Выбрать главу

Ішлі гады. Паступова недарэчнасць і жорсткасць прыгонніцтва пачалі разумець нават ліберальныя дваране, нават найбольш дальнавідныя члены сената. Рэакцыя не ў сіле была спыніць развіццё краіны па новаму, капіталістычнаму шляху. У 1861 годзе цар падпісаў маніфест аб адмене прыгоннага права. Аднак доўгачаканая рэформа не дала селяніну ні зямлі, ні волі. Бо якая ж воля, калі зямля па-ранейшаму заставалася ў пана! «Як у Расеі, так і ў нас,— гаворыцца ў нелегальнай беларускай брашуры «Гутарка аб тым, куды мужыцкія грошы ідуць»,— цар толькі са страху асвабадзіў мужыкоў, але ўся гэтая свабода — то толькі ашуканства. Зямлі далі так мала, што з голаду ўмрэш, як да паноў на заробак не пойдзеш, а за работу плацяць кепска, бо ведама, што на свеце галоднаму плацяць не тое, што трэба, толькі што панская ласка». «Не надта свабодна ў гэтай свабодзе»,— нібы ўторыў прыведзеным вышэй словам герой багушэвічаўскага верша «Быў у чысцы», дзе «старыя» паны супастаўляюцца з яшчэ больш шматлікімі «новымі». Перад «свабодным» ад зямлі беларускім селянінам віднеліся тры шляхі: або наймацца парабкам да пана, або за 20-30 капеек у дзень прадаваць свае мазолістыя рукі гарадскому прамыслоўцу, або, урэшце, шукаць прывіднае шчасце ў далёкай Амерыцы.

І ўсё ж XIX стагоддзе было не толькі шматпакутным, але і гераічным. Народ не мірыўся з уціскам. Стыхійна і разрознена ўспыхвалі сялянскія бунты. Больш арганізавана рыхтавалася да паўстання і паўставала дэмакратычная частка дробнай і сярэдняй шляхты, якая па свайму матэрыяльнаму стану часта зусім не адрознівалася ад сялян. І кожнае такое выступленне супраць сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту канчалася аднолькава: розгі і вісельні, ссылка ў Сібір і катарга. Нібы эстафета, перадаваўся факел барацьбы ад пакалення да пакалення. Памяць аб грамадзянскім подзвігу членаў тайных студэнцкіх згуртаванняў філаматаў і філарэтаў, сасланых у глыбінныя губерні Расіі, натхняла паўстанцаў 1831 года, жыла ў сэрцах удзельнікаў антыцарскай змовы Ш. Канарскага. У трывожным 1848 годзе жандарам удалося раскрыць шырока разгалінаваную ў Беларусі змову, на чале якой стаялі ўраджэнцы Лідчыны браты Далеўскія. Ва ўзброенае вызваленчае паўстанне перарасла тая рэвалюцыйная сітуацыя, якая склалася ў краіне напярэдадні і пасля адмены прыгоннага права. На чале паўстання 1863 года стаў легендарны Кастусь Каліноўскі, гордасць і слава нашага народа. Палымянаму патрыёту не ўдалося ўзняць на барацьбу ўсё або хаця б большасць беларускага сялянства. Паўстанне было патоплена ў моры крыві. На беларускую зямлю ляглі цені ад мураўёўскіх вісельняў. Але памяць аб зробленым папярэднікамі — жыла! Яе збераглі беларускія нарадавольцы, якія патаемна друкавалі ў Мінску выданні «Зерно» і «Черный передел», а адзін з іх — Ігнат Грынявіцкі — кінуў бомбу ў самога «аўгусцейшага» Аляксандра ІІ, за што паплаціўся жыццём. Збераглі яе члены першых рабочых і марксісцкіх гурткоў, памнажалі ўдзельнікі першых забастовак і маніфестацый.

І як лагічнае і дастойнае завяршэнне ўсёй папярэдняй барацьбы — І з'езд Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, які адбыўся ў Мінску 1-3 сакавіка 1898 года. У драўляным доміку Румянцава, што на беразе Свіслачы, было абвешчана аб стварэнні партыі новага тыпу, былі прыняты дакументы, якія азнаменавалі пачатак новай эпохі і новага стагоддзя. Не, за XIX стагоддзе беларусам няма чаго саромецца! Царскаму самаўладству так і не ўдалося скарыць гэтую вонкава ціхую і сонную краіну, якой, адмовіўшы ў праве насіць уласнае імя, далі канцылярскую назву «Северо-Западный край». Высокапастаўленым прыхільнікам «народнасці» хацелася, каб адзінымі адметнымі рысамі беларуса былі каўтун на галаве ды лапці на нагах. Аднак раней або пазней яны пераконваліся, што ў сэрцах беларусаў заўсёды жыло жаданне волі.

І што для нас асабліва важна падкрэсліць, у гэтай вызваленчай барацьбе прама або ўскосна, з большай або меншай паслядоўнасцю ўдзельнічалі амаль усе прадстаўнікі новага беларускага пісьменства, якое ў XIX стагоддзі пачало нялёгкі шлях станаўлення і развіцця. Пералік ахвяр тагачаснай беларускай літаратуры не менш пакутлівы і страшны, чым пералік ахвяр літаратуры рускай. Мяркуйце самі. Паўлюк Багрым — у 14 год здадзены ў рэкруты, сшыткі з яго вершамі канфіскаваны. Паплечнік Канарскага, аўтар беларускага верша пра паўстанне 1831 года Франц Савіч — адпраўлены салдатам на Каўказ, памёр на Украіне пад чужым прозвішчам у час эпідэміі халеры. Ян Чачот — за ўдзел у тайных віленскіх арганізацыях сасланы ва Уфу і Цвер, вярнуўшыся, шукаў прытулку ў чужых людзей, памёр ад туберкулёзу. Ян Баршчэўскі — жыў амаль у жабрацтве. Аўтар даследавання «Беларусь» і балады «Нячысцік» Аляксандр Рыпінскі—за ўдзел у паўстанні 1831 года на тэрыторыі Віцебшчыны завочна прыгавораны да ссылкі ў Сібір, вымушаны быў эмігрыраваць; у царскай імперыі яго творы былі забаронены. Уладзіслаў Сыракомля — жыў пад наглядам паліцыі, памёр ва ўмовах хатняга арышту. Вінцук Дунін-Марцінкевіч — арыштаваны за дапамогу ўдзельнікам паўстання 1863 года, жыў пад пільным наглядам паліцыі, пасля 1863 года не меў права і магчымасці друкавацца. «Наддзвінскі дудар» Арцём Вярыга-Дарэўскі — як актыўны ўдзельнік паўстання 1863 года на Віцебшчыне сасланы ў Сібір на 8 год катаржных работ, памёр у выгнанні ў Якуціі. Францішак Багушэвіч — у сувязі з паўстаннем 1863 года вымушаны быў хавацца на Украіне. Адам Гурыновіч — за кіраўніцтва рэвалюцыйным «Гуртком моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай», за распаўсюджванне перадавых ідэй і кніг, у тым ліку марксісцкіх, кінуты ў змрочны каземат Петрапаўлаўскай крэпасці, памёр у 25 год ад чорнай воспы. І нават над Аляксандрам Ельскім, пісьменнікам памяркоўна-ліберальным, а ў канцы жыцця — кансерватыўным, таксама быў устаноўлены нагляд паліцыі, якой хацелася ведаць, ці не ён гэта адпраўляе за граніцу артыкулы аб каланізатарскай палітыцы царызму ў Беларусі і ці не звязаны гэтыя артыкулы нейкім чынам з тым, што ў Пінску жанчыны... пачалі насіць цёмныя акуляры. У кожным беларускім пісьменніку жандары ад літаратуры бачылі патэнцыяльнага злачынца, у кожнай спробе беларускага народа загаварыць на сваёй роднай мове — крамолу.