Выбрать главу

Ужо чацвёра ахоўнікаў — двое новых, Оіных, таксама далучыліся да ранейшых — ніякавата глядзелі на ўсё гэта: не ведалі, ці ратаваць дзяўчыну, ці наогул адвярнуцца, каб не замінаць іхняй радасці.

Яму і самому пасля было няёмка за гэтую сваю слабасць, але той момант Радзім не змог стрымаць сябе.

Зямля, адведзеная пад будучы нацыянальны сад, нічым не адрознівалася ад іншай — шэрая, камяністая, аплылая, як пасля пажару, нават не агароджаная: навошта адгароджваць адну няўдобіцу ад такой жа няўдобіцы побач.

Самі таля-малі жылі пад зямлёю. Там у іх былі кватэры, ярка асветленыя вуліцы, кафэ, кандыцыянеры, чыстае паветра. На зямлі яны нічога не будавалі. І выходзілі на паверхню рэдка — скажам, толькі вось у такія незвычайныя дні, калі з'ўляліся дужа важныя госці. Тады тыя, хто сустракаў іх, адзявалі скафандры і пакідалі на нейкі час свой падземны рай.

Пра гэта ім расказвалі ахоўцы, але саміх Радзіма і Ою таля-малі пад зямлю не пускалі. Мусіць, не давяралі, баяліся, што яны ўведаюць іхнія сакрэты і перададуць зэмам.

Паставілі пасярод задуманага сада шкляны шар — такі ж, як і іхнія скафандры, толькі вельмі вялікі, дзе яны і жылі разам з чатырма ахоўнікамі. Радзім разумеў, што такое жыллё само па сабе і ёсць ужо турма, але не зважаў на гэта — працаваў многа і шчыра. Памагала рабіць зямлю і Оя, а таксама ахоўцы — яны прыносілі аднекуль ваду, дзяўблі ламамі дол, пераціралі цвёрдыя глыбы ў руках.

Вельмі замінаў працаваць нейкі дужа моцны вецер. Спачатку ён дзьмуў у адзін бок, потым пераварочваўся і дзьмуў у другі. Затым зноў накірунак мяняўся. І так кожны дзень і кожную ноч.

— Што гэта за вецер? — спытаўся неяк Радзім у ахоўцаў.

Тыя сумеліся ці нават, як яму здалося, спалохаліся і, насцярожана азіраючыся па баках, шэптам, амаль у адзін голас адказалі:

— Гэта ж Цмок. Ён жыве ў Жалезным Хаосе і крадзе наша паветра. Высмоктвае ад нас чысцейшае, а выдыхае нам сваё, бруднае.

— Туды, — пачуўшы гаворку, далучыўся да яе і ранейшы канвойца — ён ужо быў смялейшы і не прыкрываў рот рукою, — на Жалезны Хаос, да Цмока ў госці ў нас высылаюць злачынцаў,— і, крыху памаўчаўшы, дадаў: — І адтуль ніхто ніколі не вяртаўся…

І цяпер ніхто не вяртаецца, — задумліва, нібы сам сабе, зазначыў адзін з новых ахоўнікаў.

Заняты клопатамі, Радзім не звярнуў на гэта асаблівай увагі — вецер яму замінаў, але не настолькі, каб перашкаджаць працы.

Напачатку яму здавалася, што і тут, як у Зэміі, усё будзе лёгка і проста. Не паспее ён укінуць у зямлю зярняты, як яна адразу ж пачне падымацца, варушыцца, той жа час пакажуцца парасткі, і неўзабаве яны выбухнуць, разрастуцца ў купчастыя дрэвы.

Ён нават, толькі што ўкінуўшы зярняты ў глебу, пільна прыглядаўся, каб не прапусціць таго моманту, калі яны возьмуцца прарастаць, але зямля не варушылася, і Радзім з нейкаю падсвядомаю вусцішнасцю зразумеў, што такога віравання зеляніны, як у Зэміі, тут не будзе.

Не з'явіліся ўсходы ні на другі, ні на трэці дзень. З неспакоем пазіраў штораніцы на зямлю ён сам, з трывогаю кідала вокам то на раллю, то на яго Оя, нават канвойцы і тыя не хавалі сваёй заклапочанасці: што ж будзе, як зярняты не прарастуць?!

Але зямля заставалася ўсё тая ж — шэрая, голая, пустая, і ніводная дзюбачка нават кволага, бледнага парастка так і не асвятліла яе.

Канечне, уся прычына ў самой зямлі. Яна ж тут так разбурана, знішчана, што чакаць ад яе нейкага ўраджаю недарэчна.

Радзім ужо бачыў, як, застаўшыся на паверхні, прымудраецца жыць у гэтых немагчымых умовах усё жывое. Магчыма, і ў жывёл тут ёсць свае падземныя паселішчы, але калі яны выходзяць з глыбінь зямлі, іхняя фантазія сягае нават далей за чалавечую.

Ён, да прыкладу, бачыў рыбіну, якая сама сабе рабіла ручай — выпускала перад сабою ваду, а праплыўшы, збірала яе, ды так акуратна, што на зямлі не заставалася ані кропелькі — вада нават не паспявала змачыць зямлю — і нанава пырскала яе наперад. Так і плыла.

Бачыў, як нейкая незнаёмая яму жывёліна, вельмі падобная на вавёрку, толькі маленькая, знаходзячыся ўсярэдзіне вялікага зялёнага круга, паволі круціла яго лапкамі, і той слаўся ёй пад ногі травяністым дыванком, на якім яна паслася, — пакуль жывёліна аб'ядала траву пад нагамі, зверху нарастала новая. Перпетуум-мобіле харчавання, вечны рухавік узнаўлення ежы, дый годзе!