Свяціла бязлітаснае сонца, стаяла спёка, задуш, ён увесь абліваўся потам, але яму чамусьці вельмі захацелася да агню. А калі падышоў да самага вогнішча, яго аж закалаціла — так захацелася ў сам агонь. Дзіўна, розум і зараз вяла супраціўляўся, а ногі вялі ў полымя.
І ён, як калісьці пакараныя пакутнікі, узышоў на гарачае вуголле і пачаў таптацца па ім босымі нагамі — быццам хацеў затаптаць агонь. Паабярнуў каструлі і чыгункі, што віселі над вогнішчам, і пакуль разгубленыя турысты стаялі і, нічога не разумеючы, лыпалі вачыма, ён выйшаў з полымя і, нібы пылаючы факел, павольна, не спяшаючыся пайшоў да ракі. Прайшоўшы яе ўброд — рака была неглыбокая, — выйшаў на другі бераг і зноў знайшоў дарогу.
Ішоў далей і ўсё ніяк не мог зразумець, чаму ў яго паапечаныя рукі і ногі, абсмаленыя валасы, прагарэлае адзенне, — значыць, усё, што рабіў перад гэтым, ён не ведае і не помніць.
Калі з'явіўся на працы, шэф, не зважаючы на такі жахлівы выгляд падначаленага, з вялікаю злосцю і абурэннем накінуўся на яго:
— Выганю! Звольню! Раздушу! Па сцяне размажу! Ён топаў нагамі, махаў пад самым носам кулакамі, і падначаленаму хацелася даць яму здачы, нагаварыць кепскіх слоў, сказаць усю праўду і пра яго працу, і пра яго кіраўніцтва, але замест гэтага ён насуперак сабе мямліў нешта невыразнае, цьмянае:
— Я вельмі паважаю вашу думку. Мне вельмі падабаюцца вашы справядлівыя патрабаванні… Я захоплены вашай шчырасцю, дабратою і справядлівасцю…
Пачуўшы такое, шэф зніякавеў. І паласкавеў той жа час — нават усміхнуўся яму:
— Ну добра, добра, заставайся. Я таксама цаню тваю працу. Ты мне таксама падабаешся…
І вось тут яго насуперак логіцы і сітуацыі — у краіне ж беспрацоўе! — як кажуць, прарвала:
— А ты мне не падабаешся! І твая праца таксама! — крычаў ён і топаў нагамі яшчэ грамчэй, чым шэф. — Ты не ўмееш ні працаваць, ні кіраваць! Ты проста няўдачнік! І нягоднік!
Шэфу было цяжка адразу патушыць шчырую ўсмешку. Яна яшчэ нейкі час заставалася на твары, пакуль ён не ўправіўся з ёю поўнасцю, а вось з голасам саўладаў хутчэй і ледзяным тонам выдыхнуў:
— Вы звольнены!
І дзіўна: падначаленага гэта не засмуціла, а наадварот узрадавала. Трэба, мусіць, было заплакаць, а ён зарагатаў.
Не толькі шэф, але і ён сам не разумеў, што з ім робіцца.
А рабілася самая звычайная ў звычайным жыцці рэч: за яго тленнае цела ўсяго толькі змагаліся дзве душы.
З іхняга жыцця
Гэта і праўда былі невыносныя пакуты.
Жыць сярод тых, хто табе не падабаецца, кожную раніцу прачынацца пад непрыемную валтузню, цэлы дзень слухаць надакучлівыя, знелюбелыя размовы і не мець магчымасці пайсці адсюль.
Назіраць, як зусім непадалёку весела і шчасліва, як там радуюцца і смяюцца, разумець, што з імі і табе было б хораша — і ў той, і ў той, і ў той вунь купцы, — але не мець магчымасці далучыцца да іх.
І самае галоўнае: бачыць яго кожны дзень, любавацца ім, аднак не мець магчымасці сустрэцца.
І ведаць, што такое назаўсёды — пройдзе і год, і дзесяць, і сто гадоў, але для іх нічога не зменіцца: яны ўсё гэтак жа будуць стаяць на тым жа самым месцы, будуць глядзець адно на аднаго, а сустрэцца так і не змогуць ніколі.
Ёй здавалася, што і ён увесь час глядзіць у яе бок, гэтак жа, як і яна, чакае раніцы, каб хутчэй убачыць яе.
Самотны позірк яго даводзіў Анібару да найвышэйшага хвалявання і адчаю. Але чаму самотны? Каля яго ж столькі прыгажунь! Зазіраюцца на яго, дакранаюцца да яго, шэпчуць штосьці яму… Няўжо і ён самотны сярод тлуму, адзінокі сярод натоўпу, журботны сярод агульнай радасці і весялосці?
А можа, яна ўсё гэта выдумляе? Можа, ён абыякавы да яе? А ёй усяго толькі здаецца?
Няма на што скардзіцца і Анібары. Яна і сама, здаецца, распешчана ўвагаю: усе захапляюцца ёю, заглядваюцца на яе, прапаноўваюць руку і сэрца. Гатовы выканаць любое яе жаданне…
Але ёй гэта непрыемна! Ёй трэба толькі ён і ніхто болей!
Раніцою, з першымі промнямі сонца Анібара ў думках вітаецца з ім, а з апошнімі — развітваецца. Ды і ў начной цемры ўсё ўглядаецца ў той бок, дзе ён стаіць, стараецца ўбачыць хоць яго абрысы. І чакае, калі пачне развідневаць, каб зноў сказаць яму: «Добрай раніцы!» І пераканацца, што ён і сёння глядзіць у яе бок.
Не, ніхто, апрача яго, ёй не патрэбен!
Справа стаяць прыгожыя маладыя асілкі, якія ўсяляк спрабуюць завалодаць яе ўвагаю, а яна глядзіць толькі наперад.
Злева штосьці нашэптваюць ёй не менш дастойныя прыгажуны, але яна зноў жа глядзіць наперад.