Праз шум паветра Радзім, здаецца, чуў, як яго гукае Оя, як яна пытаецца: «Дзе ты? Дзе ты?», але яму не было як адказаць ёй — даводзілася ўвесь час сачыць, каб не вельмі балюча ўпасці на дно пашчы, а пасля, пры выдыху, мякчэй прызямліцца, не паламаўшы ні рукі, ні нагі.
Радзіму было боязна, каб і Оя, шукаючы рубільнік, не трапіла выпадкова ў тую ж, як і ён, плынь. Бо калі заглыне Цмок і яе, ім ужо ніколі не выбрацца з ягонай пашчы — хто ж выратуе іх тады?!
«Цмок, спыніся! Памры, Цмок!» — як не закрычаў Радзім, падаючы чарговы раз на зямлю. Упаў і ўжо не ўставаў, не ратаваўся — чакаў, калі паветра падыме і зноў панясе ў пашчу. Але паветра было ціхае, рахманае — ніхто яго не падымаў з зямлі.
«Божа, няўжо Цмок адгукнуўся на мой крык і перастаў здзеквацца з мяне?!» — здзівіўся Радзім.
Паляжаў, усё яшчэ не верачы ў выратаванне.
Навокал было ціха-ціха. Ад гэтай цішыні ламіла ў вушах. Цмок і праўда як памёр — не ўдыхаў паветра і не выдыхаў яго.
І ў гэты час зусім побач пачуўся голас Оі: «Радзім, дзе ты?»
Голас быў такі слабы, ціхі і невыразны, што нават здавалася: Оя знаходзіцца недзе далёка-далёка, а не за некалькі крокаў ад яго.
— Каля Цмока, — адказаў Радзім.
— І я ля яго. Не бойся гэтай пачвары. Я зноў яго задушыла…
Хоць у цемры не бачыў ні Цмока, ні Оі, ён усё ж уявіў сабе вялізнае жалезнае страшылішча з шырока раззяпленаю пашчаю, куды сам улятаў, нібы пушынка якая, і побач з ім маленькую, кволенькую Ою, якая стаіць ля гэтай аграмадзіны…
І яна, ці бачылі вы, яго задушыла…
Але ж Цмок і праўда не дыхаў!
Радзім таропка падхапіўся на ногі, крыху адбегся ўбок, каб не загрэбла зноў паветраная плынь, калі раптам ажыве Вялікі Цмок, а потым спакойна, ужо не спяшаючыся, пайшоў шукаць Ою.
Знайшоў ён дзяўчыну каля рубільніка. Яна стаяла і трымалася за ручку.
— Ведаеш, — адразу пачала Оя, — я зразумела, чаму Вялікі Цмок уключаецца сам, — голас яе быў усё той жа невыразны і далёкі, хоць Радзім стаяў побач і ягоная рука ляжала на яе. — Чуеш, як торгаецца рубільнік? Адключаны, ён сам паступова вяртаецца ў ранейшае становішча! Вялікі Цмок запраграмаваны на самаўключэнне! Таму ніхто і не мог яго дасюль перамагчы.
Радзім і сам адчуваў, як, нібы жывы, трымціць рубільнік, як ён, быццам пераадольваючы нейкае супраціўленне, пакрысе, але вельмі настойліва, падымаецца ўгору, намагаючыся ажывіць Цмока.
— А мы яго зараз пераможам назаўсёды, — упэўнена сказаў хлопец, нагнуўся, пашукаў чаго-небудзь пад нагамі, знайшоў нейкі дрот, адагнуў дзяржанне ўніз, да самага канца, і моцна прыкруціў ім ручку да слупка.
І якраз у гэты час крыху зводдаль ад іх у чорным непраніклівым небе пачуўся нейкі шум, грукатанне, лёскат — Радзім і не падымаючы вачэй — усё роўна нічога не ўбачыш, — ведаў: таля-малі ўжо тут, яны, шукаючы іх, прачэсваюць неба Жалезнага Хаоса.
— Хадзем хутчэй! — ухапіў ён Ою за руку і пацягнуў за сабою.
Оя паслухмяна бегла за ім.
Грукат і ляскат крыху пацішэлі — таля-малі, прачэсваючы Хаос, паляцелі, мусіць, далей, каб неўзабаве вярнуцца зноў, заняўшы новую паласу. Ён ведаў, што ўцячы ім усё роўна не ўдасца, — калі ў самалёце ёсць прыборы, якія бачаць і ў цемры, то іх, канечне ж, заўважаць, выявяць сярод гэтага ламачча.
Але ўсё ж бег сам і цягнуў за сабою Ою.
— Куды мы бяжым? — нарэшце спыталася дзяўчына.
— Разумееш, робат казаў, што недзе тут, за Вялікім Цмокам, ёсць нейкі аэрадром. Там стаяць катапульты, скіраваныя на Дурбудзію. Яны могуць нас выратаваць!
— Пачакай, пачакай, — аж спынілася Оя. — Аэрадром… Катапульты… Дурбудзія… Я чамусьці ўсё гэта ведаю… Мне як усё роўна падказвае хто дарогу… Пабеглі!
Цяпер ужо яна ўзяла Радзіма за руку і сама пайшла наперадзе. Яна зручней абмінала кучы жалезнага ламачча, з ёю ішлося спакайней і хутчэй — здавалася нават, што яны не ідуць, а ляцяць. І гэта было дарэчы, бо самалёт з таля-малямі, вяртаючыся на чарговы круг, прагрукатаў зусім блізка ад іх.
І праўда, Оя ішла так упэўнена, быццам яна ўжо тут калісьці была, — дзяўчына, мусіць, і напраўду ведала найкарацейшы шлях да аэрадрома.
Неўзабаве яна спынілася і выдыхнула:
— Паспелі.
Тут, здаецца, было трошачкі святлей — як усё роўна пачынала днець. У гэтым прывідным, ледзь улоўным святле ён убачыў нейкія доўгія-доўгія станіны, што ляжалі, прыгнутыя да зямлі.
Да бліжэйшай з іх адразу ж слізганула Оя. Дзяўчына рухалася так упэўнена і лёгка, умела пстрыкала нейкімі тумблерамі, кнопкамі, ручкамі, нешта адхінала, нешта совала-перасоўвала, нешта здымала і нешта адзявала, і ўсё ў яе так хораша атрымлівалася, што здавалася, што яна гэтым жыла і гэтым займалася заўсёды.