Перад ёю вымахаў высокі і статны кавалер — быццам знарок: каб засланіць каханага, — аднак яна і праз яго глядзіць усё туды ж — наперад.
Маладыя пасміхаюцца з яе, старыя абураюцца, асуджаюць — бач, нешта выдумала сабе і пакутуе, — а яна глядзіць наперад і не можа наглядзецца.
— Час ідзе, — кажа ёй адзін зычлівец.
— А мы старэем, — глыбакадумна дадае другі.
— І ніколі таго, пра што ты марыш, не будзе, — нібы між іншым заўважае трэці.
А яна адмахваецца ад іх і ўсё чакае. Хоць і сама не верыць, але чакае.
Тую ноч яна моцна спала. Нават не чула, калі разбушавалася бура. Прачнулася ад нейкага незразумелага дотыку — нібыта хтосьці дакрануўся да яе мокрага стану. Падпоўз у цемры і дакрануўся. Мокры дотык, але прыемны.
Быў моцны вецер. Ён, учапіўшыся за лісцё, гнуў яе, расхістваў ва ўсе бакі, і яна не супраціўлялася гэтаму. Не памятае, як вецер адарваў ад зямлі,— толькі пачула, як затрашчала карэнне, — і панёс наперад.
Яе мара збывалася! Яе каціла да Буда! Праўда, паспрабаваў быў затрымаць кавалер, што раней вырас перад ёю, але яны разам з ветрам справіліся і з гэтаю перашкодаю.
Вецер нарэшце прыкаціў яе да Буда. Анібара ўзрадавалася, абняла яго сваімі галінкамі і прашаптала:
— Родны, як я чакала гэтага моманту…
Буд доўга маўчаў, а потым шчыра прызнаўся:
— А я не чакаў.
— Як? Ты ж увесь час глядзеў на мяне! Буд зноў памаўчаў.
— Я глядзеў не на цябе, — злосна растлумачыў, пачакаўшы. — Я любаваўся той, што стаяла за табою.
Што? Ён любаваўся суседкай? Хіба можна ёю любавацца?! Скрыўлены стан, зламаныя галіны, рэдкае, непрыгожае лісцё…
— Я любаваўся не табою, — яшчэ раз паўтарыў Буд і абыякава адпіхнуў яе ад сябе.
— А я — табою, — пачула яна раптам аднекуль збоку.
Непадалёку стаяў Нёлк. Гэта ён гаварыў. Яна памятала, што той стаіць побач з каханым, але зусім не звяртала на яго ўвагі — ён для яе проста не існаваў.
— Гэта ж я і буру пачаў,— тлумачыў Нёлк. — Каб цябе забраць сюды…
Анібара маўчала, нічога не пыталася. А Нёлк усё роўна працягваў:
— А ведаеш, як я гэта зрабіў? Паварушыў адным лістком — скранулася крыху паветра. Паварушыў дзесяццю — яно зашумела. А калі ўсёй кронай зашумеў — пачаўся вецер. Ён вырваў цябе з зямлі і прыкаціў сюды.
Яна і на гэты раз нічога не адказала.
Ужо ўзыходзіла сонца. Анібара адчувала, як сушыць яно карэнне. І яшчэ адчувала, што пад ёю варушыцца зямля, — Нёлк шавяліў карэннем, прыкочваючы яе бліжэй да сябе.
І раптам яе аж скаланула: Буд ішоў туды, дзе толькі што, перад бураю, стаяла яна! Ён асцярожна выбіраў з зямлі свае карані, клаў іх наперад і, зачапіўшыся за што-небудзь, паступова выцягваў сам сябе з ямы і цягнуў па траве волакам.
Як? Ён ідзе да гэтай Апіл? Да крывабокай, абскубленай Апіл?
Ёй раптам усё зрабілася непатрэбнае і абыякавае — і бура, і Нёлк, і нават сам Буд. Але яна тут жа схамянулася: не, яна яго нікому не аддасць! І ўсё зноў пачынаецца спачатку, вяртаецца на кругі свае: ён і яна, як і раней, будуць стаяць адно насупроць аднаго…
Не, яна знойдзе спосаб зноў дабрацца да Буда! І Нёлк, калі кахае, паможа ёй у гэтым. Абавязкова паможа. І яна стане паміж ім і Апіл. Няхай выбірае…
Усе яны яшчэ не ведалі, што Апіл не зводзіць вачэй з Нёлка.
Што ж, і ў людзей, гэтаксама, як і ў дрэў, бывае такое: ён любіць яе, яна любіць другога, а другі любіць трэцюю…
Барацьба
Драндулет, якім ён дабіраўся сюды, на гэты далёкі сакрэтны аб'ект, дзе згадзіўся, нават даў падпіску адпрацаваць тры гады, разваліўся яшчэ па дарозе: спачатку пачаў даваць перабоі, захлынацца матор, пасля сапсавалася сістэма кіравання, а затым, калі мэта была ўжо зусім блізка, адляцела, як адрэзанае, пярэдняе кола.
Таму апошнія кіламетры давялося ісці пехатою.
Аб'ект быў у страшэнным запусценні. Да яго ніяк немагчыма было падысці: усё навокал зарасло бур'янам і нават праз бетонныя пліты колішняй сцежкі прарасла густая, высокая, як лес, трава — мясціна тут вільготная, балоцістая, што вельмі спрыяе росту раслін.
Непадалёк убачыў заржаўленую, але добра накляпаную касу, якую нібыта знарок хто ўторкнуў для яго касільнам у зямлю, зразумеў, што і праўда спярша трэба было б абкасіць падыход да аб'екта, але рабіць гэта не спяшаўся.
Першы камар укусіў яго, калі ён даставаў з кішэні цыгарэту і запалкі. «Во дробязь пузатая, — усміхнуўся чалавек. — На каго ты нападаеш?! Я табе зараз пакажу, нягоднік!»
Забіў ён камара лёгка і проста. Пляснуў, нават не прыцэльваючыся, даланёю па шчацэ, і той зваліўся мёртвы ў траву.