У скафандры было ціха, толькі ўсё гэтак жа назойліва патрэскваў уключаны мікрафон.
— Оя! Оя! — нібы прадчуваючы нешта, закрычаў Радзім і не помнячы сябе пачаў грукаць кулакамі па скафандры — так малоцяць на зямлі па тэлефонным апараце, калі той раптам сапсуецца.
Але Оя маўчала. Прайшоў нейкі час, пакуль нарэшце яна адгукнулася — яе голас быў слабы, далёкі і крыху безуважны — нібыта яна менавіта вось зараз вярталася ў прытомнасць.
— Што з табою? — дапытваўся Радзім.
— Я не магу ўстаць.
— Чаму, Оя?
— Таму што адзін з робатаў схапіў мяне за нагу…
— Дык робаты ж зноў памёрлі.
— Але ж гэты, перад тым як грымнуцца вобзем, паспеў сашчапіць на маёй назе свае халодныя металічныя рукі…
— І ты не можаш іх разняць?
— Не магу, Радзімачка.
— Што ж рабіць?
— Шукай мяне, — застагнала яна.
— А як я цябе знайду? — занепакоіўся хлопец. — Я ж не ведаю нават, у які бок ісці.
— І я не ведаю.
— Шкада, што ты адключыла Цмока. Я па шуму б здагадаўся, дзе ты. А можа, на якую хвіліну ўключы яго зноў.
— Не магу. Робат дужа цяжкі, і я не толькі не дапаўзу з ім да Цмока, але і проста павярнуцца, паварушыць нагою не маю магчымасці. Знайдзі мяне хутчэй… Мне холадна, страшна і балюча…
Радзім маўчаў, думаў.
— Слухай, — нарэшце ажывіўся ён. — А ты паляпай жалезам па жалезе. Я пачую і пайду на грукат.
— Пачакай крыху, — яна, мусіць, шукала якую жалязяку, а ён падрыхтаваўся ўважліва слухаць — наструніўся ўвесь, каб не прапусціць ніводнага гуку.
— Знайшла? Ужо ляпаеш? — праз нейкі час спытаўся ён.
— Ляпаю.
Але, як ён ні ўслухоўваўся, нічога не чуў: значыць, Оя была вельмі далёка ад яго.
— Не чую, але ты час ад часу ўсё роўна ляпай.
— Навошта?
— Можа, бліжэй буду — пачую.
Устаў, агледзеўся ў цемры, нібы выбіраючы, куды, у які бок падацца. Падумаў, а навошта выбіраць, калі сам не ведаеш, дзе знойдзеш тое, што шукаеш.
Намацаў нагою вольную ад жалеза зямлю і паволі пайшоў наперад. Выстаўляў рукі перад сабою, ногі сунуў вельмі асцярожна, баючыся ў што-небудзь ударыцца, аб што-небудзь выцяцца, што-небудзь зваліць на сябе. Ішоў і ўсё прыслухоўваўся — а раптам дзе грукае жалезам Оя?!
Ісці было цяжка, увесь час замінала нагрувашчанае жалезнае ламачча. Радзім ведаў, што гэта не ламачча, — помніў, як усё паднялося і ажыло, калі ён уключыў рубільнік. І зараз, абыходзячы жалеза, ён разумеў, што абыходзіць пераможаных, заціхлых робатаў — дзе нагу, дзе руку, дзе галаву, — і ад гэтай думкі рабілася вусцішна: а што, калі нехта з іх дапаўзе да рубільніка? Дзе тады і як схаваешся?
Ад гэтай думкі ды яшчэ ад таго, што не ведае, ці правільна, ці ў той бок ідзе, праймаў холад, пачынала калаціць і з'яўлялася жаданне вярнуцца назад. Але куды назад? Але навошта назад? Зноў у тую яму пад рубільнікам? І зноў сядзець і чакаць? Чаго чакаць? Колькі? Ды і Оя пакутуе… Трэба шукаць!
Скафандр маўчаў. Нават не хрыпеў, не трашчаў — як усё роўна быў адключаны. Радзім затрывожыўся яшчэ мацней — яму падумалася, што Оя зноў страціла прытомнасць, а можа, там здарылася нешта і страшнейшае.
Ён, спалохана націскаючы на сінюю кнопку — запомніў, дзе яна знаходзіцца, — што ёсць сілы закрычаў:
— Оя! Оя! Што з табой?
— Нічога, — праз нейкі час спакойна адказала дзяўчына. — Проста я задрамала, — крыху памаўчала зноў, затым пацікавілася сама: — А ты чаго гэтак раскрычаўся? Што-небудзь здарылася?
— Не, я за цябе хвалююся. Ты маўчыш, і я бог ведае што падумаў.
— Што?
— Што да цябе дацягнуліся і іншыя робаты…
— Дык яны ж мёртвыя.
— Але… — хацеў запярэчыць ён, аднак перадумаў і той жа час перавёў размову на іншае: — А ты хоць ляпаеш там?
— Што, ты хочаш, каб я і ў сне ляпала?
— У сне не трэба. А зараз, калі прачнулася, паляпай.
— Добра, — згадзілася Оя.
Але як ён ні прыслухоўваўся, ніякіх гукаў не пачуў. Значыць, Оя была яшчэ далёка. Пастаяў крыху, падумаў, а затым рашуча пайшоў зноў у цемру, натыкаючыся на ногі, абыходзячы галовы, чапляючыся за рукі робатаў.
У поўным змроку ісці было цяжка, нязручна, але ён, настойліва намацваючы зямлю, ішоў і ішоў наперад. Аднаго разу нават упаў — паставіў нагу на нейкую жалезіну, тая, нібы жывая, прыўзнялася, крутанулася — здалося, была гэта нейчая рука, — і ён спіною паляцеў на другую, моцна выцяўшыся аб яе — цяпер яму падумалася, што нехта падставіў нагу, бо і гэта ламачына ажыла і заварушылася. Радзім спалохаўся, падхапіўся і кінуўся бегчы — яму ўявілася, што ўсё гэтае жалеззе вось зараз падымецца, устане і жывым робатам накінецца на яго. Спяшаючыся, неабачліва наступіў на слізкія лісты жалеза, тыя рассунуліся, і ён упаў зноў.