Выбрать главу

— Чула? Дык дзе яна? — аж падскочыў да зэмкі Радзім.

— Хто яна? Ах, дзяўчынка твая… Не ведаю.

— А хто ведае? — настойваў, дапытваўся свайго ён.

— Ніхто. Разумееш, мы ўкралі цябе. У Дурбудаў. Усе маніпуляцыі з табою рабілі яны. І ты павінен быў трапіць у Дурбудзію. А мы перахапілі цябе. Нашы вучоныя вылічылі, што з табою павінна быць яшчэ і дзяўчына, але яе ва ўсёй папуляцыі нашых планет ніхто пакуль не можа знайсці.

Оя нейкі час ішла моўчкі, а затым журботна так патлумачыла:

— Ведаеш, вы з ёю можаце жыць побач, але ў розных вымярэннях. Можа, ты вось зараз знаходзішся на яе вейцы, а можа, яна стаіць у гэты час на тваёй далоні і, склаўшы рукі рупарам, крычыць на ўсю папуляцыю — кліча цябе. Ва ўсім свеце чуюць, а ты — не. Бо гэта ісціна: тыя, што жывуць у розных вымярэннях, ніколі не змогуць сустрэцца між сабою, не змогуць убачыць адно аднаго, пагаварыць.

Радзім зірнуў на свае далоні, быццам і напраўду спадзяваўся каго-небудзь на іх убачыць, але Оя вярнула яго на зямлю:

— Так што не шукай Юлі, Жэўжык…

Ён страпянуўся, затрывожыўся — адкуль яна ведае ягоную школьную мянушку? Можа, таксама пачула. Але нічога не адказаў зэмцы. Відзежа, якая нечакана з'явілася яму ля возера, усё стаяла перад вачыма, і хлопец чамусьці, насуперак словам Оі, верыў, што калі ён убачыў і пачуў Юлю, то яны па часе, нягледзячы на розныя вымярэнні, змогуць усё-ткі сустрэцца з ёю.

Усю астатнюю дарогу да турмы яны маўчалі. Оя была чымсьці дужа не задаволеная, нават раззлаваная — яна і не хавала свайго раздражнення. Заняты думкамі пра Юлю — дзе яна? што з ёю? яна ж, ты чуў, крыўдуе: «Чаму ты не шукаеш мяне?» — не асабліва лез у размову і ён.

Оя прывяла яго ў шкляны куб, кораценька сказала нешта наглядчыку — дзед Жыў, быццам прачнуўшыся, вытрашчыў вочы, нібыта ён нічога дасюль не бачыў і не чуў, паківаў на дзяўчыну пальцам: ці ж то жартачкі — нявольніка выпусціла! — і, паспешліва развітаўшыся, знікла за шклом.

Больш яна ў турме не з'яўлялася. Радзім нудзіўся адзін, спрабаваў гартаць падручнікі па чужой мове, якія загадзя прынесла Оя, але нічога ў іх не змог зразумець: усё было такое далёкае, чужое, незнаёмае, што не знаходзілася нават за што зачапіцца. Паклікаў быў дзеда Жыва, каб хоць у чым з яго дапамогаю разабрацца, але і той таксама нічому не даў рады — вачамі і пальцамі мову не растлумачыш.

Выпадкова дзед Жыў убачыў на яго стале «Хімію», пачаў гартаць яе, разглядаць, натрапіў на формулы і схемы, на табліцу Мендзялеева — і, нібы забыўся на ўсё на свеце, нібы ўсё для яго перастала існаваць, упіўся вачыма ў кнігу. Так і праседзеў ён у Радзімавым пакоі увесь дзень і ўсю ноч, здаецца, ні разу не схадзіўшы да свае чорнае конаўкі, каб глынуць з яе чорнай вадкасці,— прачынаючыся ўночы, Радзім бачыў, што дзед Жыў, адарваўшыся ад формул, глядзіць няўцямна некуды ўдалячынь: ці то задумаўся над імі, шукае рашэнне, ці то ўспамінае тыя далёкія часы, калі сам яшчэ быў таля-малем і калі ўсе хімікі знаходзіліся ў вялікай пашане — яны ратавалі народ ад голаду.

Пад раніцу ціхенька, азіраючыся, нібы баючыся, што на яго нехта будзе нападаць, каб нешта адабраць, дзед Жыў з «Хіміяй» у руках пайшоў на сваю палавіну шклянога куба і ўжо зараз зусім не звяртаў ні на што ўвагі — цэлымі днямі ён крукам сядзеў над кнігаю, рашаў формулы, штосьці падлічваў і зноў схіляўся над падручнікам, амаль зусім забываючыся на сваю конаўку — мусіць, кніга гэтая была для яго найлепшым наркотыкам.

У адзіноце Радзім нудзіўся ўсё больш і больш, не ведаючы, чым яму заняцца.

У невялічкім дворыку турмы, які быў прызначаны для праходак вязняў, ён вытаптаў усю зямлю — усё хадзіў і хадзіў, не спыняючыся, удоўж і ўпоперак, думаючы пра свой незайздросны лёс: навошта яго тут трымаюць? Што будзе далей?

Часам яму хацелася падняць камень, пабіць, памалаціць усе шкляныя сцены сваёй вязніцы і выйсці з яе. Але куды выйдзеш? У новую вязніцу з такімі ж самымі сценамі. Паб'еш і гэтыя, а далей што? Там жа, ён ведае, голая пустыня, там няма як дыхаць — кожны, хто выйдзе, задыхнецца без паветра.

І раптам зусім выпадкова ён знайшоў сабе занятак.

Прагульваючыся, хацеў дастаць з кішэні насоўку, якую вышыла і падаравала яму на дзень нараджэння Юля, — рукі ў яго цяпер былі ўвесь час вольныя: дзед Жыў, заняўшыся «Хіміяй», зусім забыўся на вязня — пальцамі наткнуўся на нейкае цвёрдае каліва, дастаў яго і абыякава хацеў кінуць пад шкляную сцяну — гэта было ўсяго толькі не патрэбнае тут яблычнае семка. Аднак нечакана ў вушах паўтарылася, як успомнілася, Оіна далікатная просьба: «Падары нам дрэва», і ён, усё яшчэ, здавалася б, безуважна гледзячы на карычневае семка, ужо ведаў дакладна, што будзе з ім рабіць.