Ці гэта ня той самы “праўны гаспадар”, які ізноў-жа “для дабра беларускага народу” закатаваў 1 800 000 найлепшых беларускіх сялян і работнікаў, зьнішчыў дзясяткі тысяч беларускае інтэлігенцыі, разбурыў беларускую гаспадарку, давёў край і народ да поўнай руіны й галечы?
Ці гэта ня той самы “гаспадар”, які разбурыў найкаштоўнёйшыя помнікі нашай слаўнай культуры, нашыя сьвятыні, атручваў душы нашых дзяцей сваёй бязбожнай бандыцкай маральлю, ізноў-жа для “дабра” беларускага народу?
Ці гэта ня той самы “гаспадар”, які пакрыў беларускі край засьценкамі НКВД, у падзямельлях якіх крывавіліся ў муках тысячы Беларусаў за імкненьне да свабоды й абарону чалавечых правоў і годнасьці?..
Хто й калі даў вам права выступаць ад імя беларускага народу перад сьветам — вам, ягоным забойцам?..»
Свой даклад М. Шкялёнак закончыў заклікам:
«Думаю, што сярод вас, прадстаўнікоў беларускага народу, ня знойдуцца такія, што баранілі-б, або падтрымоўвалі тыя ўсе ланцугі, тыя дагаворы й пастановы нашых ворагаў, якімі яны нас мучылі, а цяпер і надалей хочуць узаконіць наглую няволю.
Адкінем усе гэтыя кайданы раз і назаўсёды!
Ня будзем ніколі прызнаваць таго, хто самазванкай ад нашага быццам імя гандлюе нашай воляй і справай, як чыніць за мяжою цяпер Масква, ці польскі экзыльны ўрад!..»
Першым выступіў з словам у дыскусіі генэрал К. Езавітаў, удзельнік Першага Усебеларускага Кангрэсу 1917 году й арганізатар беларускага войска ў час існаваньня БНР. Ён, між іншага, сказаў:
«Супроць варожага беларускаму народу трактату ў Рызе ўжо ў 1921 годзе пратэставаў урад БНР і яго ніколі не прызнаваў, як і іншыя й польскія, і расейскія пастановы. Цяпер-жа наступіў час, каб гэты кангрэс, як прадстаўнік волі беларускага народу, назаўсёды адкінуў усе варожыя нам акты. Беларусь, як вольная дзяржава, народжаная ў Першай вайне, цяпер, у Другой вайне поўнасьцю дасьпела, каб стацца вольнай і незалежнай ды сама аб сабе станавіла. Ніякія старыя ні новыя дагаворы ня зломяць нашай станоўчай волі да самастанаўленьня!»
Пасьля выступу ген. Езавітава была мая чарга. Я прызнаў галоўны даклад М. Шкялёнка поўнасьцю правільным як у гістарычным разрэзе, так і для нашага часу. Я казаў:
«Скончыліся тыя часы, калі гаварылі аб нас бяз нас. Ніхто на сьвеце ня мае права выступаць ад імя беларускага народу ня спытаўшыся яго згоды. Беларускі народ, вуснамі прадстаўнікоў БНР, што прадаўжалі змаганьне за вызваленьне Беларусі, ня раз пратэставаў супроць Рыскага трактату ды бальшавіцкіх парадкаў у зняволенай Беларусі пад шыльдай БССР. Цяпер крывавая Масква й яе разбойнік Сталін, засеўшы ў Тэгеране зь міжнароднымі гандлярамі свабоды народаў Чэрчылем і паралітыкам Рузвэльтам, заганяюць у старую бальшавіцкую няволю наш беларускі народ, а яго тэрыторыю нанава рэжуць. Мы, прадстаўнікі народу, павінны рашуча асудзіць усе гэтыя варожыя пакты й трактаты, як антыбеларускія, што ня мелі й ня маюць ніякай праўнай сілы».
«Няхай жыве Вольная Беларусь!»
«Няхай жыве сувэрэнная воля беларускага народу!»
Заля гудзела ад воплескаў, апрабуючы ануляваньне ўсіх варожых дагавораў ды няпрызнаваньне ўсякіх новых намаганьняў нанава паняволіць беларускі народ.
Пасьля абедняга перапынку, на другім паседжаньні кангрэсу, А. Калубовіч, сябра БЦР, прачытаў даклад: «Аб канчатковым разрыве Беларусі з Масквой і аб уневажненьні маскоўскага голасу ў беларускіх справах». Ён прааналізаваў усю фікцыйнасьць дзяржаўнасьці БССР, як чыста маскоўскі зман беларускага народу. БССР была толькі маскоўскаю, каляніяльнага тыпу, правінцыяй, у якой беларускі народ ня меў самастойнага голасу, дзе адбываўся жорсткі глум над беларускай мовай, культурай, царквой, гаспадаркай і жыхарствам — сялянамі, работнікамі й інтэлігенцыяй.
У дыскусіі над дакладам выступала колькі прамоўцаў. Усе яны падкрэсьлівалі, што Масква за 26 гадоў свайго панаваньня нічога пазытыўнага не зрабіла для беларускага народу, адно давяла да жабрацкай долі, а цяпер сваімі бандамі спрабуе й зусім зьнішчыць наш народ. Дык ня можа быць ніякай гутаркі аб прызнаваньні ейных разбойніцкіх парадкаў ды ейных законаў.
Былі галасы й супраць пануючага стану. Так, дэлегат зь Лідчыны, Анішчык-Чэмер, казаў:
«Тады, калі беларускі народ мабілізуе ўсе свае сілы на змаганьне з бальшавізмам, польскія бандыты ў Лідчыне й чорнасоценная расейшчына ў Наваградчыне, убіваюць нож у плечы нашага народу. У Лідзкай акрузе Палякі забіваюць бяскарна лепшыя сілы беларускай інтэлігенцыі, вырэзваюць цэлыя беларускія вёскі. А што робіць у Наваградчыне, у Дзятлаве, чорнасоценная РОА, ды іншыя расейскія злучэньні, найлепш скажа прысутны тут Васіль Рагуля. Мы хочам змагацца з бальшавізмам, але мусім мець забясьпечаныя тылы. Прашу кангрэс зьвярнуцца да прэзыдэнта БЦР, каб паслаў у Лідчыну беларускія батальёны і зрабіў канец зьдзекам над беларускім жыхарствам!»