Выбрать главу
Да і я ж вам памагу Песеньку спяваці; Да і я ж міжы вамі ўзрос Пры бацьку і маці. І мне бог на свеце даў Гора гараваці, Штобы лепш я вас любіў І ўмеў спагадаці. Ой, што ж вы напелі тут, Да якога дзіва! Шкода, што на голас ваш Старонка драмліва. Але як прачнецца з сна Гэта Дабрадзейка, Пэўна будзе слухаць вас Лепш, як салавейка.

Чачот глядзеў на сваю паэтычную творчасць вельмі утылітарна, практычна. Ён хацеў навучыць непісьменнага беларускага селяніна самым простым маральна-этычным ісцінам: трэба быць працавітым, руплівым, гаспадарным, нельга прапіваць свае грошы ў карчме, закопваць іх у зямлю, нельга высякаць дрэвы паабапал дарог, трэба вучыць сваіх дзяцей рамяству і г. д. Адсюль — павучальны, ментарскі тон вершаў:

Як то добра, калі мужык Трэзвы, гаспадарны! Для такога ў цэлым року Жадын час не марны! Снягі таюць, ён гародзіць Колмі, што зімою І навазіў, і начэсаў Добраю парою. Ёсць у нега і лучыва, І дроў многа клетак; Будзе чым варыці кашу Усё лета для дзетак. Вясна блісне — ён гной возіць, І арэ і сее; Косіць лугі, сенажаці, Мім жыта даспее...

Але скрозь гэтыя павучанні не-не ды й прабівалася горкая сялянская скарга на паднявольнае жыццё:

На што нам дым выядае вочкі? На што нам дым марае сарочкі? На што нас дым, дзеткі мілы, Гоніць з дому да магілы? Ой, на што, на што?

Асабліва абуралі Чачота дзеянні розных панскіх паслугачоў — аканомаў, арандатараў, якія адвольна павялічвалі прыгонніцкія павіннасці:

Пакуль сонца ўзыдзе, Раса выесць вочы; Кепска, як аконам Лаяць, біць ахвочы... Хто мужыкоў глуміць, На двое варожыць, Грош пану ў кішэню, А два сабе ўложыць.

Аднак тут жа, супярэчачы самому сабе, Чачот ускладваў віну за жорсткасць аканомаў, войтаў і цівуноў на... саміх сялян: калі б апошнія не спалі на рабоце, то і не ведалі б, што такое бізун. Больш таго, тады «пайшоў бы прыганяты» з сялянамі «разам араць». А ў вершы «Паночкі, нашы кветачкі...» чачотаўскі мужык сцвярджае нават, што ўсякай ўлада, у тым ліку прыгонніка, законная, таму што дадзена богам. Пажаданні героя не ідуць далей таго, каб пан у імя свайго ж дабрабыту навучыў яго грамаце:

Паночкі, нашы кветачкі, Вучце нас, свае дзетачкі, Як мы маем лепей жыці, На вас, на себе рабіці. Цёмны мы, цёмны мужычкі, Невучоныя прастачкі; Вы нам ад бога даныя, Штоб вучылі падданыя. Вучыце ж вы нас шчыранька, Будзе нам усім добранька.

Вось якімі супярэчлівымі былі погляды Чачота. З аднаго боку, удзельнік тайных студэнцкіх згуртаванняў, прыхільнік палітычнай барацьбы з царызмам, з другога — абстрактны гуманіст. З аднаго боку, шчыры нарадалюбец, з другога — прапагандыст класавага прымірэння і братання. У розных творах гэтыя супярэчнасці выражаліся па-рознаму. Але ўсё ж часцей над Чачотам-лібералам, Чачотам-прымірыцелем браў верх Чачот-дэмакрат. У барацьбе паміж панам і селянінам ён пераважна стаяў на сялянскім баку, хаця і не бачыў сэнсу ў гэтай барацьбе, заклікаў закончыць яе ўсеагульным класавым мірам.

Гаворачы аб поглядах Чачота, трэба мець па ўвазе яшчэ адну акалічнасць. Не ўсе творы паэта апублікаваны, не ўсе знойдзены, і таму яшчэ, мабыць, рана ставіць апошнюю кропку над «і». Напрыклад, невядома, куды дзелася польская празаічная «аповесць з 1829 года» «Жмудзь і Літва ў карыкатуры». 69 старонак, якія захаваліся ад аповесці, дазваляюць меркаваць, што гэта быў востры сатырычны твор, што ў ім едка высмейвалася мясцовая арыстакратыя. Невядома, што сабой уяўляла беларуская п'еса Чачота, «напісаная ў чэсць Міцкевіча» для тэатра, аб якой гаворыцца ў адным з пісем Р. Зямкевіча (пісьмо захоўваецца ў бібліятэцы АН Літоўскай ССР). Зямкевіч збіраўся прывесці гэту п'есу ў сваёй манаграфіі, але так і не здзейсніў задуму. Урэшце, яшчэ не апублікаваны рукапісныя зборнікі паэта, якія захоўваюцца ў Польшчы ў складзе так званага «Малога архіва філаматаў». Многія рукапісы, відаць, загінулі ад рук царскіх цэнзараў і проста ад часу.

Памёр Ян Чачот 11 жніўня 1847 года ў Друскеніках у крайняй беднасці. Сябры пахавалі яго ў суседняй Ротніцы і над магілай паставілі помнік з вершам Антона Адынца: