Яны, засумаваўшы адно па адным, гаварылі і не маглі нагаварыцца. А хутчэй за ўсё не змаўкалі, каб яшчэ і яшчэ раз пераканацца, што на Хаосе кожны з іх не самотны: тут ёсць каму гаварыць і ёсць каму слухаць!
— Пачакай, а сам ты дзе знаходзішся?
— Не ведаю, — шчыра прызнаўся Радзім і дадаў: — Там, дзе было асветлена. Ты ж бачыла?
— Бачыць то бачыла, але ж святло было ўсюды, — яна замоўкла, задумалася, а затым папрасіла: — Слухай, а паспрабуй яшчэ раз уключыць рубільнік. Каб я разабралася, дзе ты.
Ён і сам пра гэта думаў, яму і самому карцела зноў пацягнуць за тую магічную ручку, каб нанова ўбачыць, як раптам пачне падымацца ўвесь Жалезны Хаос. Але ж і стрымлівала яго нейкая боязь і асцярога: а што будзе, калі на гэты раз ён не здолее ці не паспее выключыць рубільнік? Таму Радзім пачаў як бы апраўдвацца, разважаць:
— Табе здаецца, што гэта лёгка — узяў і ўключыў. Ты ж зблізку не бачыла, што тут рабілася.
— Бачыла. Тут таксама паўставалі нейкія жалезныя монстры. Але ўсё роўна ўключы, давай яшчэ раз паглядзім, што будзе.
І Радзім адважыўся. Ён яшчэ болей асцярожна, як перад гэтым, палез па жалезным ломе да рубільніка. Дабраўся да яго з іншага боку і доўга мацаў па жалезе, пакуль нарэшце не натрапіў на ручку. Уключаць не спяшаўся — адчуваў, як ці то награецца ад яго далоні стылае жалеза, ці то наадварот яно само студзіць руку. Стаяў і чакаў. Ведаў, што зараз пачнецца, калі паверне рубільнік.
— Чаго ты не ўключаеш? — нецярпліва дапытвалася Оя.
Радзім паспрабаваў адпіхнуць ад сябе дзяржанне, але нічога не атрымалася. Ручка не краналася з месца, яна як усё роўна заржавела. Тады Радзім скочыў уніз і, як і перад гэтым, завіс на дзяржанні. Рубільнік павольна, з рыпеннем, паддаючыся яго вазе, пачаў апускацца. Цяпер ён ужо вельмі пільна сачыў за тым, што рабілася навокал.
Паступова напальваючыся, разгараліся ўсё ярчэй і ярчэй лямпачкі, святло іх неўзабаве стала вельмі яркае, яно ўжо перашкаджала яму глядзець, але Радзім, хоць і жмурачыся, з жахам назіраў, як навокал яго ўстае, са скрогатзм і бразганнем, жалеза. Цяпер ён ужо не сумняваўся, што гэта паднімаліся робаты, што Жалезны Хаос хутчэй за ўсё калісьці быў краінай робатаў, якая нейкім чынам загінула. Заржавелыя монстры ўставалі, азіраліся, варушыліся, спрабавалі нават ісці ў ягоны бок. Дзіўна, з усіх бакоў толькі туды, дзе вісеў ён. Яму было жудасна бачыць, што імі запоўнена ўся прастора, што яны ўжо нібыта вітаюцца адзін з адным, нешта паказваюць на яго рукамі, падобнымі на штэпселі, і ці то ўсміхаюцца, ці то злуюцца — адным словам, шчэраць зубы.
Здавалася, што робаты ажыўляюць адзін аднаго, падтрымліваюць, дапамагаюць падняцца. Падкручваюць адзін аднаму гайкі, умацоўваюць шарніры, мяняюць лямпачкі. Хтосьці вунь паўзе ўжо з працягнутай наперад рукою-штэпселем да разеткі, а хтосьці, пачапіўшы шнур на кій, таксама спяшаецца хутчэй знайсці сабе крыніцу сілкавання.
Захапіўшыся відовішчам, Радзім і не заўважыў, што ўжо стаіць на жалезнай панелі,— адкуль яна з'явілася, не памятае, — а да яго твару цягнецца нейкая жалезіна.
Гэтая страта пільнасці ледзь не каштавала яму жыцця. І ён застаўся жывы толькі таму, што ў апошнюю хвіліну зразумеў, што сам стаіць на плячы робата, які паспеў падняцца на ногі, а да яго шыі набліжаецца не нейкая там жалезіна, а самая звычайная рука робата з двума пальцамі — штэпсельнаю вілкаю.
Радзім спалохаўся і той жа момант адпусціў, адпіхнуў ад сябе ручку рубільніка — тая аж ляснула, становячыся на сваё месца.
Рука робата халодным пальцам чыркнула па хлопцавай шыі і заціхла. Сам робат здрыгануўся, нібы скідваючы чалавека з пляча, — Радзім і на самой справе не ўтрымаўся і паляцеў уніз. І ўжо упаўшы, у поўнай цемры, пачуў, як грымнуў вобзем і сам робат — на шчасце, у другі ад Радзіма бок, бо на хлопца паляцела, мусіць, падгрэбенае нагамі дробнае жалеззе.
Пасля яркай успышкі святла цемра цяпер здавалася яшчэ больш чорнаю. І цішыня пасля такога скрогату і бразгатання была як усё роўна несапраўдная. Цела, пабітае, а дзе-нідзе і садранае, саднела. Радзім абмацаў сябе, каб пераканацца, што ніякіх пераломаў няма, і тут жа схамянуўся: чаму маўчыць Оя?
У скафандры было ціха, калі не лічыць нейкага трэску, шуму, шоргату, што сведчыла — мікрафон уключаны. І ўсё ж ён правёў абедзвюма рукамі па скафандры, каб яшчэ раз пераканацца, што той цэлы, нідзе не трэснуў і не пабіўся, калі Радзім упаў на зямлю.
І раптам яму здалося, што ў скафандры хтосьці ўздыхнуў ці то нават застагнаў.
— Оя, гэта ты? — захваляваўся Радзім. — Дзе ты падзелася? І чаму маўчыш?