Другі ўжо ўкусіў больш балюча. Уткнуў так, як звычайна ў паліклініках колюць кавалачкам ляза, калі бяруць на аналіз кроў з пальца. «Бач ты, — ужо задумаўся чалавек, — такое малое, а так джаліць. Цікава, хто яму, гэтай драбязе, даў такую моцную іголку і такую сілу, што ён так лёгка працінае тоўстую, грубую чалавечую скуру?! Хабаток — усяго толькі тоненькі і, здавалася б, кволенькі валасок, а бач ты яго, як лязом, рэжа».
Забіваючы і гэтага камара, чалавек заўважыў, што іх панасядала на яго дужа многа: яны апанавалі ўжо і твар, і рукі.
— Вось я вам зараз, — усё яшчэ спакойна ўголас сказаў чалавек і прыкурыў цыгарэту.
Ад дыму і праўда камароў паменела. Але гэта толькі спераду. Ззаду, дзе не было дыму, іх, здаецца, яшчэ паболела. Яны паўпіваліся ў шыю, джалілі нават праз сарочку і пінжак.
Ён пачаў махаць рукамі — ліхаманкава, хапатліва, бязладна, спрабуючы забіваць насякомых яшчэ на падлёце, яшчэ ў паветры. Забіваў чалавек іх шмат, але камары як усё роўна звярэлі ад гэтага і нападалі яшчэ большымі плоймамі.
Дыму ад цыгарэты было ім мала, і яны ўжо, не зважаючы ні на што, лезлі ў вочы, у вушы, у нос, у рот. Ён выплёўваў іх з рота, змахваў з вачэй, выкалупваў з вушэй, з носа, варушыў плячамі, круціўся сам, а яны ўсё лезлі і лезлі. Урэшце зламаў ладную алехавую галіну, махаў ёю, ганяў вецер над галавою, сцябаў сябе па плячах, але і гэта не дапамагала: камары знаходзілі зацішнае месца на целе і ўпіваліся ў яго так, што аж хацелася крычаць ад болю.
Тады ён успомніў пра касцёр і ўзрадаваўся: ага, трэба хутчэй класці вогнішча — і дыму будзе многа, ды і ў агонь жа яны дужа не палезуць.
Хуценька пачаў збіраць трэскі, хвою, сухія сучкі, кару. Пакуль сабраў, пакуль распаліў вогнішча, камары шэрым бухматым покрывам абселі яго ўсяго — ужо нельга стала адрозніць, дзе цела, а дзе яно прыкрыта адзеннем.
Калі па-сапраўднаму задыміў касцёр, насякомыя, здаецца, разляцеліся, пакінулі яго ў спакоі, але варта было яму зноў трошкі адысціся ад дыму, каб прынесці, да прыкладу, новыя сырыя галінкі, як яны апантана, цэлаю хмараю наляталі на яго. Кідаючы галлё ў касцёр, чалавек соваў рукі ў самы дым і радаваўся, бачачы, як камары дружна, спяшаючыся ўзлятаюць з апухлых ужо рук і разлятаюцца ў розныя бакі.
Пакуль што ён яшчэ нічога не баяўся. Страшна яму стала крыху пазней, тады, калі, злаўчыўшыся, падкраўшыся, даланёю накрыў на руцэ, можа, цэлую сотню камароў — ніводзін не ўзляцеў! — а затым старанна, сціснуўшы ад помслівай асалоды зубы, расцёр іх.
Адняў далонь і жахнуўся: уся рука была чырвоная ад крыві — як усё роўна хто парэзаў яе.
— Дык гэта ж мая кроў! — у адчаі закрычаў чалавек. — Мая! Бачыш, колькі яны, гэтыя малечы, тваёй крыві выцягнулі і выпілі? Бачыш?! І калі ад іх не абараніцца, яны ж высмакчуць з цябе ўсю кроў! Усяго цябе высмакчуць. Адна шкурка астанецца. І ты, магутны чалавек, памрэш ад гэтай драбніцы. Памрэш жывы і здаровы. А яны, камары, будуць жыць!
Чалавек спяшаючыся, мітусліва пачаў шукаць, што яму рабіць. Напалоханы, нічога разумнейшага не прыдумаў, як ускочыць у вогнішча.
— Папалю! — зароў ён. — Усіх папалю!
Пакуль таптаўся ў полымі, спяшаючыся знішчыць усіх — да аднаго! — камароў, не заўважыў, што загарэліся штаны, пінжак. Загарэліся чамусьці са спіны. Зразумеў гэта позна, калі пачало прысмальваць ужо нават і цела.
Ён як ашалелы выскачыў з вогнішча і кінуўся качацца па траве, каб збіць з сябе агонь. Агонь то ён патушыў, але ад гэтага яму лепей не стала: штаны знізу згарэлі зусім, а на голых нагах матлялася толькі ашмоцце, пінжак перагарэў на дзве часткі, ад яго асталіся толькі рукавы ды плечы, выгарала ззаду нават сарочка, адкрыўшы камарам паапечаную спіну.
І яны тут жа абселі яе, схавалі, нібы абгарнуўшы сабою, голыя ногі. Кусалі, джалілі, рэзалі, ужо не хаваючыся, не аглядаючыся, — як хацелі.
Яго ж адчай быў бязмежны. Што рабіць? Як абараніцца? Дзе выратаванне?
— Каса! — раптам успомніў ён і загарлаў на ўвесь свет. — Каса! Вось што выратуе мяне!
І праўда, каса — вельмі ёмкая зброя. Чалавек з касою — грозны і абаронены. Скажыце, які дурань будзе нападаць на таго, хто трымае ў руках вострую касу?! Той жа толькі махне ёю — і ў любога пакоціцца галава з плячэй. Але то людзі. А гэта ж камары… — Я пакашу іх усіх!
Чалавек ужо і падбег да касы, ужо і выцягнуў кассё з зямлі, узяў у рукі, пачаў махаць ёю па хмарах камароў…
Аднак тут жа разгублена апусціў лязо долу, змрочна вылаяўся.
Вось ты, такі моцны і непрыступны, стаіш з касою. Не падыходзь — зарэжу! Цябе ўсе, здавалася б, павінны баяцца, абыходзіць бокам — як можна далей ад бяды.