Выбрать главу

Калі цырульнік скончыў сваю справу, Гулівер папрасіў у яго кубак з мыльнай пенай. Цырульніка вельмі здзівіла такая просьба, але ён выканаў яе.

Гулівер выбраў з белай пены сорак самых тоўстых валаскоў і паклаў на акенца сушыцца. Потым ён знайшоў гладкую трэсачку і выстругаў з яе спінку для грэбеня.

Самай тонкай іголкай з ігольніцы Глюмдалькліч ён асцярожна прасвідраваў у драўлянай спінцы на роўнай адлегласці адна ад другой сорак вузкіх адтулін і ў гэтыя адтуліны ўставіў валаскі. Затым падрэзаў іх, каб яны былі зусім роўныя, і завастрыў ножыкам іх канцы. Атрымаўся цудоўны грэбень.

Гулівер быў вельмі рады: амаль усе зубы на яго грэбені паламаліся, і ён не ведаў, дзе яму дастаць новы. У Брабдынгнегу не было такога майстра, які змог бы зрабіць такую малюсенькую рэч. Усе любаваліся новым Гуліверавым грэбенем, і яму захацелася зрабіць яшчэ што-небудзь.

Ён папрасіў служанку каралевы зберагчы для яго валасы, якія выпадуць з касы яе вялікасці. Калі іх набралася шмат, ён даручыў таму самаму сталяру, які рабіў для яго камоду і крэслы, вытачыць два лёгкія драўляныя крэслы.

Папярэдзіўшы сталяра, што спінку і сядзенне ён зробіць сам з іншага матэрыялу, Гулівер загадаў майстру толькі прасвідраваць у крэслах вакол сядзення і спінкі маленькія частыя адтуліны.

Сталяр зрабіў усё, што было загадана, і Гулівер распачаў работу. Ён выбраў са свайго запасу самыя моцныя валасы і, абдумаўшы загаддзя ўзор, уплёў іх у тыя адтуліны, якія былі для гэтага зроблены.

Атрымаліся цудоўныя плеценыя крэслы ў ангельскім стылі, і Гулівер урачыста паднёс іх каралеве. Каралева была ў захапленні ад падарунка. Яна паставіла крэслы на сваім любімым століку ў гасцінай і паказвала іх усім, хто да яе прыходзіў.

Яна хацела, каб Гулівер у час прыёмаў сядзеў толькі на такім крэсле, але Гулівер рашуча адмовіўся сядзець на валасах сваёй уладаркі.

Пасля заканчэння гэтай работы ў Гулівера засталося яшчэ шмат валасоў каралевы, і, з дазволу яе вялікасці, ён сплёў з іх для Глюмдалькліч прыгожы кашалёк. Кашалёк быў толькі трошкі большы за тыя мяхі, у якіх у нас звычайна возяць у млын жыта, і зусім не падыходзіў для цяжкіх брабдынгнежскіх манет. Але затое ён быў вельмі прыгожы — увесь ва ўзорах, з залатым вензелем каралевы на адным баку і срэбным вензелем Глюмдалькліч — на другім.

Кароль і каралева вельмі любілі музыку, і ў палацы часта наладжваліся канцэрты.

Гулівера таксама часам запрашалі на музычныя вечары. У такіх выпадках Глюмдалькліч прыносіла яго разам са скрынкай і ставіла на які-небудзь столік далей ад музыкантаў.

Гулівер шчыльна зачыняў усе дзверы і вокны ў сваёй скрынцы, завешваў шторы і гардзіны, заціскаў пальцамі вушы і садзіўся ў крэсла слухаць музыку.

Без такой перасцярогі музыка веліканаў здавалася яму нясцерпным аглушальным грукатам.

Куды больш падабаліся яму гукі невялікага інструмента, вельмі падобнага на клавікорды. Гэты інструмент стаяў у пакоі Глюмдалькліч, і яна вучылася іграць на ім.

Гулівер і сам нядрэнна іграў на клавікордах, і яму захацелася пазнаёміць караля і каралеву з ангельскімі песнямі. Справа гэта была нялёгкая.

Даўжыня інструмента была шэсцьдзесят крокаў, кожны клавіш быў шырынёй амаль на цэлы крок. Стоячы на адным месцы, Гулівер мог бы іграць не больш чым на чатырох клавішах — да іншых яго рукі не даставалі. Таму ён павінен быў бегаць справа налева і злева направа — ад басоў да дыскантаў і назад. А паколькі інструмент быў не толькі доўгі, але і высокі, то бегаць яму даводзілася не па падлозе, а па лаўцы, якую спецыяльна для яго зрабілі сталяры і якая была такой жа даўжыні, як інструмент.

Бегаць уздоўж клавікордаў узад і ўперад было вельмі цяжка, але яшчэ цяжэй было націскаць тугія клавішы, разлічаныя на пальцы веліканаў.

Спачатку Гулівер спрабаваў біць па клавішах кулаком, але гэта было вельмі балюча, і ён папрасіў зрабіць для яго дзве дубінкі. З аднаго канца гэтыя дубінкі былі таўсцейшыя, чым з другога, а для таго каб пры ўдары яны не вельмі моцна стукалі па клавішах, Гулівер абцягнуў іх тоўстыя канцы мышынай скурай.

Калі ўсе гэтыя падрыхтаванні былі закончаны, кароль і каралева прыйшлі паслухаць Гулівера.

Абліваючыся потам, бедны музыка бегаў з аднаго канца клавікордаў у другі, б'ючы з усіх сіл па патрэбных клавішах. З горам папалам яму ўдалося даволі бегла сыграць вясёлую ангельскую песеньку, якую ён памятаў з дзяцінства.

Кароль і каралева пайшлі вельмі задаволеныя, а Гулівер доўга не мог аддыхацца — пасля такога музычнага практыкавання ў яго балелі рукі і ногі.