Ён гаварыў павольна, а таму Оі было вельмі лёгка перакладаць. Радзім уважліва ўслухоўваўся і ў ягоны голас, і ў голас Оі, усё яшчэ чакаючы чагосьці дужа непрыемнага для сябе. Але Верхавод быў далікатны з ім, і гэта супакойвала.
— Даруй нам, о Вялікі Беларус, што мы цябе так негасцінна сустрэлі і нават зняважылі Рубінавымі Ружамі.
Нам здалося, што ты — таля-маля, а для гэтай нечысці самае адпаведнае месца на нашай зямлі — турма. І мы шчыра рады, што памыліліся. Падыдзі ж да мяне, я сам хачу зняць з цябе вярыгі.
Радзім падышоў да трона, выставіў рукі. Яго Мосць доўга корпаўся ў Рубінавых Ружах, але ў яго нічога не атрымлівалася — што тут дзіўнага: самі ж верхаводы не кожны дзень адзяваюць ці здымаюць кайданы.
— Дазвольце дапамагчы? — адважылася Оя і, маючы вопыт — яна ж ужо вызваляла яго рукі,— вельмі хутка зняла наручнікі. Радзім толькі адчуў, якія ў яе халодныя рукі.
Страх зусім прайшоў. Яму стала лёгка і спакойна, — калі сам Верхавод хоча зняць наручнікі, баяцца няма чаго.
— Цяпер ты самы вольны між нас чалавек. Ты выгадаваў нам дрэва, пра якое мы так марылі. Бо ведалі, што толькі з дапамогаю дрэва выйдзем са свае турмы — на волю, за шкляныя сцены, у мёртвую пустыню. Дзякуй табе, о Вялікі Беларус, і хвала і слава тваім рукам ва ўсім нашым царстве. Дарэчы, а каму ты падорыш гэтае дзіва, гэтае дрэва?
— Ваша Мосць! Я вельмі ўсцешаны вашаю дабрынёю і ўвагаю да мае сціплае асобы. Але даруйце мне, няўдзячнаму, — гэтае дрэва я хацеў бы падарыць вось ёй, — і паказаў на Ою. — Яна навучыла мяне маёй роднай мове і дапамагла палюбіць ваш шкляны рай і ваш загадкавы народ.
Верхавод засяроджана слухаў яго. Нават не гледзячы ў той бок, Радзім адчуваў, што Оя спалохана назірае за ім, — так горача было яго твару.
— Канечне, — праз нейкі час, пасля доўгага роздуму, загаварыў Верхавод, — я не сумняваўся, што ты падорыш дрэва мне. І таму, разумееш, крыўдна, што выбраў ты не мяне. Але ведаючы, што кожная жанчына заўсёды заслугоўвае самага найлепшага падарунку, я дару табе і ўхваляю тваё рашэнне.
— Ваша Мосць! — нешта хацела запярэчыць Оя, але Верхавод не даў ёй дагаварыць.
— Так што прымай, о Цнатлівая Душа, варты цябе падарунак.
Ён зноў задумаўся, памаўчаў. Потым загаварыў весялей:
— Я спадзяюся, што гэтае дрэва не апошняе. Чамусьці веру, што вы ўдваіх навучыце нашу зямлю шчодра раджаць іх, а нашым людзям падкажаце, як гадаваць сады.
Зноў задумаўся, паглядзеў у акно. А правільней — на сцяну, бо ўся сцяна ў гэтым памяшканні і была акном. Радзім і сам зірнуў туды, куды глядзеў Яго Мосць, і здзівіўся, што шкло было празрыстае-празрыстае, хоць знадворку яно здавалася зусім непраніклівым і праз яго нічога не праглядалася.
— Ідзіце ж і засяляйце нашу зямлю дрэвамі! — Яго Мосць падняў рукі ўгору, нібыта вось зараз натхняў іх на працу. — Няхай яны дораць нам паветра, у якое мы можам паклікаць нават птушак, — тады і з імі нам не будзе цесна. Хай у нас будзе многа паветра, якім мы, адкрыўшы ўсе вокны і фрамугі, можам падзяліцца з пустыняю, што загнала нас пад шкло.
Оя ўстала з крэсла, падышла да Радзіма, і яны накіраваліся ўжо да выхада. Але нечакана зэмка ўзяла яго за руку, тарганула і азірнулася. Азірнуўся і ён — Верхавод стаяў усё ў той жа паставе і нешта гаварыў да іх. Дзяўчына перакладала:
— О, Вялікі Беларус, даруй, што я забыўся распытаць пра твой край і твой народ.
Адсюль, здалёку, ужо ад выхада было няёмка адказваць, і яны з Ояю зноў падышлі да трона.
— Наш край — багаты і цудоўны, а нашы людзі — шчырыя, працавітыя, сумленныя, спагадлівыя, дабрадушныя, даверлівыя. Але ім, скарыстоўваючы вось гэтыя цудоўныя якасці, увесь час не даюць працаваць, не даюць магчымасці жыць так, як яны хацелі б і маглі б. У нас ужо нават пачала з'яўляцца думка, што мы камусьці замінаем, што нехта хоча атруціць нас, вынішчыць…
Пачуўшы такое, Яго Мосць здзівіўся, апусціў галаву і доўга маўчаў. Потым загаварыў, але ўжо было відаць, што звяртаецца ён не да Радзіма, а да Оі. Дзяўчына не перакладала нічога з таго, што гаварыў ён.
Ужо калі яны, яшчэ раз развітаўшыся, выйшлі на вуліцу, Радзім спытаўся:
— Што ён гаварыў?
— Гэта ён да мяне звяртаўся. Прасіў як найхутчэй навучыць цябе нашай мове — яму вельмі цікава пагутарыць з табою пра тое, што ты толькі што згадаў.
Калі падышлі да турмы, убачылі вельмі шмат людзей, што сабраліся ля яе, — цікаўныя натоўпы разявак з усіх бакоў акружылі шкляны куб і, задраўшы галаву, зачаравана глядзелі на дрэва, якое, шырока раскінуўшы галіны, высока і вольна шумела ўгары. І дзіва дзіўнае, ветру ніякага не было — які там вецер пад шкляным дахам! — а яно шумела!