— Хімік мае свае перавагі перад біёлагам ужо таму, што тое, што змяшчаецца ў прабірках у гэты канкрэтны момант, не абавязкова павінна знаходзіцца ў жывым стане. Гэта азначае, што ён можа дазволіць сабе значна большыя эксперыменты. Дарэчы, малекулы, якія складаюць жывую матэрыю, — гэта толькі частка ўсяго комплексу малекулярнага свету, які адкрываецца перад намі і ў які мы можам увайсці з любога боку.
— Пан прафесар! Пан прафесар! — загаварыў да вучонага Радзім, але той нібыта і не чуў яго.
Радзім паспрабаваў свістаць. Свіст тут атрымліваўся цікавы — відаць, добра рэзаніравала шкляное памяшканне, форма самой колбы, у якой ён жыў. Але прафесар і на свіст не звярнуў ніякай увагі.
Тады хлопец увогуле выйшаў з колбы, патупаў каля яе, зноў вярнуўся, а прафесар усё хадзіў і хадзіў, усё развіваў і развіваў сваю тэорыю:
— Адзінае, што абмяжоўвае хіміка, дык гэта фундаментальныя законы фізікі. Але ўсё роўна колькасць сістэм, якія ён можа пабудаваць такім чынам, практычна бясконцая. І калі сёння існаванне некаторых рэчываў ці іх уласцівасцей ужо маецца на ўвазе, то несумненна будзе адкрыта яшчэ мноства іншых, пра якія пакуль мы і не падазраём.
І тут Радзіма як ударыла — хлопец аж скалануўся, нібы ад холаду, — нечаканая здагадка: ды гэта ж не чалавек, гэта ж робат, звычайны камп'ютэр!
Насмеліўшыся, калі прафесар ішоў насустрач, Радзім падбег да яго і з усяе сілы ўшчыкнуў за руку: ці закрычыць ад болю? Прафесар не закрычаў, аднак спыніўся і няўцямнымі вачыма паглядзеў на хлопца.
— Вы што-небудзь хацелі спытаць? — нарэшце, калі здзіўленне трохі прайшло, вымавіў ён. — Вам штосьці незразумела?
Пачуўшы звычайны чалавечы голас — дык прафесар жа не камп'ютэр! — Радзім узрадаваўся.
— Ага, — хуценька, каб не перарваўся кантакт, загаварыў хлопец. — У мяне ёсць да вас пытанне. Вось вы ўсё ведаеце. У вас такая глыбокая навука. Скажыце, навошта вам мае яблыні?
— Як гэта — навошта? — разгубіўся прафесар. — Каб аднавіць зямлю. Каб выйсці, урэшце, на паверхню.
— А чаму вы не пабудуеце, не сканструюеце яблыню? Самі?
— Не атрымліваецца, — шчыра прызнаўся прафесар. — Быццам зачаравана, — і, крыху падумаўшы, дадаў: — Гэта зэмы…
Божа мой! Такі розум і такая лухта! Зэмы, ці бачылі вы, вінаватыя. Праўду на зямлі кажуць, што вялікія вучоныя ў жыцці паводзяць сябе, як малыя дзеці. Вераць ва ўсё. Дзеці вераць, бо многае не ведаюць. А яны ж усё ведаюць! І ўсё роўна вераць. А можа, якраз таму і вераць, што столькі ведаюць, што разумеюць — усё можа быць.
— Скажыце, а пад зямлёй у вас добра?
— Вельмі.
— Дык навошта вам выходзіць на гэтую скалечаную, атручаную, спечаную зямлю?
— Хлопча, — прафесар далікатна дакрануўся сваёю худою, касцістаю рукою да яго пляча і паўтарыў: — Хлопча, нічога ты ў нашым жыцці не разумееш, — крыху падумаў і дадаў: — Ведаеш, Схема-2, у якой мы жывём, канечне ж, забяспечвае нас усім, што трэба чалавеку. У нас пад зямлёю ёсць свой акіян і свая савана, сваё балота і свая пустыня, свой лес і свае рэкі. Харчуемся мы тым, што самі выгадуем, дыхаем паветрам, якое ўжо тысячы разоў прайшло праз нашы лёгкія, праз ачышчальныя сістэмы. Але ж гэты наш свет і гэтае наша жыццё — штучныя. Разумееш, мы ў сваёй краіне — заложнікі.
Прафесар задумаўся, нібыта зноў вярнуўся ў самога сябе.
— І разумееш, хлопча, — праз нейкі час загаварыў ён зноў,— што будзе з усім нашым жыццём, якое мы схавалі пад зямлю, калі раптам выйдуць са строю сістэмы, якія забяспечваюць жыццядзейнасць усёй нашай Схемы-2. Уся шматграннасць нашага жыцця ператворыцца ў грудок праху, у камячок звычайнай слізі. А мы хочам не штучнага, а натуральнага жыцця.
Гэта ўжо быў паўтор — такое ён чуў раней у Зэміі.
Прафесар уважліва-ўважліва паглядзеў на Радзіма, нібы хацеў поглядам дашукацца яго душы, а затым уздыхнуў:
— Вось навошта нам, хлопча, твая яблыня.
— Даруйце, прафесар, але вы ўвесь час гаварылі пра Схему-2. А дзе Схема-1?
— А ты на ёй стаіш. Схема-1 — гэта знішчаная наша зямля…
— Навошта ж вы яе знішчалі? Вы ж самі гэта зрабілі…
— «Самі! Самі!» — раззлавана паўтарыў прафесар. — Ты ў гэтым нічога не разумееш, а таму не маеш права нас абвінавачваць…