— Нічога я не рабіў! — як не крыкнуў Радзім.
— Не сазнаецеся? Ну і не трэба. Мы самі ведаем, што вас купілі зэмы. Колькі срэбранікаў далі?
Радзім зацяўся і ўжо зусім не адказваў на пытанні — маўчаў. Разумеў, што ўсе доказы цяпер супраць яго і нешта тлумачыць ці проста апраўдвацца няма сэнсу.
А голас усё абвінавачваў:
— Кожнаму вядома, што дрэва — такая ж жывая істота, як і чалавек. Але ж безабароннае. Тым болей, калі яно маленькае. То ж як дзіцятка. А вы паднялі руку на жывое… На гэтае дзіцятка… Страшны вы чалавек!
Радзім ужо не рэагаваў ні на што. Стаяў, няўцямна глядзеў сабе пад ногі і маўчаў.
Думаў: во як тут за дрэва змагаюцца!
Успамінаў: а колькі дрэўцаў сам папаламаў на зямлі!
— Можа, ва ўсім гэтым вінавата зэмка, якую мы ўжо адправілі на Жалезны Хаос? Хутчэй за ўсё яна ўнушыла вам гэтае забойства, а вы проста выканалі яе волю? Як зомбі, як наёмны забойца?
І раптам сюды, у памяшканне суда, убеглі радасныя людзі і што ёсць сілы закрычалі:
— Ён памёр! Ён памёр!
Суддзі, спяшаючыся, ледзь стрымліваючы сябе, хуценька абвясцілі прысуд:
— Саслаць забойцу дрэва на Жалезны Хаос — навечна.
І тут жа ўсхапіліся з-за сталоў, паднялі рукі ўгору, як і ўсе, закрычалі:
— Ён памёр! Нарэшце ён памёр!
Калі ахоўнікі вывелі Радзіма з памяшкання суда, яму здалося, што ўсе таля-малі, адзеўшы скафандры, выйшлі ад радасці з-пад зямлі. Амаль пустая заўсёды прастора зараз была запоўнена людзьмі. Яны весяліліся, смяяліся, танцавалі. Крычалі:
— Ён памёр! Ён памёр!
— Хто памёр? — адважыўся спытацца ў ахоўнікаў Радзім.
— Ён! — адказалі тыя, але ўбачыўшы, што хлопец так нічога і не зразумеў, патлумачылі: — А ты хіба сам не адчуваеш, хто памёр?
Радзім прыслухаўся, прыгледзеўся і сапраўды зразумеў, што нешта змянілася. Нечага яму ўжо не хапала…
«А во яно што! — нарэшце разабраўся ён. — Дык ветру ж, які дзьмуў сюды-туды, не стала. Вецер, значыць, памёр».
І ахоўнікі, адчуўшы, што ён усё зразумеў, закрычалі яму як не ў самыя вушы:
— Цмок памёр! Памёр Цмок!
Праз натоўпы шчаслівых людзей канвойцы павялі яго да другой турмы — туды, дзе рыхтуюць на Жалезны Хаос.
«У выгнанне цябе адправяць сёння ўночы», — сказалі яму.
Ён ішоў, глядзеў на радасных людзей і думаў, што ўсюды, мусіць, вось такія непрыемныя мерапрыемствы адбываюцца ўночы: у нас, на зямлі, ноччу расстрэльвалі ні ў чым не вінаватых людзей, а тут во таксама ноччу высылаюць на нейкі Хаос, адкуль не вяртаюцца.
І яшчэ ён думаў, што абавязкова пашукае на Жалезным Хаосе месца, дзе жыў Цмок, і паспрабуе разабрацца, за што яго так не любілі і ад чаго ён урэшце памёр.
І яшчэ думаў, што страшна, мусіць, жыць, ведаючы, што, адно толькі пачуўшы пра тваю смерць, вось так будуць радавацца і весяліцца людзі.
Жалезны Хаос
Было цёмна хоць вока выкалі.
Усё вакол яго дрыжэла і скрыгатала, шкрэблася і ляскала; па днішчы соўгалася і бразгала нейкая жалязяка; аднекуль зверху даносіўся тонкі, віскатлівы і надакучлівы, як зубны боль, гук — здавалася, што там у маленечкую дзірачку пад ціскам урываецца тугое, спрасаванае паветра. Лятальны апарат, куды Радзіма ў цемры запіхнулі сілком, быў, мусіць, стары і дабіты, і таму хлопец адно толькі баяўся, каб ён не разваліўся ў паветры. Радзім не ведаў, не разумеў, як і дзе яны знаходзяцца, не ведаў, колькі яны ўжо ляцяць і колькі яшчэ будуць ляцець, але цвёрда, пэўна і ведаў, і разумеў, што вязуць яго на Жалезны Хаос.
Ён нічога не бачыў вакол сябе і адно толькі па тым, што побач час ад часу нехта варушыўся і ўздыхаў, здагадваўся, што ў самалёце не адзін, што разам з ім ляціць яшчэ нехта — ці то канвойца, ці то такая ж ахвяра, як і ён сам.
Сядзець было нязручна, зацякалі рукі і ногі, але паварушыцца ён не мог: нешта — ці то сядзенне, ці то клетка — было такім вузкім, што не давала прасторы для самага нязначнага руху. Колькі гадзін, а можа, ужо і дзён, яны ляцелі, Радзім не ведаў — у самалёце было цёмна, вокны нават не абазначаліся, а ў такой цемры паспрабуй разбярыся, дзень цяпер ці ноч за гэтымі бразгатлівымі сценкамі.
Ён ці то драмаў, ці то проста так сядзеў у якімсьці здранцвенні, што не пачуў, як самалёт, знізіўшыся, завіс над зямлёю, і толькі здрыгануўся, апамятаўся, калі пад ім рассунулася днішча і нейчая бязлітасная нага з сілаю піхнула яго ў гэтую дзірку.
Радзім упаў на груд жалезнага ламачча, ён зразумеў, што гэта жалеза, па тым, як яно заляскала і забразгатала, затым яго цела правалілася ў нейкую яміну і завісла на скафандры, яміна была вузкая, і шкляны шар у яе не праходзіў. Вісець так было непрыемна, і ён паспрабаваў чапляцца рукамі за вострыя жалезныя абрэзкі, пруты, каб выбрацца на паверхню, але яны, патрывожаныя, загайдаліся, рассунуліся, скафандр слізгануў між імі, і Радзім праваліўся яшчэ глыбей, на самае дно яміны.