Выбрать главу

У 1832 годзе сярод польскай эміграцыі ў Францыі пачалася падрыхтоўка да партызанскай экспедыцыі, якая павінна была ўзняць паўстанне на тэрыторыі царскай Расіі. Асноўная стаўка рабілася не на вузкую змову шляхты, як гэта было ў 1831 годзе, а на шырокі сялянскі рух. Такім шляхам удзельнікі экспедыцыі намерваліся адцягнуць увагу ад рэвалюцыйных падзей, якія, на іх думку, выспявалі на Захадзе. Меркавалася, што карбанарыі Заходняй Еўропы, заваяваўшы перамогу ў сябе, акажуць дапамогу паўстанцам на тэрыторыі Расіі ў барацьбе супраць царскага самаўладства і прыгонніцтва. Па сведчанню рускага гісторыка Берга, кожны ўдзельнік экспедыцыі даваў прысягу, блізкую па тэксту да прысягі карбанарыяў.

Экспедыцыю 1833 года ўзначаліў палкоўнік Ю. Заліўскі. Па яго рашэнню ўся тэрыторыя мяркуемых дзеянняў была падзелена на акругі. На кожную з акруг вызначаўся начальнік і некалькі яго памочнікаў. Так, Міхал Валовіч узначаліў слонімска-навагрудскую акругу, Марцэль Шыманскі — гродзенска-лідскую. Меркавалася, што сам Заліўскі будзе дзейнічаць на Магілёўшчыне. Фактычным цэнтрам усяго руху станавілася Гродна.

І вось напаўгалодныя і дрэнна апранутыя паўстанцы пачалі з фальшывымі пашпартамі прабірацца ў бок царскай граніцы. Многія былі арыштаваны французскімі і нямецкімі ўладамі або самі вярнуліся з дарогі. Але 19 сакавіка 1833 года частка найбольш перакананых патрыётаў перайшла граніцу і пачала партызанскія дзеянні. Ахопленыя маладым запалам, паўстанцы верылі, што па іх закліку ўзнімуцца сяляне, увесь народ. Аднак, на жаль, рэальная расстаноўка сіл аказалася зусім іншай...

Перакананы дэмакрат Міхал Валовіч вярнуўся на беларускую зямлю з цвёрдым намерам змагацца за свабоду і роўнасць усіх людзей. «Я хацеў,— сведчыў ён у час допыту,— выкарыстаць мяркуемае паўстанне, каб здзейсніць мой намер і вызваліць сялян» (апошнія два словы царскі следчы падкрэсліў). Такімі ж планамі М. Валовіч дзяліўся ў сваіх пісьмах да Ю. Твардоўскага, у гутарках з вядомым гісторыкам І. Лелевелем, які лічыў яго сваім вучнем. Відаць, меў падставы Міхал Ходзька надзяліць Валовіча, героя сваёй паэмы «Дзесяць малюнкаў», наступнымі словамі: «Прыйдзе той вялікі і шчасны дзень, калі брат спазнае брата, багатая зямля стане ўсеагульнай уласнасцю і свабодна ўздыхнуць грудзі маці-Айчыны».

Разам са сваім памочнікам Яцкевічам ранняй вясной 1833 года Валовіч быў ужо на Слонімшчыне. Нягледзячы на цяжкую хваробу, ён пачаў фарміраваць паўстанцкі атрад. Першымі ў лясы прыйшлі сяляне з Парэчча — ляснік Лявон Панасюк, два браты-беларусы Іван і Базыль Панасюкі (апошні скрываўся ад рэкрутчыны два гады). Услед за імі ў атрад уліліся Базыль Алізар, Фёдар Сяйчук, Іван Мартынкевіч, сяляне з Вострава і Бардашоў. Паўстанцы збіраліся напасці на Слонім, вызваліць там з астрога вязняў і з іх дапамогай пачаць больш шырокія дзеянні. Патрэбны былі грошы на ўзбраенне, і, каб здабыць іх, партызаны арганізавалі напад на пошту.

Дзеянні Валовіча ўстрывожылі мясцовыя ўлады. Паляцелі данясенні ў Пецярбург. Гродзенскі губернатар Мураўёў загадаў акружыць паўстанцаў, якія хаваліся сярод лясоў над Шчарай. Убачыўшы небяспеку, Валовіч спрабаваў застрэліцца, але пісталет заела. Начальніка атрада і трох паўстанцаў-сялян звязалі вяроўкамі і даставілі ў слонімскую турму, а адтуль — у Гродна. Пачаліся масавыя арышты. Толькі на Гродзеншчыне ў сувязі з экспедыцыяй Заліўскага да судзебнай адказнасці было прыцягнута звыш 150 чалавек.

У Гродне допытамі Валовіча кіраваў той самы Мураўёў, які 30 год пазней атрымаў мянушку вешальніка. Але яго намаганні не далі ніякіх вынікаў. Валовіч так і не назваў прозвішчы сваіх паплечнікаў. 11 чэрвеня 1833 года пачаўся судзебны працэс. На лаве падсудных побач з Валовічам сядзелі дзесяць сялян. Па рашэнню палявога суда «здраднік, валацуга, бунтаўшчык і начальнік разбойніцкай банды» М. Валовіч, а таксама М. Песакоўскі, які дапамагаў яму, прыгаворваліся да пакарання смерцю праз чацвертаванне, Л. і І. Панасюкі, Васіліцкі, Мартынкевіч і Сяйчук — праз павешанне, Б. Панасюк і Фератка — праз ламанне колам. Аднак князь Далгарукаў значна змякчыў першапачатковы прыгавор. Смяротная кара сустрэла аднаго Валовіча. Астатнія паўстанцы былі высечаны бізуном і сасланы ў Сібір — хто на катаржныя работы, хто ў арыштанцкія роты, хто на пасяленне.

Такі цяжкі лёс выпаў на долю не толькі М. Валовіча і паўстанцаў з яго атрада. У Воранаве быў арыштаваны М. Шыманскі. У ссылку пайшлі Навумовіч, Яцкевіч, Шабанскі і іншыя патрыёты, звязаныя з экспедыцыяй Заліўскага. Самому Заліўскаму ўдалося ўцячы за граніцу. Рух, накіраваны супраць царскага самаўладства і прыгонніцтва, пацярпеў паражэнне. Але, як піша польскі гісторык Сідаровіч-Чарнеўская, кроў, пралітая паўстанцамі, не прапала дарэмна. Прыклад Валовіча і яго сяброў натхняў на барацьбу наступныя пакаленні.