Оя, нешта гаворачы людзям, расчышчала праход для іх абаіх, і толькі дзякуючы гэтаму яны змаглі падысці да самай турмы.
Шкляны куб быў амаль поўнасцю раструшчаны дрэвам. Дзед Жыў пакуль што туліўся на сваёй палавіне шкляной вязніцы, але было відаць, што і тут яму не ўдасца ўседзець, — дрэва неўзабаве запоўніць сабою і гэтую прастору. Дзед Жыў быў усхваляваны, разгублены, і выходзіць адсюль, з турмы, ён ведаў, не мае права, і тым больш аставацца тут было ўжо не толькі недарэчна, але і небяспечна.
Дрэва пладаносіла! Яно было ўсыпана вялікімі, чырванабокімі, спелымі яблыкамі, якія аж згіналі галінкі,— яны былі такія прыгожыя, што аж здаваліся ненатуральнымі. Але дастаць да іх, каб адшчыкнуць, было немагчыма — такая высокая вырасла яблыня. Тады Радзім увайшоў у сваю вязніцу па шкле, якое хрупацела пад нагамі,— яно нападала, калі яблыня разламала сваёю кронаю шкляную столь, — падышоў да дрэва і падэшваю чаравіка моцна выцяў па ствале. Ствол не вельмі каб моцна, але ўсё ж завібрыраваў, затрымцеў, аднак крона страсянулася добра, і долу пасыпаліся спелыя яблыкі. Яны шпокалі на падлогу вязніцы, прабівалі шкло дзедавай вартоўні, і той адно толькі захінаўся рукамі, ратуючыся ад іх. Яблыкі падалі і па-за турмою, сыпаліся на галовы здзіўленых людзей, і тыя, напалоханыя, крыху адбегліся ад дрэва. Яблыкі былі такія спелыя, што большасць з іх разломваліся ад удару аб зямлю.
Яму нясцерпна, аж да звону ў вушах, захацелася яблыка! Ён нецярпліва нагнуўся, падняў вялікі крамяны плод і, абцёршы даланёю, спяшаючыся адкусіў ад яго ладны кавалак.
Яблык быў смачны-смачны — на Зямлі Радзім такіх смачных не сустракаў. Ён увесь быў вельмі сакаўны, і рот адразу ж напоўніўся прыемным вінна-салодкім сокам.
Радзім, не зважаючы ні на кога, спяшаўся есці — адкусваў памногу, глытаў непражаванае — такую насалоду ён меў ад яблыка. Калі з'еў увесь і, вытрасшы семкі, абсмактаў агрызак, тады толькі заўважыў, што за ім вельмі ўважліва назіраюць дзед Жыў і Оя, якія таксама зайшлі да яго ў вязніцу.
Радзім доўга не думаючы падняў два самыя прыгожыя яблыкі, што ляжалі побач, і, зноў жа абцёршы іх, падаў Оі і дзеду Жыву. Оя ўзяла свой адразу, а дзед доўга разглядаў яблык на Радзімавай далоні і ўсе ніяк не мог адважыцца прыняць яго.
— Еш, — усё яшчэ трымаючы перад дзедам руку з яблыкам, сказаў ён Оі.
Дзяўчына спачатку недаверліва глядзела на яблык, потым апасліва, баязліва, з асцярогаю ўкусіла яго, зморшчылася, пасмакавала, паплямкала вуснамі. Адкусіла яшчэ раз, і ён убачыў, як дзяўчына здзівілася: яна нават самой сабе не паверыла, што гэтае невядомае дзіва ёй спадабалася.
Оя таксама даела яблык да семак, выкалупала іх і абсмактала агрызак — усё рабіла, як і ён.
Дзед Жыў хоць і ўзяў з Радзімавай рукі яблык, есці яго не спяшаўся — спасцярожліва круціў у руцэ, разглядаў. А за ім напружана сачылі тысячы вачэй. І калі ён усё ж адкусіў яблык, пачалося штосьці неверагоднае.
Усе тыя, хто нядаўна, спалохаўшыся, адбегліся ад яблыні, зноў вярнуліся пад дрэва, кінуліся хапаць яблыкі і, выціраючы іх далонямі не горш за яго — сачылі, як рабіў гэта чужынец, — пачалі насцярожана, але з цікавасцю адкусваць іх. Пераводзячы позірк з твару на твар, Радзім бачыў, што яблыкі зэмам спадабаліся. Праз нейкі час яны ўжо з асалодаю храбусцелі імі, напоўніцу набівалі раты сакаўною смакатою і, адно выкідаючы цёмна-карычневыя семкі, з'ядалі ўсё засаб — нават агрызкаў не аставалася.
Яблыкаў на зямлі было многа. Радзім міжволі перавёў позірк на яблыню — цікава, а ці вісіць яшчэ на ёй што, ці, можа, усё пападала?
Дрэва аж чырванела ад пладоў: не было ніякага знаку, што ён абтрасаў яго.
Сярод амаль суцэльнага чырвонага колеру — аж лісця не відно! — ён не адразу заўважыў дзве рубінавыя крапкі ў кроне, але потым яго ўсё ж нешта насцярожыла, вярнула вочы назад, і ён, прыгледзеўшыся, напраўду ўбачыў на самай макавіне наручнікі Рубінавыя Ружы. Як яны трапілі на дрэва — загадка: ці то іх ускінуў хто на крону цяпер, ці то калі дрэва было яшчэ маленькае, яно само падчапіла іх галінкаю і, вырастаючы, узняло на такую вышыню.
Але адкуль яны з'явіліся тут? Яго ж Рубінавыя Ружы, якія здымаў з дапамогаю Оі сам Верхавод, засталіся там, у палацы. Значыць, гэта нечыя іншыя наручнікі? Чые?
А можа, іх тут, у гэтай турме, было двое? Для яго і для дзеда Жыва? Але ж ён ніколі нічога такога не бачыў у дзедавай вартоўні.
Абвёўшы яшчэ раз позіркам разламаную, раструшчаную турму, Радзім забедаваў — дзе ж ён зараз будзе жыць? Раней не турбаваўся пра гэта — хоць і ў вязніцы, хоць і шкляны, але ўсё ж у яго быў ложак. А дзе зараз прытуліць галаву, калі дрэва начыста зруйнавала, разбурыла яго турму?