У мемуарах Шаблоўская нямала старонак прысвечана гісторыі Мінскай гімназіі. Яе папярэдніцай была гарадская школа, заснаваная езуітамі ў 1641 годзе. У 1773 годзе яна была ператворана ў свецкую школу і перададзена ў распараджэнне Нацыянальнай адукацыйнай камісіі. Пасля далучэння Беларусі да Расіі тут увялі выкладанне рускай мовы. Першым яе выкладчыкам з 1799 года быў нехта Захарэвіч. Праўда, у цэлым выкладанне вялося на нізкім узроўні. У 1801 годзе губернатар Карнееў пісаў пра школу: «Вядома, у ёй вывучаюць многія прадметы, але вучні нічога не ўмеюць».
Становішча палепшылася ў 1802 годзе, калі школу ператварылі ў гімназію і перадалі ў Віленскую вучэбную акругу. З 1803 да 1831 года гімназіі аказваў дапамогу Віленскі універсітэт, які пасылаў сюды сваіх візітатараў. Першым дырэктарам гімназіі быў нехта Цэйс. Зразумела, вучыліся тут пераважна дзеці буйной і сярэдняй шляхты: у 1821 годзе шляхецкага паходжання былі 302 вучні, мяшчанскага — 7. Сяляне аб вучобе сваіх дзяцей нават і не марылі.
І ўсё ж, нягледзячы на паходжанне, у палітычных адносінах гімназісты былі дыферэнцыраваны. У той час як сынкі арыстакратыі адносіліся да царскіх улад лаяльна, а часам нават дапамагалі ім высочваць «бунтаўшчыкоў», многія дзеці так званай шарачковай шляхты ўдзельнічалі ў нелегальным руху, накіраваным супраць сацыяльнага і нацыянальнага ўціску. Шаблоўскі ўспамінае, што ў 1848 годзе ў сувязі з рэвалюцыйнымі падзеямі на Захадзе пачалося браджэнне і ў Мінскай гімназіі. Спярша былі выключаны за «крамольныя» выказванні вучні Масальскі і Дмахоўскі. Потым у гімназіі прапаў партрэт цара Мікалая І. Рэшткі партрэта былі знойдзены ў двары сярод смецця. А калі ў гімназію наведаўся архірэй, моладзь павыбівала вокны.
З асаблівай сілай «вальнадумства» вучняў Мінскай гімназіі праявілася ў час падзей 1863 года. Многія гімназісты змагаліся ў паўстанцкіх атрадах са зброяй у руках. Шаблоўскі называе прозвішча першакласніка Бароўскага, якога прывезлі ў Мінск з групай акрываўленых вязняў. Дванаццацігадовы паўстанец стойка пераносіў усе пакуты. Вучань восьмага класа Сулістроўскі разам з Ю. Бакшанскім загінуў пры акружэнні ля вёскі Свечкі пад Маладзечна. Тыя ж гімназісты, якія заставаліся ў Мінску, наладжвалі нелегальныя сходы, спявалі патрыятычныя песні, высмейвалі баязліўцаў, якія адседжваліся ў горадзе. Справа дайшла да таго, што паліцэйскія ўлады ля дзвярэй гімназіі паставілі спецыяльную варту на чале з маёрам Варанцом. Зразумела, што пасля паражэння паўстання рэпрэсіі не абмінулі і Мінскую гімназію. Калі да 1863 года тут займалася каля 600 вучняў, то пасля «школьнай рэформы» іх засталося ўсяго 240.
Мемуары Ф. Шаблоўская даюць багаты матэрыял для характарыстыкі нораваў, якія панавалі ў Мінскай гімназіі сто гадоў таму назад. Ва ўспамінах гаворыцца пра яе лепшых настаўнікаў (так, рускую літаратуру тады выкладаў Далматаў, рускую мову — Васільеў, польскую вядомы філолаг Чапялінскі). Мемуарыст дае цікавыя карціны грамадскага і культурнага жыцця ў Мінску ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Горад, нягледзячы на саракатысячнае насельніцтва, нагадваў хутчэй вёску. Пра каналізацыю нават і не марылі. На вуліцах стаялі бяздонныя лужыны. А калі ўспыхвала халера, бяднейшая жыхары паміралі сотнямі — такі дрэнны быў санітарны стан горада. Зімовымі вечарамі на вуліцах паяўляліся ваўкі. Соннае жыццё правінцыяльнага Мінска парушалася толькі мо такімі «падзеямі», як вяселле аднаго са Свентажэцкіх, які для вясельнага картэжу фарбаваў коней з чорнага колеру ў белы. І ўсё ж у нетрах па-вясковаму ціхага горада выспявалі сілы, якія ўзнялі на Міншчыне полымя паўстання 1863 года. Шаблоўскі падрабязна расказвае аб кіраўніках паўстання, аб рэпрэсіях царскіх улад, аб Каміле Марцінкевіч — дачцэ паэта Дуніна-Марцінкевіча, пасаджанай у мінскі астрог. Усхваляваныя старонкі прысвячае мемуарыст афіцэру рускай арміі Міхалу Цюндзявіцкаму, расстралянаму ў Мінску за распаўсюджванне «Мужыцкай праўды».
Успаміны Ф. Шаблоўскага з'яўляюцца цікавым дакументам эпохі, бо праліваюць святло на стан адукацыі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя ў Беларусі наогул і ў Мінскай гімназіі ў прыватнасці.
Выпускніком Мінскай гімназіі быў таксама вядомы польскі гісторык Тадэвуш Корзан. Яго мемуары выдадзены ў Кракаве крыху пад іранічным загалоўкам «Мой дагістарычны дзённік».