«Ляцець. Выконваць заданне».
«Дык яны ж ворагі народа!»
«Ляціце і разбярыцеся на месцы. Калі што — вырашайце самі. А то яны, пакуль памруць сваёй смерцю на Хаосе, могуць яшчэ нам столькі клопатаў нарабіць».
Пачалі стукаць зубы — ці то ад страху, ці то ад холаду. Радзім выключыў кнопку і пайшоў хутчэй — трэба спяшацца, таля-малі ляцяць ужо недзе над Жалезным Хаосам.
І якое ж было яго здзіўленне, калі, ідучы на шум Цмока і нейкае бразгатанне жалеза, ён нарэшце ўбачыў — хутчэй здагадаўся, чым убачыў,— што Оя сядзіць на зямлі і клепіць, здаецца, па сваёй назе нейкаю жалезінаю.
— Оя, што ты робіш?
— Самавызваляюся, — мікрафон яе ўсё яшчэ не працаваў, але Радзім пачуў прыглушаны скафандрам голас дзяўчыны.
— А гэта не ты ўключыла Вялікага Цмока?
— Не. Ён сам уключыўся. Відаць, таму, што я вельмі хацела гэтага.
Радзіму зрабілася няёмка: замест таго, каб узрадавацца, што ўрэшце знайшоў дзяўчыну, ён адразу пачаў размову пра справы. Каб хоць трошкі павініцца, хоць і запознена, сказаў усё ж:
— Оя, я рады, што мы сустрэліся. А што гэта ты робіш?
— А хіба ты не бачыш? Нагу вызваляю.
Ён, канечне ж, у цемры нічога не бачыў, таму прамаўчаў.
— Разумееш, нейкі вельмі жывучы робат трапіўся. Я адну яго руку развінціла, — і Оя паклала Радзіму ў далонь халодныя і крыху макраватыя жалязякі — мусіць, пальцы робата. — А ён тады напружыўся і другою, неразабранаю рукою ўхапіў мяне зноў за нагу.
— Дык ён жа мёртвы, — хлопец высыпаў сабе пад ногі робатавы пальцы.
— Але ж бачыш, нейкім чынам змог назапасіць столькі энергіі.
— Ой, давай я табе хутчэй памагу, — спахапіўся Радзім, забраў з Оіных рук жалеза і пачаў абмацваць робатаву руку, шукаючы, як яе раскруціць.
І раптам Радзім у жаху адхапіў рукі — адчуў, як напружваецца жалеза. І той жа момант робат прыўзняўся ад зямлі і памкнуўся кінуцца да яго. Але тут жа абмяк, расслабіўся і заціх — відаць, гэта выходзілі апошнія астаткі акумуляванай энергіі.
Пасля гэтага Радзім ужо лёгка вызваліў Ою. Знайшоў шрубок, які сам сабою крыху адвінціўся, і разабраў другую руку робата. Калі яна бязвольна бразнулася на зямлю, ён прыняў з ног дзяўчыны тое жалеза, што асталося, і міжволі, ведаючы, як зацяклі яе ногі і як яны захаладалі, далікатна дакрануўся да іх, пачаў гладзіць і размінаць. Адчуў, як страпянулася і Оя, але раптоўна ўспомніўшы, што па іх ужо ляцяць таля-малі, ускочыў на ногі сам, падаў дзяўчыне руку, дапамог ёй падняцца.
— Оя, у нас няма часу. Сітуацыя змянілася, амаль словамі тых, што шукалі іх, загаварыў ён. — Нам трэба адсюль ратавацца. І як мага хутчэй.
— А што здарылася?
— Нас не павязуць у Талямалію як герояў, а пакараюць тут — як злачынцаў.
— Чаму?
— Таму што ўключыўся Цмок. І загінулі парасткі. Яны лічаць, што гэта зрабілі мы. Дарэчы, а як уключыўся Цмок? Пайду выключу яго зноў.
— Навошта?
— Няхай і ў Талямаліі растуць яблыні,— адказаў Радзім і накіраваўся да Цмока.
Падышоўшы, ніяк не мог знайсці рубільніка, бо ўпоцемку, навобмацак натрапіць на яго было амаль немагчыма. Пашкадаваў ужо, што падахвоціўся зрабіць гэта без Оі — яна ж выключала, яна ведае, дзе што шукаць, — але адступацца і клікаць на дапамогу не хацелася, таму ён моўчкі шукаў сам.
Вырашыў абысці Цмока кругом — можа, той выключальнік якраз знаходзіцца з другога боку. І не паспеў зрабіць колькі крокаў, як нейкая неадольная сіла падняла яго з зямлі і імкліва панесла наперад. Спачатку ён ніяк не мог зразумець, што і куды яго нясе, і толькі, калі сіла гэтая аслабла і ён плюхнуўся на дно нейкай аграмаднай жалезнай пашчы, здагадаўся, што трапіў якраз ў плынь вакуумнай устаноўкі, і Цмок, як яму здалося, з радасцю засмактаў яго.
На дне пашчы было ліпка ад мазуту, зверху на Радзіма штосьці падала, капала, даўка пахла разагрэтым машынным маслам — так звычайна пахне на вялікіх заводах, — а ён ляжаў і думаў, як адсюль выбрацца.
Але Цмок неўзабаве сам з той жа радасцю, з якой і заглынуў хлопца, выплюнуў яго — тая ж сіла падняла чалавека і выкінула ў цемру. Радзім хацеў хутчэй падхапіцца на ногі і што ёсць сілы ратавацца, бегчы куды-небудзь, у які-небудзь бок, але не паспеў — Цмок шумна ўдыхнуў паветра, і ён зноў апынуўся ў ягонай пашчы, на дне, у мазуце. Зараз ён ужо не думаў, як выбірацца — ведаў, што пры выдыху Цмок выкіне яго сам, і толькі рыхтаваўся, як лепей, хутчэй адбегчыся ўбок, калі апынецца на зямлі.
Але і на гэты раз яму не ўдалося адскочыцца — яго як усё роўна схапіў хто за руку на самым краі плыні і сілаю пацягнуў у пашчу Цмока.
Радзіму ўжо здавалася, што Цмок і напраўду жывы, што ён здзекуецца з яго, робіць усё гэта знарок. Колькі разоў заглынаў той яго, затым выкідаў вонкі і, не даўшы падняцца на ногі, зноў цягнуў у сваю пашчу.