Абое яны дыхалі цяжка, задыхаліся.
Радзім, разумеючы сваю бездапаможнасць, не вытрымаў Оінага позірку, адвёў вочы, у адчаі ўгледзеўся ў нейкае зусім выцвілае ад сонца неба… І аж скалануўся. Ці не галюцынацыі гэта пачынаюцца ў яго? Далёка-далёка, пры самым гарыстым небасхіле, ён убачыў невялічкае воблачка, якое, усё павялічваючыся і павялічваючыся, злёгку пагойдваючыся, імкліва набліжалася ў іхні бок. Амаль той жа час, як з'явілася воблачка, пачуўся дзіўны гул, які быццам бы выходзіў з нейкага незразумелага рухавіка. Воблачка і рухавік? Бог ведае што! Ён прыслухаўся ўважлівей і зразумеў, што гул да воблачка не мае ніякіх адносін, — воблачка ляцела з аднаго боку, гул ішоў з іншага, але і тое і другое набліжалася менавіта сюды, да іх.
Калі аблачынка была ўжо зусім блізка, ён зноў пазнаў у ёй Юлю. Яна спынілася непадалёку ад іх у небе, пастаяла крыху над зямлёю, моўчкі, але дакорліва пахітала, як і папярэдні раз, галавою. Радзім інстынктыўна выцягнуў руку з-пад Оінай шчакі і падхапіўся, каб бегчы да Юлі. Гул жа ўсё набліжаўся. Неўзабаве зусім побач нешта затрашчала, заскрыгатала, і воблачка-Юля, нібы спалохаўшыся шуму, уздрыгнуўшы, сарвалася з месца і хутка-хутка, нібы ўскрыленая птушка, паляцела туды, адкуль і з'явілася. Ён правёў Юлю вачыма аж за небасхіл, шкадуючы, што зноў не сустрэліся, і толькі тады агледзеўся: што тут, маўляў, робіцца?
Амаль каля іхняга аўтамабіля на невялікім бархане стаяў аграмадны шкляны шар. Ён быў вельмі падобны на лятаючыя талеркі, якія, Радзім памятае, малявалі на зямлі ў газетах і часопісах. Каля яго ўжо хадзілі нейкія людзі ў вялікіх, таксама шкляных, шарах, а з талеркі выходзілі усё новыя і новыя незнаёмцы. І яны былі ў гэткіх самых празрыстых скафандрах. Некаторыя мелі іх і ў запасе, трымалі шары яшчэ і ў руках.
Вакол тых, што прыляцелі, мітусліва бегалі іхнія выкраданцы. Яны спяшаючыся надстаўлялі пад шары галовы, хацелі, каб ім хутчэй іх надзелі, але назолаў адпіхвалі рукамі і нешта раззлавана гаварылі ім, тлумачылі.
— Ведаеш, пра што яны гамоняць? — перасільваючы задышку, спыталася Оя. — Кажуць, маўляў, чаго вы спяшаецеся, мы ж прыляцелі не па вас, а па іх. І на нас паказваюць.
Людзі са шклянымі скафандрамі ў руках ужо ішлі да іх. Выкрадзеныя падняліся з пяску. Радзім дапамог устаць на ногі Оі, яны стаялі поплеч і чакалі, што з імі будуць рабіць. Касманаўты, як іх сам сабе назваў Радзім, падышлі Да іх і адразу, неяк хутка і лёгка, абоім адначасова, надзелі на галовы такія ж, як і ў саміх, шкляныя шары. Радзіму здавалася, што яны, дужа вялікія і цяжкія, будуць ціснуць на плечы, але скафандры, як выявілася, былі амаль невагомыя, і зусім не адчувалася іхняга цяжару. Касманаўты нешта прывінцілі, нешта ўзялі на зашчапкі. Націснулі нейкія кнопкі і адышліся да гурту, дзе такія ж шары ўжо надзявалі і былым іхнім ахоўнікам.
Радзім адразу адчуў, як лёгка стала дыхаць. Убачыў радасныя вочы Оі, заўважыў, як яна ўпершыню за апошні час усміхнулася, і ўзрадаваўся: тыя, што прыляцелі за імі, прывезлі апараты для дыхання ў беспаветранай прасторы, і цяпер ужо, канечне, ім гэтая мёртвая пустыня не пагражае.
Людзі ў шарах выглядалі смешнавата: унізе тоненькія, а зверху на плячах у кожнага матляюцца вялікія, шкляныя, круглыя, як колбы, пузыры. Шары былі настолькі грувасткія, што было нават дзіўна, як гэта людзі, ходзячы так блізка адзін ля аднаго, не стукаюцца імі, не судакранаюцца пры сустрэчах.
Усе — і тыя, хто іх выкраў, і тыя, хто прыляцеў па выкрадзеных, — пастаялі яшчэ крыху каля машыны-ракеты, пра нешта пагаварылі, параіліся. Відаць, абмяркоўвалі, што рабіць з аўтамабілем, які, канечне ж, хоць талерка і такая вялікая, усё роўна не ўмесціцца ў ёй, — а потым забралі штосьці з сігары, перанеслі ў шар, затым прыйшлі і па іх. Першымі прапусцілі ў талерку Радзіма і Ою, а за імі спакойна, не спяшаючыся зайшлі і ўсе іншыя. Дзверы самі сабою бясшумна зачыніліся.
Іх пасадзілі ў мяккія крэслы, расселіся самі, і шар гэтак жа бясшумна, як зачыняліся і дзверы, падняўся над зямлёю і паляцеў. Адкуль толькі і браўся той грукат, ад якога закладала вушы, калі ён набліжаўся і садзіўся ў пустыні?! Відаць, увесь той шум астаецца вонкі, а кабіна ад яго вельмі добра абаронена.
Шар, мусіць, каб знарок паказаць ім свае вартасці, некалькі разоў мяняў накірунак — спыняўся ён лёгка і ляцеў у любы бок нязмушана, — а затым, набраўшы патрэбную вышыню, паляцеў наперад імкліва і прыгожа.
Ляцелі хутка. Унізе мільгалі барханы. Радзім глядзеў на пустыню, такую няўтульную, нежывую і, наслухаўшыся зэмаў пра каварнасць, хітрасць, хцівасць, несумленнасць таля-маляў, не зважаючы на тое, што па іх прыляцелі нармальныя, нават далікатныя людзі, з жахам думаў пра сустрэчу з гэтымі нягоднікамі на іхніх сцежках і дарогах.