Выбрать главу

У канцы тэрміну яны ўжо амаль нічога не вучылі, а, моцна прыціснуўшыся скафандрамі, узяўшыся за рукі, моўчкі сядзелі побач і неяк асуджана глядзелі адно аднаму ў вочы. Оя часам падбадзёрвала яго, а заадно, мусіць, і сябе, усміхалася яму, але ён бачыў, колькі каштуе ёй гэтая ўсмешка — у вачах дзяўчыны стаялі слёзы.

Калі тэрмін вучобы скончыўся, у іхні шар прыйшлі таля-малі, зрабілі яму экзамен, пыталіся, правяралі і, зразумеўшы, што чужынец збольшага ведае мову, а астатняе, маўляў, давучыцца самастойна, у размовах, забралі з сабою Ою і зніклі. Радзім з ёю не паспеў нават развітацца. Хаця, шчыра кажучы, яны развітваліся ўсе гэтыя дзесяць тужліва-зажураных дзён і начэй.

Цяпер ён застаўся адзін. Удваіх усё ж было спакайней і надзейней — было да каго хоць агукнуцца словам, параіцца. А зараз — адзін на ўсю Талямалію!

Хацеў ужо брацца за працу, але яму сказалі пачакаць — трэба спачатку прайсці перападрыхтоўку: у іх, маўляў, ёсць славутыя вучоныя, нехта з іх пачытае Радзіму лекцыі пра ўзаемасувязь біялагічных і хімічных працэсаў, пра магчымасць стварэння новых арганічных злучэнняў і сістэм з небывалымі ўласцівасцямі. А што, калі раптам менавіта гэта дапаможа хлопцу збудаваць дрэва?!

Прафесар, які прыйшоў да яго ў шар, быў, мусіць, сапраўдны вучоны — задумлівы, абыякавы да ўсяго, засяроджаны толькі на сваіх думках. Адзенне для яго не існавала — апрануты ён быў як усё роўна які бомж ці жабрак: кашуля зашпілена не на тыя гузікі, пінжак зашморгнуты нейкаю вяровачкаю, а адзіная цэлая пятля абы-як накінута на аплік.

Здавалася, ён нікога і нічога не заўважае — нават Радзіма, дзеля якога якраз і прыйшоў сюды. Адразу ж, адно толькі павітаўшыся, ён расклаў перад сабою нейкія кнігі, рукапісы, манускрыпты і пачаў:

— Біялагічныя сістэмы паказваюць, якой фантастычнай разнастайнасці рэакцый, якой складанасці здольная дасягнуць сістэма арганізаваных малекул.

Ён і зараз, здаецца, не заўважаў Радзіма, гаварыў сам для сябе і пераконваў самога сябе.

— Я думаю, што біялогія можа даць хіміку добры матэрыял. Паміж малекуламі, што жывыя арганізмы навучыліся ствараць у ходзе эвалюцыі, адбываюцца такія рэакцыі, якія мы яшчэ не ўмеем узнаўляць у лабараторыях, а часцей за ўсё не можам нават і зразумець. Аднак гэта таксама хімія.

Прафесар часта падымаў рукі, папраўляў скафандр, які вельмі ж нязграбна трымаўся на яго плячах. Было відаць, што гэты шкляны шар замінае яму, што прафесар не прывык да яго — мусіць, вучоны ніколі не выходзіў з падзямелля і скафандр адзеў ці не ўпершыню.

— Прывяду прыклад: адна з функцый фотасінтэзу раслін заключаецца ў тым, каб выпрацоўваць кісларод з дапамогаю вады, для чаго патрэбен каталізатар, здольны стымуляваць гэтую чыста хімічную рэакцыю. Ролю гэтага каталізатара бяруць на сябе бялкі, якія ўтрымліваюць атамы марганцу. Але ніхто не ведае, як пабудаваныя гэтыя ўчасткі малекул і якім чынам іх можна ўзнавіць. Вось тыповы прыклад таго, як біялогія паказвае хімікам на існаванне своеасаблівай рэакцыі, гэта значыць, напрамак, у якім варта весці даследаванні.

Прафесар хадзіў па пакоі, заклаўшы рукі за спіну — акурат як настаўнік гісторыі Цыбулька там, на зямлі, у іхнім класе. Ён глядзеў перад сабою, не плюскаючы вейкамі, нікога і нічога не бачыў — ягоны позірк ніколі не спыняўся на Радзіму, быццам яго тут і не было.

— Хімік звычайна мае два аб'екты працы: па-першае, гэта структура рэчыва, якое ён стварае, а па-другое — і гэта вельмі важна — атрыманне з дапамогаю такой структуры пэўных уласцівасцяў гэтага рэчыва. Такім чынам, пераход малекулярнай хіміі да супермалекулярнай, якой мы зараз займаемся, азначае пераход ад вывучэння структур і ўласцівасцяў да вывучэння сістэм і функцый. Нашы намаганні скіраваны на тое, каб кантраляваць механізмы ўзаемадачыненняў, іх трансфармацыі, аб'яднання, распазнавання адно адным. Бо якраз дзякуючы гэтаму яны могуць выконваць значную колькасць разнастайных функцый, больш інтэгральных, чым функцыі ізаляваных малекул.

«Божа мой, як гэта ўсё сумна!» — думаў Радзім. І навошта яму слухаць такую цягамоціну! Яму, хто ў школе не любіў хімію. А заадно і хімічку, якую называў толькі Табліцай Мендзялееўнай. Яна ведала пра гэта і адказвала хлопцу тым жа самым — непрыязнасцю.

Як яму хацелася зараз збегчы куды-небудзь са свайго гулкага шклянога шара, як ён збягаў у школе з урокаў хіміі!

Спачатку Радзім, як прыкладны вучань, ціха сядзеў за сталом, моршчыў лоб, рабіў выгляд, што ўважліва слухае, а пасля, зразумеўшы, што прафесар не звяртае на яго аніякай увагі, пачаў уставаць, хадзіць па пакоі, займацца сваімі справамі. Падыходзіў да стала, разглядаў прафесаравы паперы, нават корпаўся ў іх — дарэчы, выразкі былі як усё роўна з нашых зямных газет, — гартаў іх, чытаў, але прафесар нібы не бачыў гэтага — безуважна хадзіў па пакоі і, заняты толькі сваімі думкамі, чытаў лекцыю.