Аднак канвойцы-ахоўнікі рашуча заступілі яму дарогу. Яны не дазвалялі прайсці і ветлівымі жэстамі запрашалі ў машыну. Радзім прасіў Ою растлумачыць ім, што яны пойдуць да Яго Мосця пешкі, што на такой доўгай машыне, ды яшчэ з коньмі нязручна круціцца па вузкіх і кароткіх, вуліцах, але ахоўцы былі непрыступныя — толькі на машыне, толькі на машыне…
З імі згаджалася і Оя.
— Разумееш, — разважала яна, — Яго Мосць падумае, што ты не паважаеш яго, грэбуеш падарункам, які ён зрабіў табе ад шчырага сэрца. Давай першы раз з'ездзім у палац, пакажам, што мы прынялі яго падарунак, а потым будзем хадзіць, а гэтая цыгара няхай стаіць у нас пад вокнамі.
— А коні?
— Пра коней няхай яны думаюць, — паказала Оя на ахоўцаў.
Дзяўчына ўгаварыла яго, і ен хоць і з вялікаю неахвотаю, але ўсё ж згадзіўся лезці ў машыну.
Машына была для гэтага шклянога горада завельмі шыкоўная. Адзін ахоўнік сеў за руль, даруйце, за лейцы, другі гэпнуўся побач з ім, а Радзім з Ояй сціпла ўладкаваліся на прасторным заднім сядзенні — месца там хапіла б і яшчэ для дваіх, такіх як яны, пасажыраў.
Ахоўнік адною рукою — другая ляжала на стырне — тузануў лейцы, коні паціху пайшлі, машына, як усё роўна завялася, нячутна кранулася з месца і, прымінаючы коламі парасткі новых яблынь, якія падыходзілі ўжо да самага ганка, няспешна выруліла на вуліцу.
Вуліца таксама паспела зарасці маладзенькімі яблынькамі. Яны сцябалі па бамперы, шаргаталі па днішчы, згіналіся, але не ламаліся і ззаду, адразу ж за коламі, як гумавыя, выпрамляліся зноў.
На вуліцах быў вялікі рух, і таму ахоўцы не вельмі разганялі коней, каб выпадкам каго-небудзь не падбіць. Людзі мітусіліся, хадзілі туды-сюды: хто кіраваўся яшчэ толькі на плошчу, а хто ўжо, шчаслівы, бег адтуль з маленькім дрэўцам.
Зэмы заўважалі яго, пазнавалі, задаволена ўсміхаліся і ветліва махалі яму рукамі — як усё роўна якой славутасці ці самому Верхаводу. А ён саромеўся гэтай увагі і не адказваў на прывітанні.
Оі ж гэта падабалася. Ён зірнуў адным вокам на яе задаволены твар, і яму стала радасна за яе: ці многа чалавеку трэба, каб быць шчаслівым!
І раптам Радзім, яшчэ нічога не разумеючы і не бачачы, адчуў, што машына спынілася, стаіць на месцы. Яму напачатку здалося, што гэта нехта з асабліва шчырых прыхільнікаў кінуўся над самыя колы, каб выказаць прышэльцу сваю ўдзячнасць, а ахоўцы затармазілі, баючыся на каго-небудзь наехаць. Але перад машынаю нікога не было, а тыя зэмы, што ішлі наўзбоч, таксама спыніліся, параскрывалі раты і са здзіўленнем назіралі, што тут адбываецца.
Радзім вачыма пашукаў коней, аднак каля машыны іх не ўбачыў — яны, адпрэжаныя, валакучы за сабою лейцы, ішлі ўжо вольна далёка наперадзе: хто іх і калі выпраг — невядома.
Нечакана цыгарападобная калясніца, у якой яны сядзелі, нібы натурлівы конь, узвілася, стала на заднія колы. Пад машынаю нешта зашыпела, загуло, і не паспеў Радзім апамятацца, як ужо зразумеў, што яны ляцяць проста ўгору пад самую столь.
Адразу ж наперадзе ў іх, перад ветравым шклом, штосьці залопала, зашуршэла, нібыта раскрываўся які парасон. Той жа час вачам стала цёмна, як усё роўна іх нешта засланіла. Хутчэй за ўсё гэтае «нешта» лёгка прабіла шкляную столь — Радзім паспеў схаваць галаву сам, а Оіну прыгнуў адзін з канвойцаў — і яны выразна пачулі, як па парасоне залопалі кавалкі разбітага шкла, як тыя са звонам пасыпаліся на зямлю.
Як толькі ракета вырвалася з-пад шклянога даху, яна адразу ж прыняла гарызантальнае становішча, па баках у яе з'явіліся элегантныя срабрыстыя крылы, якія шырыліся ад самага ветравога шкла, і павольна, нібы ў беспаветранай прасторы, паплыла над нежыццёваю пустыняю.
Радзім і Оя, бледныя, напалоханыя, сядзелі ціха, не варушачыся. Абодва ахоўцы цяпер, здаецца, не звярталі на іх ніякай увагі — былі занятыя палётам, напружана сачылі за прыборамі, і таму толькі той, што быў побач з пілотам, зрэдзь калі кідаў позірк у іх бок, каб пераканацца, што яны сядзяць на месцы, пакуль што не выпалі і не згубіліся.
— Спытай у іх, куды мы ляцім, — як прайшоў крыху спалох, папрасіў ён Ою.
Але ўбачыўшы, што зэмка сядзіць ні жывая і ні мёртвая і не можа з пераляку нават вымавіць слова, змоўк і сам і з нейкім лёгкім галавакружэннем пачаў разглядаць шэрую і нецікавую пустыню, якая, нежыццёвая і непрывабная, паволі праплывала пад імі.
Азірнуўся назад. Убачыў, як здаляецца ўпісаная ў горы і ў пустыню вялізная цяпліца, пад якой — цэлы горад, а магчыма, і не адзін, а некалькі гарадоў, уся краіна. Адсюль, здалёку, ужо добра акрэсліваліся нейкія шары, кубы, сферы, паўсферы, рашэцістыя дахі, якія зблізку, пад шклом, нельга было разгледзець.