Выбрать главу

І не паспеў ён так падумаць, як адразу ж з двух бакоў з'явіліся тыя самыя канвойцы, якія ўвесь час узнікалі тады, калі Радзіма трэба было некуды праводзіць, — яны як усё роўна і зараз падслухалі яго думкі. Заўсёды такія маўклівыя і засяроджаныя, строгія і недасяжныя, непахісныя, на гэты раз яны былі зусім іншыя: уважліва, нават лісліва зазіралі яму ў вочы, далікатна ўступалі месца перад сабою, шмат і ветліва гаварылі. Ён, дзівячыся гэтай перамене і гэтай увазе канвойцаў, спытаўся ў Оі:

— Пра што яны гавораць? Што іх так уразіла?

— Яны кажуць, што ты — вельмі вялікі чалавек, Яго Мосць таксама пасмакаваў ужо яблык, і ён яму вельмі спадабаўся. Хваліў цябе. Загадаў падабраць табе лепшы палац у краіне. Ён сам растлумачыў канвойцам, што ты цяпер ужо не нейкі там таля-маля, а паважаны ў краіне чалавек. І табе ўсюды будзе аказвацца самая высокая пашана — такая ж, як і яму. Яго Мосць, як ён і казаў, спадзяецца з тваёю дапамогаю выйсці за шкляныя сцены нашай турмы…

Канвойцы, запабягаючы перад ім, паказваючы рукамі дарогу, бо самі ішлі следам, павялі Радзіма ў новае яго жытло.

Шкляны куб, дзе месцілася вязніца, стаяў на самай плошчы, пасярод яе. Яны, абмінаючы яго, абыходзячы людзей, што былі на плошчы, накіраваліся на супрацьлеглы бок. Там, крыху ўглыбіш, віднеўся вельмі прыгожы, сабраны з фігурнага шкла дом, што быў пабудаваны з выдумкаю, з архітэктурнымі знаходкамі. Ён, такі дзівосны, стаяў на голай шэрай зямлі, і таму кожнаму было відно, як не стае яму зялёнай травы на падворку, шумлівых дрэў над шкляным дахам, а каля веснічак — якога-небудзь маленькага гаваркога ручайка.

Разам з ім у ягонае цяперашняе жытло зайшла і Оя — паласкавелыя канвойцы, якія ўсё яшчэ ветліва ўсміхаліся яму, засталіся на вуліцы, каля дзвярэй.

Дом быў прасторны, пакояў зашмат — хоць ты які інтэрнат стварай! — і агледзеўшы ўсё гэта бязмернае жытло, ён падумаў, як холадна і няўтульна будзе тут жыць. Спадабаўся больш-менш невялічкі пакойчык з нядрэнным відам на плошчу, дзе заўсёды віравалі людзі, з якімі, як яму здавалася, будзе не гэтак самотна: агарнуў сум — падыходзь да акна, і ты ўжо нібы далучаешся да тых, хто ходзіць па вуліцы, нібы блукаеш разам з усімі.

Радзім падвёў Ою да акна.

Яно было шырокае, на ўсю сцяну — па сутнасці, як і ў Ягамосцевым палацы, уся сцяна і тут была акном — і таму здавалася, што ты знаходзішся не ў хаце, а на вуліцы — адсюль усё было відно як на далоні.

Вечарэла. Плошча вакол яго былой турмы усё яшчэ была запоўнена людзьмі. Адны смачна храбусцелі садавінаю, другія цярпліва чакалі, калі ўпадзе менавіта ягоны яблык, — плады пераспелі і цяпер ужо ападалі самі. Адсюль, зверху, было добра відаць, як людзі, што былі бліжэй, хапалі яблыкі і адразу ж адыходзіліся ўбок.

А над усім гэтым, шырока раскрыліўшы галіны, узвышалася вялікае, магутнае, зялёнае-зялёнае дрэва — крона яго сягала аж за плошчу, і пераспелыя плады падалі нават на шкляныя дахі прыпляцавых дамоў.

Радзім паклаў руку Оі на плечы.

— Гэта ж тваё дрэва, — ціха прамовіў ён. — Я падарыў яго табе.

— А навошта мне?

— Дык ты ж прасіла. Памятаеш: «Падары мне дрэва»?

— А ты ведаеш, што сваёю няўвагаю вельмі пакрыўдзіў Яго Мосць. Гэта дрэва ягонае…

— Гэта дрэва тваё… — выдыхнуў Радзім і прыгарнуў Ою яшчэ бліжэй да сябе.

І ў гэты час з-за самай высокай галінкі яблыні выплыла штосьці невыразнае, падобнае на светлае воблачка, якое ўсё расло і расло, набліжаючыся да іх. Калі воблачка спынілася перад самым акном, Радзім пазнаў у ім Юлю — яна, нічога не гаворачы, адно толькі ківала галавою і з дакорам, з асуджэннем глядзела на яго.

Оя вяла сябе нязмушана, і яму спачатку падалося, што яна не бачыць гэтай відзежы, але, калі воблачка, змяніўшы абрысы, зацёршы твар Юлі, паволі пачало здаляцца, а затым і зусім знікла за зялёнаю кронаю яблыні, зэмка, нават не гледзячы ў той бок, спакойна, як пра штосьці даўно вядомае, сказала:

— Я ж табе ўжо тлумачыла: яна знаходзіцца ў зусім іншым вымярэнні і вы з ёю ніколі не зможаце сустрэцца. Тое, што ты бачыў, гэта не Юля, гэта ўсяго толькі штамп яе. Разумееш, матрыца… — Сцепануўшыся як ад холаду, яна дадала: — Я пайду ўжо… А ты адпачывай. Натаміўся ж за дзень…

І выйшла з пакоя.

Ён яшчэ крыху пастаяў ля акна, паглядзеў на дрэва — яму здалося, што ён увачавідкі бачыць, як яно расце і шырыцца, — нават падумаў, што хутчэй за ўсё заўтра галіны дастануць да яго шыбін, а пасля разабраў ложак, які стаяў менавіта ў гэтым пакоі, і, стомлены, змораны, лёг спаць. Ложак тут ужо быў не шкляны, гэта яму спадабалася, і ён, нічога не асцерагаючыся, зручней умасціўся на ім і адразу ж заснуў.