўскага пачалі вялізную ахвярную працу для падрыхтоўкі адваёвы свае самастойнасьці й свае сувэрэннасьці. Калі-ж пазьней, у Першую Сусьветную вайну, маскоўская турма народаў лопнула, і беларускі народ узьняўся да адбудовы свае дзяржаўнасьці.

У сьнежні 1917 году да Менску зьехалася больш 1800 народных прадстаўнікоў, што былі выбраныя па сёлах, паветах, мястэчках, месцах, губэрнях, па беларускіх вайсковых злучэньнях ды нацыянальных арганізацыях, як правамоцныя дэлегаты на ЎСЕБЕЛАРУСКІ КАНГРЭС, які воляю ўсяго народу ўстанавіў вехі нашае дзяржаўнае самастойнасьці ды заклаў асновы канстытуцыі дэмакратычнага ладу ў Беларусі.

Усебеларускі Кангрэс ня прызнаў улады над беларускім народам чырвоных маскоўскіх узурпатараў, Леніна й Сталіна, ды іхняй бандыцкай шайкі. Чырвоныя агрэсары тады загадалі сваёй акупацыйнай арміі разагнаць Кангрэс зброяю, правадыроў яго арыштаваць.

І толькі паход нямецкае арміі ў лютым 1918 году на ўсход дапамог нашаму народу весьці далей працу над мацаваньнем свае самастойнасьці ды разбудоваю свае дзяржаўнае сувэрэннасьці. У выніку, 25 Сакавіка 1918 году ў Менску, аднагалоснаю пастановай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі была апавешчаная сувэрэннасьць Беларусі як незалежнае, вольнае дзяржавы беларускага народу.

Дарагія Браты й Сёстры!

Сеньня вось мінула 26 гадоў ад гэтае вялікае падзеі. Сеньня нямецкія армія, адкінуўшы чырвоную Маскву зь беларускае зямлі, даюць нам ізноў магчымасьць адбудовы свае бацькаўшчыны, свае дзяржаўнасьці. Ды вайна не закончаная, Нямеччына цяпер у цяжкіх баёх з Масквой на Ўсходзе ды зь ейнай саюзьніцай Антантай на Захадзе. Што значыць паварот старой няволі для нас — нам ня трэба гаварыць. І таму мы ў гэты момант ня можам сядзець бязьдзейна, бо згубім тады ўсё, разьдзяўбуць нас тады гэтыя ворагі.

Наш абавязак — узяцца за зброю ды перш за ўсё ачысьціць нашую зямлю з усякае погані, што бадзяецца па кустох ды перашкаджае нам выпрастацца зь нядаўняй няволі на ўвесь рост. Дадайма сяброўскую руку нямецкай арміі ў яе змаганьні з нашым найбольшым ворагам — Масквою, каб яна больш нас не паланіла!

Вы-ж, дарагія жаўнеры й афіцэры Беларускай Краёвай Абароны, памятайце — прысягаеце ў вялікі Дзень 25 Сакавіка на нашыя сьвятыя нацыянальныя ідэалы, на вернасьць свайму народу, як першыя штурмовыя кадры ў нашай барацьбе за волю, самастойнасьць і незалежнасьць!

Хай Бог вас успамагае й благаславіць!»

Гучыць каманда:

— Да прысягі!

Жаўнеры падымаюць правую руку. Урачыста чытаю тэкст прысягі, усе за мной паўтараюць. Людзі паздымалі шапкі. Немцы й нашыя ўмундараваныя адзінкі, паліцыя, СБМ салютуюць:

«Я, жаўнер Беларускай Краёвай Абароны, прысягаю на Ўсёмагутнага Бога й на жаўнерскі гонар, што буду верна служыць свайму Беларускаму Народу, сумленна й прыкладна выконваць усе загады сваіх камандзіраў і начальнікаў.

Я прысягаю, што ня выпушчу з рук сваіх зброі да тых пор, пакуль ня будзе ўстаноўлены поўны супакой і бясьпека ў нашых сёлах і гарадох, пакуль ня будзе зьнішчаны на нашай зямлі апошні вораг Беларускага Народу. Так мне памажы, Божа!»

Падае каманда:

— Па прысязе!

Усё заварушылася, хоць яшчэ была цішыня. Аркестра грымнула нацыянальны гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». За аркестрай загудзеў увесь народ — жаўнеры, юнакі, школьнікі, усе прысутныя… Здавалася й расстаўленыя навокала беларускія сьцягі таксама шумяць пад сьпеў тысячных грудзей…