Такім чынам, мае пошукі запаветнай шкатулкі пакуль што не далі жаданых вынікаў. Магчымы тры варыянты. Можа, непісьменная Мальвіна Трусевіч не прыдала паперам ніякага значэння і знішчыла іх. Можа, рукапісы Багушэвіча недзе засталіся ў зямлі ці ў нейкай схованцы ў Кушлянах. Можа, яны трапілі да тых перасяленцаў, у доме якіх памерла Мальвіна Трусевіч. І гэтыя людзі цяпер нават не падазраюць, якія скарбы знаходзяцца ў іх руках. Я спадзяюся, што чытачы кнігі, асабліва школьная моладзь, дапамогуць у далейшых пошуках рукапісаў Багушэвіча і яго партрэтаў. Трэба высветліць, куды пераехалі тыя жыхары Кушлян, у доме якіх памерла Мальвіна Трусевіч, і ці ўзялі яны з сабой драўляную шкатулку.
Аб няўдачных пошуках у Польшчы можна было б расказваць доўга. Не ўдалося, напрыклад, знайсці архіў Р. Зямкевіча (кажуць, пасля смерці збіральніка ён трапіў да Ю. Галомбэка, дом якога быў разбураны фашысцкай бомбай), пісьмы В. Дуніна-Марцінкевіча да С. Манюшкі і А. Плуга, пісьмы Я. Лучыны да выдатнай польскай паэтэсы М. Канапніцкай і многае іншае. Пра адну з такіх няўдач хочацца расказаць падрабязней, каб, магчыма, навесці на след некага іншага.
Яшчэ ў 1963 годзе, пасля таго як на старонках газеты «Літаратура і мастацтва» быў змешчаны мой артыкул аб выніках першай паездкі ў Польшчу, паштальён прынёс пісьмо з Саратава. Вядомы дзеяч беларускага літаратурнага руху 20-30-х гадоў Язэп Дыла (Тодар Кулеша) пытаў, ці не ўдалося мне дзе-небудзь натрапіць на паперы беларускага пісьменніка XIX стагоддзя Альгерда Абуховіча. У пісьме гаварылася, што недзе ў 1921 годзе Язэп Дыла сустрэў на слуцкім рынку дачку паўстанца 1863 года Казіміра Падгорскага-Аколава. Яна паведаміла, што Альгерд Абуховіч, таксама ўдзельнік паўстання 1863 года, памёр у іх доме і што пасля яго смерці засталіся рукапісы і кнігі. У прыватнасці, у зборнікі розных паэтаў свету (напрыклад, Петраркі) былі ўкладзены лісткі з перакладамі на беларускую мову. На пытанне Я. Дылы, куды ўсё гэта падзелася, жанчына адказала, што і рукапісы, і бібліятэка вывезены яе братам у Варшаву.
Атрымаўшы пісьмо, я пачаў пільна вывучаць усё, што звязана з асобай Альгерда Абуховіча. Але біяграфічных звестак захавалася небагата. Пісьменнік парадзіўся ў заможнай шляхецкай сям'і ў 1840 годзе. Вучыўся ў Слуцкай кальвінскай школе, але, здаецца, не скончыў яе. Падарожнічаў па Еўропе. Потым вярнуўся ў Слуцк, дзесьці тут працаваў. Падпісваўся псеўданімам граф Бандынэлі. З твораў Абуховіча захаваліся каларытныя мемуары, дзе расказваецца аб жыцці і норавах у Беларусі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, ды саркастычныя байкі «Ваўкалак» і «Старшына», на якіх ляжыць яўны адбітак баек Крылова. Астатняе ж, як бачна з пісьма Я. Дылы, засталося ў доме баявога сябра беларускага пісьменніка-дэмакрата Казіміра Падгорскага-Аколава.
У Саратаў я адказаў, што, апрача перакладу на польскую мову байкі Крылова «Вяльможа», падпісанага псеўданімам граф Бандынэлі, ніякіх папераў Абуховіча не бачыў і што бліжэйшым сваяком таго Падгорскага-Аколава можа быць польскі пісьменнік, аўтар зборніка «Беларусь», Леанард Падгорскі-Аколаў, які памёр у 1957 годзе, займаючы пасаду дырэктара музея А. Міцкевіча ў Варшаве...
І вось гартаю варшаўскую тэлефонную кнігу. Знаходжу: Стэфанія Падгорская-Аколаў, таксама пісьменніца. Званю... Сваякі расчароўваюць: гаспадыня памерла год назад. Але, кажуць яны, у Варшаве жыве іншая Стэфанія Падгорская-Аколаў, стрыечная сястра былога дырэктара міцкевічаўскага музея. Яе адрас: Маршалкоўская, дом нумар...
— Так, мой стрыечны брат паходзіў са Слуцка,— кажа мне з мяккім «крэсовым» акцэнтам старая жанчына.— Ці засталіся пасля яго смерці якія-небудзь паперы Абуховіча? На гэта пытанне лепш адкажа родная сястра Леанарда Падгорскага-Аколава Ірэна Хадакоўская. Жыве яна ў прыгарадзе, але я з хвіліны на хвіліну чакаю яе ў госці.
У той вечар я так і не дачакаўся Ірэны Хадакоўскай. А назаўтра ўжо трэба было ад'язджаць. Але, атрымаўшы маё пісьмо, Хадакоўская прыпяла ўсю справу блізка да сэрца і актыўна далучылася да пошукаў. Яна апытала шматлікіх сваякоў. І вось праз два гады прыйшло несуцяшальнае пісьмо: «Мне вельмі прыкра, што не змагла вам дапамагчы ў пошуках кнігазбору п. Абуховіча. Дочкі майго сваяка са Слуцка Казіміра Падгорскага-Аколава ўжо не жывуць, а ніхто з маіх знаёмых нічога пра гэта не ведае».