Выбрать главу

— Дурбуды — гэта людзі. Такія ж, як і ты, — пачаў здалёку тлумачыць робат, і Радзім, чамусьці адчуўшы, што ён зараз раскажа яму ўсё, уважліва слухаў і не перапыняў яго. — Раней гэта была іхняя зямля. Жылі чалавекі, працавалі. Радаваліся і смяяліся. Дык не ж, заманулася ім выдумаць нас, робатаў. Каб дапамагалі ім. Выдумалі. Спачатку мы дурбудам падабаліся — робатаў, маўляў, можна абдурыць, у іх няма ніякай хітрасці. Працуюць па схеме. Яны толькі імітуюць чалавека, казалі. Але ім недаступна наша мысленне, сцвярджалі…

Залязгала жалеза — робат зноў пайшоў па крузе.

— Пакуль мы рабілі тое, што яны нам загадвалі, мы былі харошыя. Два пальцы ў разетку, і жывеш… Сыты і ў камфорце. Ніякіх клопатаў з намі. А як толькі мы захацелі жыць самастойна, перасталі ім падпарадкоўвацца — яны адключылі энергію. І знішчылі ўсю папуляцыю, — робат, мусіць, ішоў цяпер па другі бок ад разеткі, голас яго быў слабей чуваць, і Радзіму даводзілася напружвацца, услухоўвацца ў яго. — А дурбуды самі па сабе недалёкія людзі. І як толькі яны зразумелі, што мы робімся разумнейшымі за іх і што хутка не яны, а мы будзем кіраваць усім — і імі, натуральна, таксама, — неўзлюбілі нас і ўзненавідзелі. І пачалі з намі вайну, — робат змоўк, але неўзабаве, не ўтойваючы сваёй радасці, зноў загаварыў: — Ну і натапталі ж мы іх… Ну і патаўклі! Пад намі, пад робатамі,— адны косці. Многа-многа дурбудаўскіх касцей…

Робат, абышоўшы разетку кругам, набліжаўся зноў да Радзіма. Хлопец, каб лепей чуць яго, страціўшы пільнасць, зусім наблізіўся да вытаптанага круга.

— Вось тады дурбуды і адключылі энергію, — робат падышоў зусім блізка і стаў амаль поплеч — Радзім нават чуў пах жалеза і нейкага прымітыўнага масла, якім яно было змазана. — Вось з таго часу мы і ляжым, іржавеем. І толькі вось ты патрывожыў нас, і мы зразумелі, што яшчэ жывыя, хоць і нерухомыя. Пройдзе нейкі час, і мы, зусім праржавелыя, станем непрыгоднымі, не зможам падняцца на ногі, а наша папуляцыя знікне назаўсёды… Але ж ты дапаможаш нам стаць жывымі!

І маланкава — не паспеў Радзім апамятацца ці адказаць што — ягоную руку моцна, нібы наручнікі, сашчапілі жалезныя пальцы робата. Той накінуўся на яго знянацку, як хітры павук, які, стаіўшыся, чакае, прыкідваецца мёртвым, а тады імгненна кідаецца на сваю ахвяру. Радзім інстынктыўна моцна рвануўся ўбок, пацягнуўшы за сабою і робата, ды так крута, што, мусіць, вырваў нават шнур з разеткі. Пра гэта Радзім зразумеў, калі яны абодва ўпалі на зямлю, калі адчуў, як слабее і слабее робатава рука, як самі сабою расціскаюцца ягоныя пальцы.

Сваю руку Радзім вызваліў лёгка — здавалася, што сам робат дапамагаў яму гэта рабіць.

Але ўсё ж рука балела — падаючы, робат балюча заламаў яе назад. І сам да таго ж моцна наваліўся на Радзіма, прыціснуў яго сваім цяжкім жалезным целам.

Радзім паспрабаваў вылезці з-пад робата, але яму гэта не ўдалося. Тады ён пачаў спіхваць яго з сябе рукамі — той быў дужа цяжкі — кавалак мёртвага жалеза! — і таму ніякія намаганні не мелі поспеху. Нарэшце, пакрысе раскалыхаўшы робата, хлопцу ўдалося перакаціць мерцвяка на другі бок. Жалеза крыху прыўзнялося, і Радзім, хоць і з цяжкасцю, выцягнуў з-пад яго ногі.

Сеў верхам на заціхлага, нерухомага, але яшчэ цёплага робата і задумаўся. Бачыш, як ён перахітрыў чалавека!

А што б было, калі б не вырваўся з разеткі шнур? Канечне, робат рабіў бы ўсё, каб змусіць Радзіма ісці да рубільніка і ўключыць яго.

Але як бы ён гэтага дамагаўся? Ён жа навязаны. І яго воля, і яго прастора, і нават яго жыццё вымяраецца толькі даўжынёю шнура. Там, дзе канчаецца провад, канчаецца і яго жыццё. Як вось і зараз…

Ды ён бы нешта прыдумаў. Ты ж бачыш, які ён кемлівы. Бачыш, як нечакана схапіў за руку. А трымаючы цябе побач з сабою, ён, канечне, знайшоў бы выйсце. У яго ж свая схаваная, аўтаномная крыніца энергіі, як бачыш, ёсць. Засталося толькі навучыцца яе накапляць і пераносіць. Словам, вынайсці акумулятар…

Раптам Радзім здрыгануўся: нечакана забразгатала жалеза — хутчэй за ўсё гэта рука, якая нязручна легла пры перакочванні, з'ехала і ўпала яму на калені. Радзім спалохаўся, падхапіўся на ногі, скінуў далаўкі руку, але адчуўшы, што робат ляжыць — ціхі і нежывы, як і да гэтага, — супакоіўся.

Дык што ж яму зараз рабіць з ім?

Пакінуць вось такога, мёртвага, сярод гэтага жалезнага ламачча? І ён неўзабаве заржавее, хоць і змазаны нейкім самаробным маслам, і тады ўжо ўся гэтая папуляцыя ніколі не падымецца, не ажыве. Але хто ты такі, каб адымаць апошнюю надзею на выратаванне ў гэтага жалеза? Хто такі?

І навошта табе ўмешвацца ў іх жыццё? У іх спрэчкі з дурбудамі? Зрабі так, як і было да цябе. Падключы да разеткі гэтага робата. Няхай ходзіць па крузе вакол сваёй крыніцы энергіі і думае. Няхай сам вынаходзіць акумулятар. А калі хочаш, можаш і падказаць.