Ён заплюшчыў вочы, замоўк — відаць, спраўляўся са сваім раздражненнем. Праз нейкі час сцепануўся, адплюшчыў вочы, разгладзіў абедзвюма рукамі штрыфелі пакамечанага картовага пінжака нейкага дапатопнага фасону, перашпіліў гузік, прайшоў каля Радзіма, вярнуўся, пастаяў ля стала і, унурыўшыся ў свае паперы, загаварыў, як і да гэтага, — спакойна і раўнадушна:
— Таму я не буду здзіўлены і ўражаны, калі аднойчы навучацца ствараць сістэмы, якія будуць мець уласцівасці жывых арганізмаў і якія ў той жа час не будуць з'яўляцца арганізмамі ў іх сучасным вызначэнні…
Прафесар зноў хадзіў з кута ў кут па колбе — хаця якія ў колбы куты! — і зноў гаварыў безуважна, абыякавым голасам, і зноў не заўважаў Радзіма.
Хлопец ужо не слухаў яго — ён ведаў, што гэтыя навуковыя тэорыі не памогуць яму прымусіць зернетка прарасці і зазелянець.
Прафесар хадзіў па пакоі, а ён, чуючы яго мерныя, спакойныя крокі, думаў пра што-небудзь сваё.
Думаў пра таля-маляў. Не можа ж быць, каб яны знарок знішчылі край зэмаў, а затым, выгнаныя з Зэміі, разбурылі, атруцілі, знявечылі і сваю зямлю. Яны ж такія разумныя — бачыш, як мудра гаворыць прафесар! — хацелі для Талямаліі зрабіць нешта добрае, а атрымалася вось такая загуба.
Самі сябе пад зямлю загналі. Не можа быць, каб яны такое і планавалі. Значыць, яны хацелі як найлепш, а нейкі нячысцік і напраўду стаяў побач і ўсю іх працу забіраў і аддаваў нягоднікам.
Успамінаў Ою. Асабліва калі заняткі канчаліся, калі выходзіў прафесар, а ён аставаўся сам-насам з канвойцамі ў гэтай халоднай шкляной колбе на нежыццёвай і няўтульнай зямлі, на якой, колькі ні ўглядайся, не ўбачыш нічога, за што можна зачапіцца воку.
Ён сумаваў без Оі і ў час заняткаў. Усё ж ім разам было весялей і цяплей. Дзе яна зараз? Што робіць? Ці саслалі яе на Жалезны Хаос, ці, можа, гаруе, дзе-небудзь на гэтай зямлі — у сваёй турме?
«Оя! Оя! — міжволі паклікаў ён. — Дзе ты?»
У той жа час далёка-далёка на небасхіле з'явілася белая крапка. Яна паволі набліжалася, расла, і ён з нецярпеннем і ў той жа час з нейкаю трывогаю чакаў яе.
Крапка, наблізіўшыся, ператварылася, як і папярэднія разы, у воблачка, яно прайшло праз шкло колбы і спынілася якраз пасярэдзіне памяшкання.
— Юля! — ускрыкнуў ён.
Яна, як і заўсёды, з дакорам паківала галавою, тужліва паглядзела на яго. Прафесар, усё ходзячы і цягнучы сваю казань, некалькі разоў прайшоў праз яе, як праз туман.
Значыць, яна была бясцелая і ніхто, акрамя яго, дзяўчыны не бачыў.
Радзіму стала сорамна: вось ён сумуе, кліча сюды Ою, з якою і праўда пасябраваў, але зусім забыўся пра Юлю, якую яшчэ на самым пачатку, калі камень раз'яднаў іх рукі, пакляўся шукаць, пакуль не знойдзе.
— Юля, даруй! — кінуўся ён да дзяўчыны, але яна паволі скранулася з месца, гэтак жа паволі паплыла, мінула шкляныя сцены колбы.
Ён, адчуваючы, як шчыміць і калоціцца сэрца, назіраў за ёю, аж пакуль яна зноў не ператварылася ў крапку, а затым і зусім не знікла за небасхілам…
Гэтую ноч ён не спаў. Успамінаў той дзень, калі яны рыхтаваліся да апошняга экзамена і калі вось так, ашаломленыя, нічога не разумеючы, змушаны былі расстацца.
Што з ёю? Дзе яна? Магчыма, ёй яшчэ горай, чым яму. І што значаць гэтыя яе хітанні галавою — яна асуджае яго ці нешта яму гаворыць, падказвае?
Новае наведванне Юлі расхвалявала Радзіма зусім, і цяпер ужо на занятках ён быў яшчэ больш няўважлівы да таго, што тлумачыў яму прафесар, і толькі чакаў, калі ўся гэтая вучоба скончыцца.
Прафесар знік гэтак жа нечакана, як і з'явіўся. Не развітаўшыся, не сказаўшы, што яго лекцый болей не будзе.
Калі пра заканчэнне вучобы яму паведамілі канвойцы, ён узрадаваўся і адразу ж, у першую раніцу, пабег у нацыянальны сад, на дзялянку, дзе так даўно не быў.
Зямля і зараз была там чорная і пустая.
З самага краю выкапаў зернетка, узяў яго ў пальцы і паклаў на далонь, уважліва агледзеў з усіх бакоў. Яно было вільготнае, набухлае, з наліплаю зямлёю, але парастка, як ні ўглядаўся, ён не ўбачыў. Што ж не дае семку распукнуцца і прарасці, што замінае яму? Чаму яно, ужо зусім гатовае да жыцця, ніяк не можа адважыцца пусціць парастак?
Разважаючы над гэтым, разумеючы, што пакуль у яго няма ніякага намыслу, як памагчы зернетку, ён зноў закапаў яго ў зямлю, праўда, ужо ў другім месцы — а раптам яно там зможа знайсці сабе ўсё, што трэба для таго, каб узысці? Помнячы, якое вільготнае было семка,і бачачы, якая вільготная зямля, падумаў, што трэба, мусіць, меней паліваць, каб зернеткі, так і не праросшы, не згнілі.