Вярнуўшыся на радзіму, Ева Фялінская занялася выхаваннем дзяцей і адначасова ўзялася за пяро, каб запісаць успаміны аб сваім дзяцінстве і маладосці. Назіранні над побытам навакольнай шляхты далі пісьменніцы матэрыял для двухтомнай аповесці «Герсылія» (Вільня, 1849).
Трохтомныя «Дзённікі Евы Фялінскай», якія ў 1856 годзе выйшлі з друку ў Вільні на польскай мове і пасля смерці аўтара (1859) былі забаронены цэнзурай, з'яўляюцца каштоўным дакументам эпохі. У мемуарах займальна расказваецца аб жыцці розных слаёў тагачаснага беларускага грамадства, пераважна дробнай і сярэдняй шляхты. Мы даведваемся, што елі і пілі, як апраналіся, што чыталі і, урэшце, што думалі нашы продкі ў пачатку мінулага стагоддзя.
Ева Фялінская са шчырым спачуваннем адносілася да прыгонных беларускіх сялян, у якіх паны «бачылі толькі свой капітал і нічога больш». Яе абураў эгаізм пануючых класаў, бо яны «балюча прыгнятаюць сялянскі клас нашай зямлі, асушаючы крыніцу, якая можа даць сілу айчыннай гаспадарцы». Фялінскую да слёз кранула трагічная гісторыя аднаго сялянскага хлопца з Ігуменшчыны. Ён збіраўся згуляць вяселле з вясковай прыгажуняй Кастусяй. А тут войт загадаў яму збірацца на 25 год у рэкруты. Юнак пачаў хавацца ў лазні, дзе церлі лён. Аднойчы Настуся патаемна прынесла каханаму крыху стравы. Не дачакаўшыся яго, яна заснула і памерла ад чаду. Даведзены да адчаю юнак на гэты раз сам папрасіўся, каб яго ўзялі ў рэкруты — цяпер жыццё для яго было пазбаўлена сэнсу.
Фялінская ўспамінае, што перадавая частка шляхты імкнулася неяк аблегчыць становішча сялян. Напрыклад, у час выбараў у Мінску пісьменнік Ян Ходзька паставіў тут п'есы «Сід» і «Фенелон» і ўвесь даход ад спектакляў прызначыў на дапамогу бедным. «Народныя песні на мясцовай мове» ахвотна спяваліся ў доме сваяка Фялінскай з Ігуменшчыны пана Гілярыя. Радыкальная моладзь зачытвалася творамі Вальтэра, Русо, Нямцэвіча і Карпінскага. Але хіба магла яна супрацьстаяць усім тым, хто вышэй за ўсё ставіў асабістую выгаду?! Фялінская вельмі дакладна прыкмеціла, як пагоня за грашамі, новыя, капіталістычныя адносіны разбураюча ўздзейнічалі на норавы людзей, іх маральную знітаванасць. «Кожны цяпер стаў ізаляванай адзінкай, самамэтай для сябе»,— скардзілася пісьменніца ў трэцім томе мемуараў.
Ева Фялінская асуджала гультаяватую шляхту, якая бавіла час за картамі, гарэлкай і плёткамі. Асабліва моднымі былі тады розныя містыфікацыі. Напрыклад, «нябожчык» кладзецца ў труну, за яго прыходзіць маліцца старая сваячка. Можна ўявіць сабе перапалох жанчыны, калі «нябожчык» раптам падказаў ёй сваё імя... Або такая сцэна. На балі разам са сваёй нявестай весяліцца дробны чыноўнік. Раптам з'яўляецца фельд'егер «з Пецярбурга», арыштоўвае чыноўніка, некалькі гадзін кружыць з ім па наваколлі, а потым знясіленага адвозіць назад. Выяўляецца, што «арышт» быў звычайным «жартам» з пераапрананнямі.
Побыту беларускай шляхты 1815-1843 гадоў прысвечаны таксама мемуары Габрыэлі Пузыны (1815-1869). Яе жыццё прайшло ў Дабраўлянах ля Свіра і ў Гарадзілаве пад Маладзечна. Пузыне належыць нямала кніг на польскай мове («Далей у свет», Вільня, 1845; «Літоўскія дзеці», Лейпцыг, 1847; «Творы прозай і вершам», 2 т., Вільня, 1856; «Самадзейны тэатр», Пецярбург, 1861; «Ядвіга», Львоў, 1869, харвацкі пераклад 1881, і інш.). Пад назвай «У Вільні і ў літоўскіх дварах» успаміны нашай зямлячкі ўбачылі свет у 1928 годзе.
2 жніўня 1833 года тысячы жыхароў Гродна сабраліся ля парахавога склада за Скідэльскай заставай. Роўнымі шэрагамі выстраіліся атрады царскіх салдат. «Усе былі ўсхваляваны да такой ступені, што, нягледзячы на велізарнае зборышча людзей, панавала ўсеагульнае маўчанне»,— паведамляў пазней у сваім рапарце на імя міністра Чарнышова князь Далгарукаў. І вось на ўзвышэнне ўзышоў афіцэр і зычным голасам пачаў чытаць рашэнне суда. Яно заканчвалася словамі: «...дваранін Міхал Валовіч, ураджэнец маёнтка Парэчча Слонімскага павета, прыгавораны да пакарання праз павешанне». Тут жа прыгавор быў прыведзены ў выкананне. Цела павешанага Далгарукаў загадаў пахаваць патаемна і ў невядомым месцы, каб не дапусціць да маніфестацый.
Хто ж такі быў адважны патрыёт, справай якога цікавіўся ажно сам цар? Міхал Казіміравіч Валовіч нарадзіўся 18 чэрвеня 1806 года на Слонімшчыне. Вышэйшую адукацыю ён атрымаў у сценах славутага тады Віленскага універсітэта — прынамсі аб гэтым піша біёграф Валовіча М. Ходзька. У дні паўстання 1830-1831 гг. малады патрыёт прыняў удзел у баявых аперацыях на тэрыторыі Літвы і пасля паражэння вымушаны быў эмігрыраваць у Парыж, дзе зблізіўся з дэмакратычнымі арганізацыямі, з рухам карбанарыяў.