Выбрать главу

Падумаў, што калі б хто-небудзь з зямлі вось зараз мог убачыць іхні палёт, яго, канечне ж, здзівіла б прыстасаванне, на якім яны ляцелі: аўтамабіль, з самымі сапраўднымі коламі, што бездапаможна вісяць у паветры, але ён ужо, як птушка, махае крыламі, абапіраючыся на разрэджанае паветра, а спераду, нібы наморднік, узбіўся на радыятар стальны парасон, з дапамогаю якога ракета прабівала шкляны дах.

Аднак ніхто з зямлі іх не бачыў,— пустыня пад імі была бязлюдная, нежыццёвая: ніводная казяўка ўнізе не парушала дрымотнага спакою пяску. Упасці на яе было страшна.

Тым часам пілоты дасталі адтуль, дзе ў машынах звычайна бываюць запальнічкі для прыкурвання, маленькае перагаворнае прыстасаванне, па чарзе з некім ажыўлена перамаўляліся, заклапочана нешта абмяркоўвалі. Радзім хацеў быў спытацца ў Оі, пра што яны гавораць, але ўбачыўшы, што дзяўчына ўсё яшчэ не прыйшла ў сябе, сядзіць, нібы сонная, не стаў яе чапаць.

Праз нейкі час ракета пачала зніжацца. Спачатку Радзім падумаў, што, можа, выявіліся якія непаладкі і чакаецца змушаная пасадка, але ўбачыўшы, як спакойна маніпуліруе рычагамі і нейкімі тумблерамі пілот, зразумеў, што зніжаюцца яны свядома.

Нарэшце ракета дакранулася коламі да зямлі, праехала крыху па нечапаным пяску і зарылася носам у высокі пясчаны бархан. Пілоты, былыя канвойцы, а цяпер ахоўцы, моўчкі выйшлі з машыны — лятальны апарат стаў ужо зноў звычайнаю машынаю, нават крылы пахаваў,— адышлі далей у цень ад бархана, паслалі нейкую латніну пад сябе і ўлегліся на пясок.

Раскатурхаў і ён Ою. Яны таксама вылезлі з машыны.

Бязлітасна пякло сонца. Пясок быў гарачы, і ад яго дыхала такою спёкаю, што гарачыня, як ватаю, забівала рот. Не было чым дыхаць: і паветра разрэджанае, і сквар невыносны.

Радзім з Ояю таксама адышліся пад бархан, у крыху прыцененае месца. Ахоўцам стала не відаць іх, і яны заварушыліся, не выходзячы асабліва з ценю, пасунуліся, каб захопленыя былі навідавоку — хоць адсюль, канечне ж, нікуды не ўцячэш, але ўсё ж спакайней, калі бачыш украдзенае.

Сквар быў неймаверны, яму хацелася зняць сарочку, але ён не рабіў гэтага — ведаў, што сонца тады сасмаліць, спячэ зусім.

Злодзеі — ён ужо разумеў, што яго зноў укралі, толькі не ведаў навошта — ляжалі пад барханам і, раз-пораз пазіраючы ў іх бок, спакойна, ціхамірна гаманілі, смяяліся.

Оя, здаецца, ачомалася, зразумела, што з імі здарылася, але сядзела на пяску і, абыякава гледзячы ў пустыню, здавалася, ні на што не звяртала ўвагі. Радзім жа бачыў, што яна ўважліва слухае выкрадальнікаў. Каб не перашкаджаць ёй, прыхінуўся да бархана, сядзеў ціха і маўчаў. І толькі калі пясок зверху тоненькім ручайком нечакана пацёк яму за каўнер, паварушыўся, і гэта нібы абудзіла Ою. Яна павярнулася да яго.

— Ведаеш, пра што яны гавораць? Гэта ж таля-малі. Разумееш, то ж трэба так спрытна прыкінуцца зэмамі, што нават Яго Мосць паверыў у гэта і ўзяў да сябе на службу. Зараз яны наўзахапкі расказваюць адзін аднаму, як абдурылі нас, пацяшаюцца над Яго Мосцю.

Оя гаварыла гучна, — не баючыся, што таля-малі яе пачуюць. А калі і пачуюць, усё роўна нічога не зразумеюць: беларускай жа яны не ведаюць.

— Слухай, а давай мы будзем вучыць тваю мову, — нечакана прапанаваў Радзім. — Усё роўна ж няма чаго рабіць.

Але Оя не згадзілася.

— Не час, хлопча, — ледзь перавяла яна дыханне.

Гаварыць ёй было цяжка, яна задыхалася — разрэджанае паветра сушыла ў роце, яго не хапала, а гарачыня, якая дыхала ў твар ад распаленага пяску, здаецца, абпальвала горла, набівалася ў лёгкія, закладала бронхі. І яму цяжка было дыхаць, ён таксама задыхаўся. Радзіма пачынала апаноўваць падсвядомая трывога. Зірнуў у той бок, дзе ляжалі людзі, што выкралі іх і прывезлі ў гэтую пустыню, — яны і самі задыхаліся, хапалі ратамі паветра, як рыба, выкінутая на бераг. Ізноў падумалася, што самаход іхні сапсаваўся, што яны змушана селі ў гэтае пекла пяску, памагчы ім няма каму, і таму, відаць, так і давядзецца тут паміраць — сонца высушыць іх, пясок засыпле трупы і толькі вось гэтая дзіўная ракета-аўтамабіль, нібы нейкі вар'яцкі помнік, яшчэ доўга будзе паказваць тое месца, дзе яны пахаваны, пакуль і на яе, нарэшце, не наступіць які-небудзь бліжэйшы бархан.

Яму хацелася хоць чым-небудзь дапамагчы Оі, але як гэта зрабіць, ён не ведаў. Што можна знайсці для дапамогі тут, дзе, апрача пяску, нічога няма?!

Пасунуў дзяўчыну яшчэ далей у цень і, пальцамі асцярожна дакранаючыся да яе вуснаў, хацеў зняць пясчынку, што прыліпла да верхняй губы. Оя не адсланілася, а наадварот падалася наперад, пацерлася вуснамі аб яго пальцы, а затым даверліва прыхінулася гарачаю шчакою да Радзімавай далоні, нібы шукала спагады і абароны.