Ганарова першыя гэткія граматы атрымалі сяляне абароннай вёскі Касьцяневічы з рук кіраўніка вялейскай акругі Чалоўская, які выступаў ад імя вялейскага гэбітскамісара.
ЕДЗЕМ ДА ДАЎГІНАВА
Напачатку чэрвеня 1944 году гэбітскамісар ізноў выклікаў мяне на паездку да Даўгінава для інспэкцыі тамашняга палажэньня. Дзеля нарастаючай актыўнасьці савецкай дывэрсіі, мы выехалі пад большай аховай. Перад намі ехала грузавое аўта з 12 добра ўзброенымі беларускімі паліцыянтамі, ззаду-ж другое, пад камандай начальніка Вэнцэля.
Першых дзесяць кілямэтраў праехалі, па забаранаванай дарозе ды па тропе першага грузавіка, даволі хутка. Але калі сталі ўяжджаць у залесеныя раёны, баранаваньня там ня было ўжо відаць і мы ехалі паволі. Перад Рэчкамі падбег да нас нейкі хлапец і паведаміў, што ўчора партызаны закладалі вось тут перад рэчкай міны. Нашая паліцыя зараз-жа выслала трох сапёраў з апаратамі для выкрываньня мінаў, мы-ж памалу сунуліся ззаду. Вось сапёры махаюць рукамі, даюць знак спыніцца. Міна знойдзеная, хутка абязшкоджаная, паляцела ў роў.
Пад'ехалі да сьвежаадбудаванага пасьля нядаўняй партызанскай дывэрсіі маста. Паліцыя сьпешылася й, трымаючы зброю напагатове, ішла абапал гуськом, мы-ж памалу ехалі самаходам. Раптам — стрэл! Паляцела каманда: «Партызаны!» Мы таксама выскачылі з самаходу на левы бок дарогі. Ізноў каманда: «Лажыцца!» Я лёг у прыдарожны роў. Засакаталі нашыя аўтаматчыкі, але стрэлаў праціўніка нейк ня было чуваць. Нашыя перадавыя ахоўнікі хутка падышлі да самага маста.
Я сьмялей высунуў галаву з рову й бачу — на мост пабеглі нашыя сапёры-мінашукальнікі. Хутка яны далі знак, што дарога «чыстая», і мы спакойна пераехалі рэчку ды скора ўехалі ў маёнтак Сэрвач. Хто страляў, і нас напалохаў, так мы й не даведаліся. Магчыма стрэліў, пабачыўшы збройную сілу, з пуду партызанскі патруль ды даў цягу, а за ім і савецкія малойцы.
У маёнтку мы аглядалі раскошны палац магнатаў Казёл-Паклеўскіх, прыгожы сад з алеямі, ды на акраіне заглянулі і ў арыгінальную беларускую вяндлінарню. Была гэта круглая будыніна ў выглядзе вежы з маленькімі ў гары ваконцамі. У сярэдзіне тырчэлі зялезныя пруты й крукі. Відаць, тут калісьці была абаронная вежа, пазьней замененая на топку-вяндлінарню. На самым нізе было вялікае агнявішча, сьцены зіхцелі ад сажы. Паробленыя былі праходы для дыму ў вышэйшыя паверхі. Дык вось гэта тут штомесяц тысячы кіляграмаў мяса ператвараліся, пад цяплом і дымам спальванага ялаўцу ды елкі, у на ўвесь сьвет слаўныя «Літоўскія вяндліны»!
Да Даўгінава мы даехалі спакойна. На краі мястэчка, дзе былі казармы, нас сустрэлі патрулі БКА. Пасьля вымены паролю нас упусьцілі ў панадворак казармаў. Тут ужо былі выстраеныя аддзелы БКА, а паручнік Касецкі сустрэў нас рапартуючы:
— Спадар намесьнік! Ад імя батальёну Беларускай Краёвай Абароны вітаю вас і спадара гэбітскамісара. Батальён у сіле 320 чалавек гатовы да агляду!
— Дзякую! — сказаў я ды падаў Касецкаму руку.
Прывіталіся зь ім і Немцы. Мы абышлі ўсе, устаўленыя ў квадраце, зьвязы. Я коратка прамовіў да жаўнераў. Пар. Касецкі адказаў на маю прамову таксама коратка, падкрэсьліваючы баёвы дух жаўнераў ды вялікую патрэбу да зброі, амуніцыі, выснашчэньня ды аўтатранспарту.
Пасьля мы аглядалі няблага наладжаную вайсковую кухню, казармы й арышт батальёну. Там сядзела трох жаўнераў за дробныя дысцыплінарныя правіны.
У бяседзе з камандаю батальёну мы даведаліся, што цяпер у Даўгінаве даволі спакойна. Здараюцца толькі дробныя дывэрсіі. Перад прыходам-жа войска БКА Даўгінава было аб'ектам частых нападаў бальшавіцкіх бандаў і мясцовая паліцыя ня была ў сілах справіцца зь імі. Цяпер бандыты хапаюць адно з пасьбішчаў жывёлу, а на 1-га траўня 6 км ад Даўгінава вывесілі на жэрдзі чырвоную плахту. Пар. Касецкі даў загад штурмовым аддзелам батальёну, з удзелам сапэраў, асьцярожна зьняць чырвоную анучу. Калі баёвы аддзел пайшоў да жэрдзі ды спыніўся, абмяркоўваючы, як зьняць шмату, адзін з жаўнераў, малады хлапец, у патрыятычным парыве ня вытрываў:
— І што тут доўга думаць! — крыкнуў ён. — Бандыты ўтыкнулі жэрдзь ды павесілі анучу! Рванеш за жэрдзь — і ўся музыка!
— Пачакай, пачакай, гарачы хлопча! — крычаў дружыновы.
Але ён ужо быў ля жэрдкі ды на вачох усіх ірвануў яе… І сталася трагэдыя. Да жэрдкі была прывязаная міна, якая разарвалася. Адважны, але непаслухмяны дзяцюк загінуў. Пахавалі яго ў Даўгінаве з усімі вайсковымі гонарамі.