Калі Радзім упаў, зноў стала цёмна і ціха. Толькі зрэдзь дзе зручней укладалася жалеза ці ссоўвалася на зямлю тое, што, патрывожанае, дрэнна вісела.
Убачанае вельмі ўразіла. Значыць, Жалезны Хаос не мёртвы, ён проста выключаны. Гэта хутчэй за ўсё нейкі склад, нейкая звалка мёртвых робатаў, у якіх хтосьці адабраў энергію. Яны мёртвыя, але яны і жывыя. І ён цяпер іхні правадыр і валадар — ядзерная кнопка, як казалі на зямлі, знаходзіцца зараз у яго руках: дастаткова толькі яму знайсці ў цемры і яшчэ раз павярнуць ручку, як увесь Хаос заззяе і ажыве, і робаты пад яго «мудрым кіраўніцтвам» будуць рабіць тое, што ён ім загадае.
Але чапаць у другі раз ручку Радзім пакуль што не спяшаўся: і лезці да яе высока, і падаць адтуль не хочацца — ён адчуваў, як саднела пасадраная на руках і нагах скура.
Трэба пакуль адседзецца, разабрацца, што і да чаго, падумаць, што рабіць далей.
Ён сцішыўся, супакоіўся. І раптам аж здрыгануўся — што гэта за насланнё! У скафандры зноў нешта гуло, звінела. Няўжо другая пчала?! Няўжо і яна будзе даймаць яго?
Радзіму нават здалося, што насякомае ўжо ходзіць па валасах. Ён, каб хутчэй сагнаць яго, пахітаў галавою. З валасоў ніхто не ўзляцеў, аднак у скафандры ўсё роўна штосьці звінела. Праўда, звінела яно і танчэй, і далікатней за пчалу.
Радзім наморшчыў лоб — нібыта каб пераканацца, што задушаная пчала не аджыла, — адчуў засохлую корку, пакратаў языком джала, якое ўсё яшчэ тырчала ў апухлай губе, пачаў варушыць яго і варушыў да таго часу, пакуль яно не вывалілася з ранкі.
А зык у скафандры не праходзіў: невідомае насякомае ўсё яшчэ, нібы жалячыся на што, гуло і звінела.
Хлопец уважлівей прыслухаўся да гэтага гуку, і яму здалося, што ён чуе — больш здагадваецца, чым чуе, — быццам яму хтосьці загадвае:
«Уключыце сінюю кнопку… Уключыце сінюю кнопку…»
Што гэта з яго нехта здзекуецца, ці што? «Сіняя кнопка… Сіняя кнопка…» А як яе, гэтую сінюю кнопку, убачыць у такой непраніклівай, пракаветнай цемры?!
Пачаў пальцамі, далонямі вадзіць па скафандры, шукаючы тую кнопку. Націскаў, уключаў усё, што траплялася пад рукі, і прыслухоўваўся: ці не тая? ці не абзываецца хто?
Але ў скафандры было ціха. І толькі калі ён намацаў ці не апошнюю ўжо кнопку — недзе ззаду, уверсе скафандра — у ім нешта гучней зашуршэла і праз гэтае шуршанне прарэзаўся, нарэшце, нейчы незнаёмы голас. Ён доўга не мог зразумець, што гэта гаворыць Оя, — такі быў чужы і нязвыклы яе голас.
— Радзім, ты мяне чуеш? Гэта я, Оя. Ты таксама ўжо тут, на Жалезным Хаосе?
Ад радасці, што чуе Оін голас, у яго перасела ў роце, зашэрхла ў горле, і ён не мог вымавіць ніводнага слова.
— Чаго ты маўчыш? — затрывожылася дзяўчына і яшчэ больш спалоханым голасам спыталася: — Радзім, ты мяне чуеш?
— Чую, — нарэшце вымавіў ён.
— А чаму не адказваеш?
— Ад радасці. Рады, што я тут не адзін, ужо нармальным голасам загаварыў ён і адразу ж спахапіўся, што гаворыць нешта не тое: дзяўчыну саслалі сюды, на гэтае жалеззе, а ён радуецца… Не радавацца трэба, а думаць, як яе выбавіць адсюль!
І каб неяк выправіць, прыхарошыць няёмкасць, спытаўся:
— Табе не холадна?
— Холадна, — адказала Оя, і ён адчуў, як яна там, дзесьці далёка-далёка ад яго, сцялася ўся. — Слухай, а гэта не ты толькі што ўключаў святло на Хаосе?
— Я.
— Я так і падумала. Убачыла, як засвяцілася ўсё навокал, і здагадалася, што ты ўжо тут. Дарэчы, а на чым цябе прывезлі?
— Не ведаю. У цемры не разглядзеў. Але нешта дрымцела і бразгатала.
— Той жа самы драндулет, з якога скінулі і мяне.
— Ты не пабілася? — ласкава спытаўся ён.
— Пабілася. Руку садрала. Нагу падвярнула. Кульгаю. Ён нават сам здзівіўся, што яго нечакана агарнулі пяшчота і замілаванне, — яму вельмі хацелася вось зараз ласкава, далікатна дакрануцца да яе, пагладзіць.
— А дзе ты цяпер знаходзішся?
— Недзе непадалёк ад Цмока.
— Ты думаеш, я ведаю, дзе гэта? Дарэчы, а што сталася з Цмокам? Калі я яшчэ быў у Талямаліі, калі мяне вялі на суд, раптам сціх вецер, усе выйшлі на вуліцы і плошчы, крычалі, радаваліся: «Цмок памёр! Памёр Цмок!» Як ён памёр, ты не ведаеш?
— Ведаю. Я яго задушыла…
— Ты? Задушыла Цмока? Як?
— Проста выключыла рубільнік. Бо Цмок — гэта ўсяго толькі вакуумная ўстаноўка, якая працуе ў пераменным рэжыме.