Выбрать главу

Яна адвяла вочы ад дзвярэй і, каб выратавацца ад нахабнага позірку, угледзелася ў столь — там жа няма шкла! Але і на белай, нібы палакаванай пластмасавай столі іх вочы зноў жа сустрэліся. Праўда, хоць не так выразна, хоць больш размыта, але яна і тут убачыла ягоны позірк. І той жа час зноў перавяла вочы на акно…

Чаго ён сочыць за ёю? Што яму трэба? Што ён хоча ад яе?

Напачатку самога твару жанчына не бачыла. Бачыла толькі вочы, якія ўзіраліся ў самую душу. А тут раптам, пільней разглядаючы акрэсленую выяву на шыбіне, зразумела, што яна гэты твар аднекуль ведае, чамусьці помніць. І яшчэ заўважыла, што чалавек, які сочыць за ёю, пакрысе, вельмі павольна, але ўсё ж набліжаецца да яе. Выкарыстоўвае кожную магчымасць, каб пасунуцца бліжэй.

Што ён хоча сказаць ці зрабіць?!

Пачала ўспамінаць, перабіраць у памяці, дзе яна магла бачыць гэты твар.

І тады ўспомніла, што з гэтым чалавекам нейкі час разам вучылася ва універсітэце яшчэ ў сваёй краіне. Хоць і займаліся яны ў розных групах, але зрэдзьчасу сустракаліся на агульных лекцыях. Ён, здаецца, нават сімпатызаваў ёй, аднак пасля першага курса кудысьці знік зусім.

Значыць, гэта зямляк. Свой чалавек. Але якраз сваіх землякоў яна баялася і не хацела з імі сустракацца.

А зямляк усё набліжаўся. Марудна, але настойліва. Яна ўжо нават чула яго блізкае дыханне. Зірнула яшчэ раз у шыбу, і яе вочы зноў наткнуліся на ягоныя: яны былі зусім побач.

«Трэба бегчы!» — у адчаі, разумеючы, што зрабіць гэта нельга, падумала яна, і той жа момант ён, як усё роўна пачуў яе думкі, гучна прывітаўся:

— Добры вечар, спадарыня!

Прывітаўся на сваёй мове, якой тут ніхто не ведае. Аднак усе паязджане надзіва дружна павярнулі да яго галовы. І толькі адна яна не павярнулася — стаяла як глуханямая: лічыла, што паязджане падумаюць, паколькі не ведае незнаёмай мовы, значыць, свая.

І гэтым выдала сябе.

Паязджане тут жа ўсе павярнуліся да яе.

— Гэта яна! Гэта яна! — хорам закрычалі тыя, што ехалі, і адразу схапілі яе за рукі.

У тралейбусе зрабілася шумна. Людзі ажывіліся, загаварылі ўсе разам — быццам бы гэта ўжо быў іншы тралейбус…

Яе тут шукалі даўно. Пра яе пісалі газеты, паведамляла тэлебачанне.

Яна была віжоўкаю.

І ён таксама быў віж. Здрадзіўшы сваёй краіне, ён служыў зараз чужой. І «добры вечар» даў толькі каб выдаць яе.

А хацелася б думаць, што прывітаўся ён па святой прастаце…

Насуперак

З ім штосьці адбывалася, але што, ён ніяк не мог зразумець.

Раптам вельмі захацелася схадзіць у Сяміколернае. Сто гадоў не быў там, і нічога, жыў сабе і без яго, а тут так заманулася, гэтак закарцела, што ён, збегшы з працы — адпрошваўся ў шэфа, але той не дазволіў: працы многа, маўляў, не паслухаешся — звольню, — адразу ж пайшоў у тое Сяміколернае. І не пайшоў, а пабег!

Але з паўдарогі вярнуўся. Ужо ў далечыні былі відаць паралелепіпеды хмарачосаў, высокія званіцы і спічастыя збудаванні невядомага прызначэння, над якімі прыгожа згіналіся яркія вясёлкі, ствараючы сваё, другое шматколернае неба над горадам, а ногі нечакана самі сабою павярнуліся ў іншы бок і павялі яго назад — тою ж дарогаю, якую ён толькі што прайшоў. Спачатку спрабаваў яшчэ ўпарціцца, супраціўляцца — да Сяміколернага вунь жа рукою падаць! — аднак ногі былі няўмольныя: толькі назад, і ўсё!

Чаго спяшаў наперад — не разумеў, чаго ідзе назад — таксама не ведае. Але ідзе!

Па дарозе на вочы яму трапіўся табун коней, што пасвіліся непадалёку, і ён так расчуліўся, што адразу ж звярнуў на ўзбочыну — захацелася тую хвіліну пагладзіць іх па храпах, прытуліцца да грыў шчакою.

Але як толькі дайшоў да самага бліжняга каня, чамусьці імгненна схапіў яго за ноздры і пачаў штосілы, з усяго размаху біць кулаком па храпе — конь ускідаў галаву ўгору, ён, учапіўшыся за грыву, павісаў на ім і ўсё малаціў і малаціў па касці, не адчуваючы, не зважаючы на тое, што ўжо баліць рука.

Прыбег конюх, ледзь адцягнуў яго ад каня, а ён сам, як толькі адарваўся ад конскай грывы, абмяк, зніякавеў і заплакаў. І тады конюх, які збіраўся, пэўна, надаваць яму тумакоў, выпусціў дзівака з рук, адно толькі злёгку паддаў каленам у тое месца, на якім сядзяць, ды і пайшоў прэч.

А ён паплёўся на дарогу.

І што дзіўна, як толькі ступіў на гравійку, ногі зноў пайшлі на Сяміколернае, але, быццам ацяміўшыся, праз нейкі час замарудзілі крок, спыніліся, а затым запылілі ў бок дому.

Ён ішоў як у самнамбулічным сне, і гэты касцёр каля невялічкай рэчкі ўбачыў ужо тады, як параўняўся з ім.