Выбрать главу
«ЗАКАРДОННАЕ» ВЫДАННЕ ЛУЧЫНЫ

У заключэнне хочацца расказаць аб вельмі цікавай бібліяграфічнай знаходцы, звязанай з імем Янкі Лучыны.

У аддзеле рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве захоўваюцца пісьмы Янкі Лучыны да польскага паэта і рэдактара часопіса «Жыце» Зянона Пшэсмыцкага (Мірыяма), датаваныя самым канцом 80-х гадоў XIX стагоддзя. У адным з пісем беларускі паэт паведамляе, што напісаў твор аб паўстанні 1863 года ў Беларусі і хацеў бы яго ананімна выдаць за межамі Расійскай імперыі — у Кракаве. «Я стварыў,— гаворыцца ў пісьме,— абразок аб выпадках 1863 года і задаў столькі перцу і імбіру, што напэўна адбыў бы падарожжа за кошт урада, калі б маё пісанне трапіла ў адпаведныя рукі... Аднак я нічога не меў бы супраць, каб гэтыя некалькі прыязных слоў нашым дабрадзеям (г. зн. царскім уладам.— А. М.) пусціць у свет за кардонам. Апавяданне заснавана на сапраўдных падзеях.

Як шавецкая смала, ліпну да вас, дарагі пане Зяноне... Калі вы лічыце, што рукапіс можна бяспечна пераслаць на Вавель (г. зн. у Кракаў.— А. М.), я прасіў бы вас зрабіць гэта. У такім выпадку ўручыце яго, калі ласка, Ал. Валіцкаму ў друкарні Анчыца. Можа слушна, можа і няслушна, мы баімся пасылаць адсюль поштай. Вы атрымалі б рэкамендацыйнае пісьмо, у якім утрымлівалася б названае апавяданне, перапісанае праз кагосьці іншага, не з Мінска. Чакаю панскага адказу». І подпіс: І. Неслухоўскі.

Паколькі асабісты архіў Лучыны не захаваўся, мы не ведаем, што адказаў Пшэсмыцкі. Пойдзем лепш следам названых у пісьме імён. У. Анчыц — гэта кракаўскі друкар, які ў пачатку 90-х гадоў выдаў «Дудку беларускую» і «Тралялёначку» Ф. Багушэвіча. Аляксандр Валіцкі, былы мінчанін, аўтар манаграфіі пра Манюшку, прытрымліваўся радыкальных поглядаў і таксама перапісваўся з Лучынам. Дарэчы, дачка Валіцкага, Зоф'я Савіцкая, трымала ў 80-х гадах адзіную ў Мінску польскую кнігарню, куды наведваўся за сваёй карэспандэнцыяй беларускі паэт. Значыць, Валіцкі, чалавек спрактыкаваны, сапраўды мог аказаць паслугу свайму сябру, добраму знаёмаму сваёй дачкі, і выдаць «за кардонам» крамольны «абразок». Толькі ці выдаў? Ці атрымаў ён рукапіс ад Пшэсмыцкага? А што, калі пагартаць летапіс тагачаснага польскага друку — «Пшэводнік бібліёграфічны»? Канцом 80-х гадоў у ім памечана толькі адно выданне аналагічнага тыпу — «Літва напярэдадні 1863 года», напісанае Літвінам. А можа, Літвін — адзін з псеўданімаў Неслухоўскага? Не, са слоўніка псеўданімаў А. Бара высвятляецца, што пад Літвінам хаваўся Якуб Гейштар. Значыць, трэба шукаць з іншага канца, ад шматтомнай бібліяграфіі К. Эстрайхера. Пад крыптанімам «S» у ёй знаходжу такое выданне: «З крывавых дзён. Эпізод паўстання 1863 года на Міншчыне» (Кракаў, 1889). Пад тым жа крыптанімам у Эстрайхера ўказаны яшчэ дзве кніжачкі — «Руская кніжка пра Літву і Беларусь» (Кракаў, 1883) і «Каралева балю» (Кракаў, 1894). Слоўнікі псеўданімаў і крыптанімаў не расшыфроўвалі, хто ж хаваўся за літарай «S». Можа, той жа Янка Лучына? Даць пэўны адказ на гэта пытанне можна было толькі пасля знаёмства з загадкавымі кніжкамі.

Аднак пошукі ў бібліятэках Вільнюса і Львова не далі ніякіх вынікаў. На нейкі момант з'явілася нават сумненне: ці не памыліўся тут звычайна дакладны Эстрэйхер? Заставалася толькі пашукаць там, дзе гэтыя кніжкі ўбачылі свет,— у Кракаве.

У бібліятэцы Ягелонскага універсітэта сапраўды знайшліся ўсе тры рэдкія выданні. Вывучэнне іх прывяло да вываду, што навела «Каралева балю» не можа належаць Лучыне. Па-першае, напісана яна ў саладжавай, не ўласцівай беларускаму паэту манеры; па-другое, аўтарам яе быў, відаць, сталы жыхар Кракава, які добра арыентаваўся ў мясцовых рэаліях; па-трэцяе, услед за лацінскай літарай «S» ён паставіў чатыры кропкі, крыптанімы ж у іншых выданнях не маюць гэтага шматкроп'я. Адкрытым застаецца пытанне і аб аўтарстве выдання «Руская кніга аб Літве і Беларусі» (уласна кажучы, гэта асобны адбітак артыкула з кракаўскай газеты «Час»), Праўда, рэцэнзуючы працу, выкананую А. Кіркорам для ПІ тома «Живописной России», невядомы нам аўтар высока адклікаецца пра «багатую скарбніцу» беларускага фальклору, пра скарынінскае выданне бібліі, удакладняе многія факты. Але Лучына наўрад ці папракаў бы Кіркора за насаджэнне «спецыфічнага літвінізму» (г. зн. беларусізму), наўрад ці сцвярджаў бы, што ўсе жыхары Беларусі — палякі.