Выбрать главу

Талямаляўскі самалёт ужо ляцеў над імі. Мусіць, заўважыўшы іх, ён зменшыў хуткасць, а затым і зусім завіс над аэрадромам. Па станінах слізгануў пучок святла, выпушчаны з карабля…

Оя хуценька падбегла да Радзіма, схапіла яго за руку, пацягнула да станіны. Памагла яму залезці ў нейкую люльку, пасадзіла ў крэсла, што знайшлося там, і спяшаючыся націснула на кнопку. І пакуль, разганяючыся, падымалася высока ў неба гэтая станіна, ён паспеў яшчэ ўбачыць, як Оя кінулася да другой катапульты, пачала рыхтаваць і яе. І яшчэ ён помніць, што станіна паднялася дужа высока, вышэй за самалёт таля-маляў, і з усёю сілаю, нібы старажытная кідальная машына, шпурнула яго, як з прашчы, наперад, ды так моцна, што аж засвістала паветра і пачаў спераду награвацца скафандр.

А пасля ён нічога не памятае — самі сабою закрыліся вочы, і Радзім страціў прытомнасць.

У Дурбудзіі

Ачуўся ён ужо на зямлі.

Паварушыў рукою — варушыцца, зварухнуў нагою — слухаецца. І яшчэ не адплюшчваючы вачэй, узрадаваўся: значыць, жывы, не разбіўся, калі падаў на зямлю.

Адплюшчыў вочы, войкнуў і той жа час заплюшчыў іх зноў. У зрэнкі ўдарыла такое святло, што ім зрабілася вельмі балюча. Стала цёмна-цёмна, і яму нават здалося, што ён аслеп — як усё роўна хто кальнуў у вочы востраю іголкаю ці сцебануў па іх пугаю-драцянкаю.

Столькі часу прабыўшы ў поўнай цемры, вочы, канечне ж, трэба прывучаць да святла паступова, а не так, як гэта зрабіў ён: адразу ж напоўніцу адплюшчыў іх. Радзім нават уявіў, якімі вострымі — акурат цвічкі — сталі на той час яго зрэнкі. Праз нейкі час ён зноў паспрабаваў ледзь-ледзь растуліць моцна сціснутыя павекі, але і гэтага было дастаткова, каб вачам зрабілася непрыемна — святло шчодра шчамілася нават у такія вузенькія шчылінкі.

А дзе ж Оя? Ці паспела яна наладзіць сваю катапульту і своечасова націснуць на кнопку? Не маючы магчымасці агледзецца, ён, не расплюшчваючы вачэй, прыслухаўся.

Навокал стаяла даўкая, першародная цішыня. Паспрабаваў уключыць мікрафон, крыху пагукаў у яго: «Оя! Оя!», але той маўчаў. Маўчаў зусім — ні шораху, ні гуку, ні трэску. Радзім зразумеў, што скафандр хутчэй за ўсё не працуе. Ці не разбіўся ён? Павадзіўшы даланёю па шкле, пераканаўся: і праўда разбіўся — ён шапацеў увесь, як пабітае яйка…

Дык вось чаму папярэджваў яго робат, каб асцерагаўся, каб не пабіў носа, калі будзе прызямляцца. Мусіць, усе з катапульты падаюць вось так — тварам да зямлі. І каб не скафандр, відаць, дасталося б і ягонаму носу…

Радзім паволі прывучаў вочы да святла. Калі, спяшаючыся, адплюшчваў павекі крыху раней часу і больш, чым можна было, у вачах з'яўляліся цёмныя кругі, і яму даводзілася заплюшчваць іх і наноў пачынаць усё спачатку.

Вочы слязіліся ад святла, нібыта якраз промні выкрасалі слёзы, але ён усё шырэй і шырэй, не зважаючы на сонца і на кругі перад вачыма, якія па часе зрабіліся рознакаляровымі, адплюшчваў вочы і нецярпліва азіраўся — хацеў зразумець, куды ён урэшце трапіў.

Калі вочы прызвычаіліся да святла, калі яны дазволілі яму не асцерагаючыся глядзець на ўсё спрытна, хлопцу здалося, што трапіў ён у нейкі рай.

Была самая раніца.

Зялёныя-зялёныя, бучныя-бучныя дрэвы. Блакітнае-блакітнае неба. Чыстыя-чыстыя ручаі і рэчкі. Мурожная, ласкавая-ласкавая трава, ён з замілаваннем вадзіў па ёй далонямі. Цёплы, пяшчотны ветрык, да якога сама сабою горнецца кожная захаладалая на Хаосе клетачка яго цела.

І сонца, якога так многа, і яно такое ласкавае і пяшчотнае, і так мілуе душу, і тая радасна адаграваецца ад цемры і холаду, якія столькі часу студзілі яго, былі не толькі вакол, але і ў ім самім — менавіта ў душы і сэрцы. Калі і набяжыць на сонца якая-небудзь невялічкая, светлая-светлая хмарка, — яе ніхто і не заўважыць: зямля і неба астаюцца ўсё такімі ж яснымі і ўрачыстымі.

Адразу, як толькі Радзім убачыў гэта хараство, яму здалося, што вярнуўся ў родную Беларусь, — такім сваім і знаёмым здалося яму ўсё, што адкрылася вачам. Але, разглядаючы ўважлівей краявіды, зразумеў, што гэта чужая зямля, хоць на ёй вочы і знаходзяць столькі свайго, роднага.

Вунь непадалёку шумяць высокія і шырокія вадаспады — вада, зламаўшыся на самым краі, здаецца, з заміранннем сэрца — такая ж вышыня! — падае ўніз і там разбіваецца аб лабатыя мокрыя валуны на мільёны пырскаў. З другога боку пагойдваюцца выносістыя, тонкія, востралістыя бамбукавыя зараснікі, якія сягаюць аж у самае неба, — і ветру асаблівага няма, а яны, тонкія, хістаюцца вельмі прыкметна. На небасхіле горда высяцца велічныя і крыху абыякавыя да ўсяго, што вакол іх, горы — зялёныя, у траве і дрэвах, знізу і белыя, у снежных шапках, што здалёку нагадваюць аблачынкі, каля самых вяршынь.