Выбрать главу

Паколькі рэальныя абставіны паказвалі на тое, што на масавы рух лічыць немагчыма, ды нямецкая падмацоўка была слабая, дык мы пастанавілі, што афіцэры й наагул беларускія патрыёты, якім пагражае з прыходам бальшавіцкіх гордаў пэўная сьмерць, павінны адыходзіць на захад, каб там працягваць змаганьне за вызваленьне Беларусі. Той-жа, хто наважыцца застацца, хай паступае паводле свайго розуму й сумленьня. Жаўнераў, якія заставаліся, я звольніў ад складзенай прысягі.

Таго самага дня больш 350 жаўнераў БКА надзела нямецкія мундзіры, на шапкі начапіла Пагоні, ды з зброяй у руках, пад камандай кап. Шмаціна, рушыла вялікім табарам на захад.

Ноч у Вялейцы прайшла спакойна, раніцай-жа мы спалілі ўсе дакумэнты намесьніцтва ды зьнялі з машты наш сьцяг. Цяжэйшыя рэчы я заладаваў на воз БКА, пад нагляд сп. Т., з даручэньнем даставіць у Вільню на паказаны адрас, сам-жа з жонкай і падручнымі чамаданамі пайшоў у гэбітскамісарыят, спадзяючыся на месца ў праектаваным нямецкім транспарце. А тут самых Немцаў сядзіць поўна на чамаданах, без надзеі на хуткі ад'езд. Пабачыў і гэбітскамісара, ды спытаўся яго:

— На што чакаем, сп. гэбітскамісар?

— На прадстаўніка вайсковай улады, каб перадаць месца, — адказаў ён.

— Калі-ж гэта будзе?

— Няма ведама.

І каля 12 гадзіны дня гэтага вайсковага пераймальніка ўлады ўсё ня было. Я зразумеў, што спадзяючыся на Немцаў, можна лучыць у цяжкія прыфрантавыя ўмовы. Таму, даведаўшыся, што М. Кунцэвіч, Ч. Найдзюк і дзясяткі іншых ладуюцца ў цягнік, я паведаміў гэбітскамісара, што далучуся да тых, якія едуць чыгуначным транспартам. Ён разьвітаўся са мной і хутка мы селі ў рамонтны цягнік, што ішоў на Маладэчна.

У Маладэчне давялося пераладавацца ў таварны цягнік, што ішоў на Вільню, дзе я меў сустрэцца з прэзыдэнтам Астроўскім. Сядзім вось мы ноччу на плятформе вагону. Раптам загула сырэна — налёт! Людзі беглі ў чыгуначныя сховішчы. Я зыйшоў адно на зямлю ды ўглядаюся ў цёмнае неба. З сваёй практыкі ведаў, што савецкія лягуны трымаюцца высока ды з аграмаднай вышыні разгружаюць у раёне намечанага аб'екту свае самалёты, каб толькі выканаць «плян» і загад. Бомбы-ж падаюць на кілямэтр, ды й больш, ад аб'екту. Гэта я бачыў у Менску, у Вільні, у Вялейцы. Тое самае паўтарылася й тут.

РАЗЬВІТАНЬНЕ ЗЬ ВІЛЬНЯЙ

Назаўтра досьвіткам наш цягнік пагрукатаў на Вільню. Хутка летняе сонца выявіла ўсю красу беларускіх палеткаў, калі пахне няскошаная сенажаць ды шуміць дасьпяваючае жыта. І якія духмяныя нашыя лясы, якія звонкія серабрыстыя рэчкі!

А на дарогах і гасьцінцах, як вокам абняць, бесканечнасьць вазоў зь людзьмі, коньмі, каровамі. Уся, здавалася, Беларусь адыходзіць на захад, уцякае ад крывавай бальшавіцка-маскоўскай няволі. І хто іх накорміць, хто апране, хто прытуліць?! Ім гэта ўсё тады было няважным — каб толькі далей ад бальшавіцкай пошасьці-заразы, глуму над чалавекам і няволі, каб толькі знайсьці недзе спакойны прыпынак, СВАБОДУ!

1-га ліпеня 1944 году ў Вільні было яшчэ спакойна. Узяў я возьніка ды паехаў на Шкляны завулак да сваёй колішняй гаспадыні Мілашэўскай. Стомлены падарожжам, зваліўся як сноп на адпачынак.

Назаўтра раніцай будзіць мяне гаспадыня.

— Уставайце, доктар! — кажа. — Нейкая трывога. Жмудзякі зь Вільні ўцякаюць!

Калі выйшаў на вуліцу, дык пабачыў сам, што й запраўцы трывога. Машыны везьлі з шпіталёў на станцыю параненых Немцаў. Шмат жаўнераў ішлі самі, або ў асысьце сёстраў. Іншых вялі мацнейшыя сябры.

І сярод Жамойцаў жудасны перапалох. З хат павыходзілі яны з клункамі, мітусяцца, крычаць: няма транспарту, каб нейк ім вырвацца зь небясьпечнага мяшка. А тут віленскія возьнікі, народ хітры, дасьведчаны, пахавалі коней ды самі разьбегліся.

Мітусьня ў Вільні была страшная: ці каму трэба ці ня трэба — ўсе хацелі ўцякаць! Трагічныя сцэны дзеіліся ў былых францішканскіх будынках пры касьцёле сьв. Рафала на Вілкамірскай, дзе быў шпіталь РОА («Расейская вызвольная армія»). Адтуль хворыя ўцякалі, як хто мог, даслоўна ад сьмерці.

Каля пятай гадзіны я зь іншымі суродзічамі наведаў прэзыдэнта Р. Астроўскага ў яго кватэры на Вострабрамскай 8. Нас было чалавек 15. Усе сумныя, заклапочаныя. Прэзыдэнт Астроўскі падбадзёрвае, супакойвае, каб ня трацілі надзеі. Ягоны сакратар сьпісаў усіх, каму патрэбны пропуск у Нямеччыну. Яны будуць зараз выпісаныя ў кірунку на Кэнігсбэрг, Ліцманштат (Каралевец, Лодзь), а там будуць далейшыя інструкцыі.