Выбрать главу

Прачнуўся Радзім рана — разбудзілі галіны, якія і напраўду дараслі да акна і ўжо шкрэбліся ў шыбы. Ён пругка ўскочыў з ложка і падышоў да акна. І адразу аслупянеў. Плошчы не было! На яе месцы віравала зеляніна, там, унізе, буйнелі такія густыя і непралазныя зараснікі, з-за якіх нават не відно было людзей, — ці то зеляніна хавала іх, ці то яблыневы гушчар начыста выцесніў з пляца зэмаў — усіх да чалавека.

Ён спяшаючыся апрануўся і выскачыў з пакоя, каб бегчы хутчэй на плошчу. І нечакана ледзь не збіў з ног Ою — яна выходзіла з суседняга пакоя.

— І ты начавала тут? — здзіўлена спытаўся ён.

— Ага, — сціпла адказала дзяўчына.

І, бачачы, што Радзім нічога не разумее, патлумачыла:

— Яго Мосць загадаў і мне жыць у тваім шыкоўным палацы…

І каб ён не падумаў чаго-небудзь лішняга, сарамліва апусціла вочы долу:

— Ён хоча, каб ты хутчэй навучыўся нашай мове…

— Хадзем! — не даўшы Оі дагаварыць, хлопец, узрушаны тым, што нядаўна ўбачыў, схапіў зэмку за руку і зноў пацягнуў за сабою ў пакой, да акна. — Зірні, што робіцца!

Мора зеляніны шумела над плошчаю. Не было відно і турмы — яна таксама патанула ў гэтым віры жыцця. Нават асабліва не задумваючыся, было зразумела, адкуль з'явіліся такія джунглі — гэта папрарасталі тыя семкі, якія шчыра выкалупвалі зэмы з яблыкаў і абыякава кідалі пад ногі, на зямлю.

Што тут рабілася! Дрэвы ўзыходзілі, раслі, цвілі, пладаносілі. Яблыкі асыпаліся, разбіваліся аб зямлю, тут жа прарасталі і зноў раслі, цвілі, пладаносілі.

І дрэвы, і зямля нібы пазвар'яцелі: яны засумавалі, стаміліся адно без аднаго і цяпер апантана цешыліся з таго, што нарэшце разам.

Оя ўзрадавана глядзела на неўтаймоўны яблыневы сад, на зялёныя джунглі ўнізе, а ён спалохаўся: гэта ж катастрофа, якая скінецца такой жа самаю, а можа, яшчэ большаю бядою, чым тая, на якую асудзілі зэмаў таля-малі — дрэвы ж пры такой урадлівасці зямлі і спрыяльнасці клімату могуць так бескантрольна распладзіцца, што выжывуць нават людзей!

І тады ўвесь іх шкляны рай хрусне і асыплецца друзам, як ужо хруснула турма на плошчы толькі ад аднаго дрэва. А хіба шкло ўтрымае такі напор зялёнага хларафілу?

— Хадзем хутчэй туды! — Радзім зноў схапіў Ою за руку і хацеў бегчы разам з ёю на плошчу, але яна заўпарцілася.

— Навошта? Ты ж падарыў мне дрэва, а значыць, і ўсё, што ля яго вырасла. Дай палюбавацца зелянінаю…

— Оя, разумееш, гэта страшна.

— Страшна? Што ты — гэта прыгожа.

І ўсё ж, як яна ні ўпіралася, ён сілаю пацягнуў яе са шклянога палаца.

На плошчы адбывалася нешта неверагоднае. Увачавідкі раслі дрэўцы — яны аж шуршалі, сутыкаючыся, змешваючыся кронамі, лісцем. Адусюль да плошчы спяшаліся людзі, яны хапалі, выдзіралі з зямлі дрэўцы і, не атрасаючы карэнне ад зямлі, беглі ў розныя бакі, каб як мага хутчэй пасадзіць іх ля сваіх хат і сядзіб. Ён бачыў, з якой прагавітасцю глядзелі людзі на зарослую плошчу, на тыя дрэўцы, якія неслі ў руках, і пачынаў разумець, як засумавалі зэмы па зеляніне.

Людзі вырывалі, выкопвалі дрэўцы, як крадучыся, — быццам разумелі, што робяць нешта небяспечнае, што самі нясуць дадому сваю бяду: яны ж, калі разрастуцца, патрушчаць і хаты, і хлявы, запалоняць, як пустазелле, усе гарады і сцежкі, узламаюць вуліцы.

Ён з жахам уявіў сабе нават заўтрашнюю раніцу — прачнуцца людзі, а з хат выйсці не змогуць: дзверы не адчыніць — за адну ноч дрэвы зробяць іх вязнямі ў сваіх жа хатах.

Напалоханы гэтымі думкамі, ён з краю няўцямна пачаў затоптваць у зямлю, вырываць дрэвы, якія яшчэ былі кволыя і мяккія, як трава, — нібы збіраўся палоць сад.

— Што ты робіш?! — закрычала на яго Оя. — Не чапай!

Ён і сам разумеў, што вядзе сябе недарэчна, — хіба так уратуеш зэмаў ад бяды?!

Зніякавеў, пакінуў займацца глупствам, спытаўся:

— Слухай, а дзе дзед Жыў!

— Вой, — войкнула дзяўчына, — ён жа ў турме застаўся. — Радзім адчуваў, што і яе пачала апаноўваць трывога. — Можа, яго дрэвы задушылі… Хадзем вызваляць!

Шкляной турмы ўжо не было відаць і адсюль — месца, дзе яна стаяла, паглынула зеляніна. І ўсё ж Радзім, нічога не адказаўшы Оі, моўчкі пачаў прадзірацца праз гушчар — помніў, у якім баку трэба яе шукаць. За ім, адхінаючы галінкі, якія заміналі, ішла Оя.

Прадзіраліся яны доўга і цярпліва. Але калі падышлі блізка, не пазналі нават таго месца, дзе стаяла турма. Шклянога дома ўжо не было, яго начыста раструшчылі дрэвы.

Ледзь адшукалі яны і дзеда Жыва. Ён, мусіць, напіўшыся горкай вады, спакойна спаў пад лісцём у вузенькім праходзе між маладых дрэўцаў, што выраслі з яго ж семкаў, якія ён сам выкалупваў з агрызкаў. Радзім і Оя доўга расхіналі ўсюды лісцё — так шукаюць на градах агуркі,— пакуль, нарэшце, не ўбачылі старога.