Выбрать главу

Я вярнуўся ў сваю кватэру ды праспаўся ўночы. 3-га ліпеня, калі я раніцай падаўся да прэзыдэнта Астроўскага, каб, як дамовіліся, разам выяжджаць зь Вільні, места відавочна пусьцела. І ў ягонай кватэры пусьцюсенька… Старажыха мне сказала:

— Уночы, каля 2-й гадзіны, усе выехалі ў кірунку на Коўню. А вось нядаўна грузавік падабраў і іхныя, ці бо Сакаловай, мэблі, ды цэбры зь мясам др. Міцкевіча, таксама на Коўню!..

— Дык вось як! — мільганула ў мяне злосная думка. — Раптоўна выехалі!.. Забралі мэблі, цэбры зь мясам, але пакінулі намесьніка БЦР Малецкага! Пакінулі й сям'ю др. Б. Грабінскага — старшыні Беларускага Камітэту ў Вільні!..

Што далей? Як выбрацца зь Вільні? І вось на вуліцы сустракаю афіцэра БКА, што быў перадавым лучнікам з палк. Кушалем, які цяпер з аддзеламі БКА ўступіў у Вільню. Я яго паінфармаваў аб палажэньні ды пры тым даведаўся, што з Новай Вялейкі яшчэ не эвакуяваны Магілеўскі Мэдычны Інстытут, ды што разам з БКА адыходзіць на захад і Афіцэрская школа пад камандай М. Каранеўскага. Лучнік гэты яшчэ сказаў:

— Мы ня маем грошаў, ані дакумэнтаў-пропускаў на адыход на захад. Ці вы не маглі-б нам дапамагчы?

Даў я яму 1000 марак, палавіну грошаў, што я меў. Бланкаў-пропускаў я й сам ня меў, дык і яму ў гэтым нічога ня мог парадзіць. Я толькі сказаў:

— Усюды кажаце, што адыходзіце на захад з загаду нямецкіх вайсковых уладаў. Яны вас прапусьцяць!..

Вяртаючыся дамоў па Вялікай вуліцы, раптам сустракаю галоўнага лекара Беларусі, др. Крайнова, у мундзіры маёра СС.

— Здравствуйте, Мялецкій! — гудзе ён. — А что вы здесь балтаетесь?

— Шукаю спосабу, як выбрацца зь мяшка!

— Ну, а ты знаеш нямецкі язык?

— Знаю.

— То будеш нам переводчіком! — гукнуў Крайноў.

Я быў зьбянтэжаны гэткай нечаканай прапановай. Ды шмат не распытваўся:

— А калі едзем?

— Заўтра!..

— Маеце транспарт?

— Чыгункай! Але ў нашай кампаніі ніхто не гаворыць панямецку. У нас 7 чалавек, а вас двое, дык дзевяцера, — невялікі клопат!

— Ну добра, — адказаў я, — далучуся да вас, каб толькі ўсё было як наложыцца!

— Ды будзе!

Назаўтра, недзе каля 9-й гадзіны зраньня, у памяшканьні Крайновых мы сутыкнуліся з новай мітусьнёй. Др. Крайноў крычыць:

— Дзе нашая 14-ая пачка з абуткам?

— А дзе-ж яна? — перакрыкваецца жонка.

— Ды я яе, здаецца, паставіў перад поездам… — адказвае Крайноў.

- І я яе, здаецца, бачыла, — пацьвярджае жонка. — Ды дзе загінула?

— Ты ведаеш, што яна была з нашым абуткам?

— Але, ведаю. Цяпер на захад прыйдзецца ісьці басанож…

Празь нейкіх пятнаццаць хвілін мы даведаліся, што ідзе цягнік на захад. А тут загружанасьць вялізарная… І вось Крайноў скамандаваў:

— Ламай плот!

За адну мінуту мы выламалі дзіру ў плоце. Людзі й багаж цяпер плылі шпаркім струмянём і як бач былі на плятформе. Мы трыюмфавалі. Нас было 9 чалавек: Крайновы й Незабіткоўскі з жонкай, я з жонкай, Міхайлаў — кіраўнік расейскай моладзі ў Беларусі, ды ягоныя два памочнікі.

Мы ехалі на захад, да Горадні. Ды Немец адгарадзіў у вагоне палову «для чужынцаў» і забараніў заходзіць у «нямецкую частку» таго-ж цялятніка. Я падумаў: вось на табе — і тут паказ нямецкай «дэмакрацыі». У наш аддзел прыслалі хутка й 8 фольксдойчаў, якіх Немцы таксама не хацелі мець між сабой. Мы чуліся цяпер аднак-жа мацней, бо ўжо колькі чалавек гаварыла панямецку.

Цягнік скора затрубіў ды пачвахаў у кірунку Горадні. Я ў думках разьвітваўся з нашай сталіцай Вільняй, з нашым слаўным унівэрсытэтам, з нашай сьвятыняй ВОСТРАЙ БРАМАЙ, з Завальнай вуліцай, дзе быў цэнтр нашай палітычнай дзейнасьці, ды з шмат іншымі каштоўнасьцямі нашае гісторыі й культуры. Ці змагу вас ізноў пабачыць, каб з вашых крыніц зачэрпнуць яшчэ жывой адраджэнчай вады?

Мінаем Алькенікі, месца гістарычнае, дзе калісьці, у баёх з Маскоўшчынай, нашыя князі раіліся, як адкінуць Маскву на ўсход. А мы цяпер рухаемся на захад!..

ЦЯГНІКАМІ НА ЗАХАД

У Горадні станцыя была перапоўненая ўцекачамі, дык мы атабарыліся на плятформе. Раніцай др. Крайноў выпісаў харч для нашага транспарту зь нямецкае чыгуначнае кантыны на 11 асобаў. Міхайлаў, праваднік Саюзу Расейскай Моладзі, прынёс вядро кавы ды 6 булак сьвежага хлеба, каўбас з кілё, з паўкіляграма сыра ды другое вядро гарачай гарбаты. Мы гэтага ўсяго ня зьелі ды з палавіну раздалі людзям на станцыі. Пасьля сьнеданьня др. Крайноў адвёў мяне ў бок ды кажа:

- Імееш ты чёрное черніло і ручку?

— На што? — пытаюся.