Выбрать главу

Краем вока ўбачыў, што непадалёку ад яго на сваіх градках завіхаюцца і канвойцы, — тыя, што выкралі іх з Зэміі. Радзім і раней заўважаў іх тут, але вось толькі зараз да яго дайшло, што і яны займаюцца тым жа, што і ён сам, відаць, нават дубліруюць яго. Яны таксама пасеялі семкі і гэтак жа нецярпліва чакаюць усходаў. Хутчэй за ўсё яны вывезлі з Зэміі не толькі тыя два яблыкі, якія аддалі яму, і цяпер правяраюць хлопца на шчырасць: ці напраўду ён хоча падарыць Талямаліі дрэва.

А што, калі раптам іхнія зярняты прарастуць, а ягоныя — не?!

З жахам думаючы пра гэта, ён усё ж адважыўся схадзіць туды, каб хоць зводдаль зірнуць на іхнюю дзялянку. Хацеў выдумаць нейкую прычыну — не прыдумаў, і ўсё ж пайшоў, спадзеючыся, што нешта знойдзецца па дарозе. Але і па дарозе нічога не знайшлося вартага, ды гэта ўрэшце і не спатрэбілася — канвойцы, не даўшы сказаць ніводнага слова, насустрач яму грозна спыталіся:

— Чаму не ўзыходзяць дрэвы?

— Не ведаю, — шчыра паціснуў плячыма Радзім. Хлопец прыдзірліва агледзеў дзялянку канвойцаў — зямля была перакапана, узрыхлена не горш, чым у яго самога, — але ніякага парастка і тут не ўбачыў. Дзіва, але ён узрадаваўся, што і гэтая дзялянка голая і няплодная, чорная і пустая! Аднак ахоўнікі засмуцілі яго зноў:

— Гэта ты зачараваў яе? — і вачыма паказалі на зямлю.

— Не, я не ўмею чараваць.

— Нічога, хутка мы разбярэмся, што ты ўмееш, а чаго не ўмееш, — пагрозліва зазначылі таля-малі, і ён адчуў — аж холад пайшоў па спіне, — што пагроза гэтая рэальная.

Аднак неўзабаве, неяк раніцою, калі ён яшчэ спаў, у ягоную колбу шумна ўбеглі радасныя-радасныя канвойцы і з крыкамі: «Ёсць!», «Ёсць!» падхапілі яго з ложка і пацягнулі вонкі, на сваю дзялянку.

Калі яшчэ здалёку на чорнай зямлі Радзім убачыў зялёную крапку, ён ледзь не самлеў, ногі яго зрабіліся ватныя і не хацелі ісці.

Адно зернетка на ўробленай дзялянцы і праўда прарасло. Яно, мусіць, прарэзалася ўначы і да раніцы паспела выштукавацца ў маленькае дрэўца.

Ён, дрыжучы ад страху, рабіў выгляд, што радуецца разам з ахоўнікамі,— нарэшце Талямалія займела сваё дрэва!

Канвойцы шчыра, як дзеці, павесяліўшыся каля свайго дрэва, пацягнулі Радзіма да ягонай дзялянкі. Але зямля тут, як і да гэтага, была чорная і пустая — на ёй не свяцілася ніводнага парастка.

Гэта яшчэ болей напалохала хлопца. Цяпер ужо ён ведаў, што ў яго не засталося ніякай надзеі ўратавацца ад Жалезнага Хаосу. Асабліва пасля таго, як недзе па абедзе дрэва нечакана завяла, лісточкі яго паскруціліся і, зялёныя, апалі на зямлю.

Ахоўцы хадзілі злосныя і незадаволена, пагрозліва пазіралі ў ягоны бок — ён, ён вінаваты, не трэба было дрэва паказваць ягоным нядобрым вачам!

Надвечар па яго прыйшлі — канечне, каго ж яшчэ, як не яго, абвінаваціш ва ўсім, што здарылася! Канвойцы былі новыя, зусім незнаёмыя яму. Завялі яго таксама ў нейкае недагледжанае памяшканне. Тут, у адрозненне ад ярка асветленай залы пасяджэнняў Важнага Савета, было цёмна і змрочна — адзінае, запыленае акно пад самай столлю амаль зусім не прапускала святла. Каля дальняй, супрацьлеглай сцяны ён ледзь разгледзеў трох чалавек — значыць, тройка! — і зразумеў, што яго прывялі ў суд. Той, што сядзеў, пасярэдзіне — хутчэй за ўсё суддзя, — адразу ж, як толькі Радзім увайшоў, лагодным і прыемным голасам спытаўся:

— Скажыце, калі ласка, як вы можаце растлумачыць, што дрэва ўзышло якраз у людзей нявопытных, а ў вас, хто ведае ўсе сакрэты яго вырошчвання, нічога не атрымалася?

Радзіма падвёў вось гэты даверлівы, амаль сяброўскі тон, і ён, падыходзячы бліжэй да суддзяў, пачаў быў шматслоўна разважаць:

— Ведаеце, калі гаварыць шчыра, то ўсё гэта выглядае…

Яго перапынілі. Голас на гэты раз быў ужо іншы — строгі, як загад:

— Стаяць на месцы! Адказваць на пытанні коратка!

— Тады я нічога не ведаю, — заўпарціўся Радзім.

— Можа, скажаце, вы таксама не ведаеце, — голас станавіўся ўсё з'едлівей і з'едлівей, — чаму загінула дрэва, якое ўжо нарадзілася і жыло?

— Не ведаю…

— Не прытварайцеся. Раскажыце суду, якім чынам вы забілі наша дрэва. Вы знайшлі для яго яд?

— Навошта шукаць яд? — зазлаваў Радзім. — Яго ж прасцей зламаць ці, урэшце, выдраць з коранем.

Яму было крыўдна. Ён сам хацеў, вельмі хацеў падараваць таля-малям дрэва, а яны, бач, у чым яго абвінавачваюць — у забойстве яблынькі.

— Але ж вы не зламалі дрэва і не выдралі з коранем. А як забілі?

— Нічога я не забіваў,— упэўнена адказаў Радзім. — І ні ў чым не вінаваты.

— А мы не сумняваемся, што гэтае злачынства зрабілі вы. За што і будзеце пакараны. Нас толькі цікавіць, як вы гэта рабілі і навошта? Гіпноз? Унушэнне? Сурокі? Ці, можа, падсыпалі чаго ў зямлю? Ці, можа, чым апырскалі?