Выбрать главу

Вечарам таго дня, ня маючы магчымасьці хуткага выезду, я з сваім сябрам Цьвячкоўскім пайшоў у тэатр. Ставілі антыбальшавіцкую драму. Народу, на дзіва, было поўна ды білі брава, як ніколі. На залі сядзелі два рады дзяўчат у шэрых уніформах з Пагоняй на бэрэтах. Былі гэта сяброўкі СБМ з Жлобіна. Яны ведалі, што дамоў вярнуцца ўжо ня могуць.

Пераначаваў я ў памяшканьні нябожчыка праф. В. Іваноўскага, і там даведаўся, што бальшавікі пад Віцебскам і пад Гомелем перарвалі нямецкую абаронную лінію ды маланкава сунуцца на Менск.

Назаўтра зраньня мы зь Цьвячкоўскім пайшлі ў будынак БЦР, каб пагаварыць з прэзыдэнтам БЦР Р. Астроўскім ды ехаць дамоў. Астроўскі мне сказаў:

— Выглядае, што нам прыйдзецца адступаць, бо Немцы ў генэральным камісарыяце Беларусі, — будынак іх быў насупраць БЦР, — паляць дакумэнты, што відаць з дыму іхных комінаў. Як вернешся, палі дакумэнты, ды едзь у Вільню. Мая там кватэра: Вострабрамская 8, у А. Сакаловай.

— А як-жа будзе з грашыма для намесьніцтва на выплату для людзей? — пытаюся.

— Грошы ўжо высланыя ў ваш банк. Пытайцеся там. А далей пабачым што будзе. Бывайце! — І мы разьвіталіся.

Калі я прыйшоў на цэнтральную станцыю ў Менску, там кіпела, як у катле. Нямецкія эшалёны ішлі ў адзін і ў другі бок, ніхто нічога не гаварыў, нікога з цывільных ня ўпускалі на плятформу й не магло быць і гаворкі, каб нехта сеў у вагон. Перапоўненыя яны былі раненымі й нямецкімі ўцекачамі. На станцыі я сустрэў Ю. Мурашку ды іншых дэлегатаў на кангрэс. Мы ўсе непакоіліся. Урэшце, каля гадзіны першай ночы, нехта сказаў, што з таварнай станцыі ідуць цягнікі на захад ды там можна знайсьці месца.

Мы сарваліся зь месца ды нейкімі завулкамі й выпаленымі руінамі дабіліся да таварнай станцыі. Тут запраўцы былі лепшыя магчымасьці вырвацца зь Менску. Я знайшоў цягнік на Маладэчна. Мы цярпліва чакалі яго адыходу ды час праганялі на гутарках пра гарачыя падзеі на беларускім ды сусьветным гарызонтах. Урэшце, каля гадзіны 9-й вечара, наш цягнік пасунуўся на захад. Рухаўся ён паволі, на кожнай станцыі дачапляў новыя вагоны, і толькі пад раніцу, калі ўзыходзіла сонца, пад'ехаў да Маладэчна.

Тут наш цягнік загналі ў тупік. На ўсходні фронт везлі зялёныя, паласатыя, магутныя танкі тыпу «Тыгр» ды вялізныя гарматы, аўты ды іншую цяжкую зброю. Мой сябра Ю. Мурашка, які быў разам, сказаў:

— Глядзі, братка! Такая магутная сіла! Яна згняце бальшавікоў!

— Магутная то магутная, але ці яны здолеюць пусьціць яе ў ход? — адказаў я. — Бальшавіком памагаюць Амэрыканцы зь яшчэ большай тэхнікай…

Але мы ўсё-ж урэшце паехалі на захад. Па дарозе, на галоўных шляхах, бачылі аграмадныя абозы жыхарства з накладзеным на сялянскіх вазох «багацьцем» — дзяцьмі, мяшкамі, сенам. Пры вазох блыталіся змучаныя каровы, ішлі прывязаныя запасныя коні. Гэта адступала Смаленшчына, Аршаншчына, Магілёўшчына.

У Маладэчне быў сякі-такі парадак, але пераважала напружанасьць. Тэлефонная лучнасьць зь Вялейкай і Каралеўшчынай была перарваная. Я доўга на паліцыі чакаў, пакуль мяне злучылі з Вялейкай. Абяцалі зараз-жа прыслаць узброены грузавік.

Празь нейкую гадзіну зьявілася па мяне пяцітонка зь пяцьмі ўзброенымі паліцыянтамі. У машыну, апрача мяне, села пяць дэлегатаў з кангрэсу. Мы хутка, бязь ніякіх турботаў праімчалі 20 км дарогі.

У гэтым часе вялейскі гэбітскамісар даў загад аб эвакуацыі перад нахлынам бальшавікоў. Людзі бегалі па вуліцах, як мурашкі, ня ведаючы, што рабіць, як ды куды эвакуявацца. Калі я прыехаў, шмат хто, абкружыўшы, пыталіся мяне, што рабіць, які ратунак? Ды я й сам гэтага ня ведаў.

У намесьніцтве людзі сядзелі й чакалі на мяне. Я пайшоў у гэбітскамісарыят, каб даведацца, што робяць Немцы. Гэбітскамісар сказаў, што няма іншага выхаду, што і нам трэба эвакуявацца зь Вялейкі, бо сюды прыходзіць вайсковая франтавая ўлада. Кірунак нашае эвакуацыі — Кэнігсбэрг у Прусіі. Ён таксама сказаў, што для мяне й маёй жонкі ён мае месца ў сваім транспарце, а для БКА ён загадаў выдаць з ваенных складоў 100 камплектаў жаўнерскай абмундзіроўкі й абутку для адыходу на захад.

Я склікаў апошнюю нараду маіх супрацоўнікаў, каб абмеркаваць, што рабіць. Даводзілася прызнацца, што перамога не на нашым баку. Сэпаратнага міру, праўдападобна, таксама ня будзе. Трэба вывозіць з заложанае зоны ўзброеныя сілы, беларускіх актвістых, ратаваць нацыянальныя кадры, або, застаўшыся, арганізаваць супроцьбальшавіцкую партызаншчыну.