Выбрать главу

Радзім загледзеўся на гэтага дзівака і не адразу зразумеў, чаго Оя тармосіць яго за рукаў. А яна паказвала яму рукою зусім у іншы бок, дзе ля стэнда стаяў малады чалавек і засяроджана, нібыта робіць нейкую вельмі важную справу, пляваў на Дошку гонару. І сам задаволена, радасна рагатаў са свайго выбрыку.

Оя паднялася, пацягнула Радзіма за руку, і неўзабаве яны былі ўжо ля стэнда, стаялі за спіною маладога чалавека.

Да дошкі быў прыклеены вялікі яркі плакат — здымак шматлюднай дэманстрацыі з рознакаляровымі сцягамі. Людзі зняты буйным планам, і таму нават на здымку была відаць іх рашучасць, мэтанакіраванасць.

— Чаму вы на іх плюеце? — адважыўся спытацца Радзім.

— А чаго ж яны дамагаюцца? — пытаннем на пытанне, нават не паварочваючы да яго галавы, адказаў малады чалавек. — Гэта ж толькі падумаць, чаго яны патрабуюць! Каб пачалі працаваць заводы і фабрыкі. Жах! Каб сяляне без страт сабралі ўраджай. Ганьба! А навошта нам той ураджай? Схадзіце вунь на суседні сквер і паглядзіце, што мы з гэтымі ўраджаямі робім.

— А што там?

— Сходзіце — самі пабачыце, — загадкава адказаў ён.

Прыгледзеўшыся больш уважліва да плаката, Радзім жахнуўся: на здымку ў шэрагах дэманстрантаў ён убачыў гэтага ж самага маладога чалавека са сцягам у руках — ён, аказваецца, пляваў на самога сябе.

— Што вы робіце?! Вы ж на сябе плюеце!

— Дзе? — дурбуд пачаў аглядаць сваю сарочку, штаны.

— Ды вунь на плакаце!

— А, на плакаце… Там ужо не я. Я сёння іншы, чым той чалавек, які тады быў на дэманстрацыі. Таму я магу на яго смела пляваць.

— А чаму іншы?

— Таму, што думаю па-іншаму. Асуджаю тое, што раней абараняў.

Радзім разгубіўся: хіба можа быць такое?!

— Ну, добра, — згадзіўся нарэшце ён, — плюй сабе. Але ж калі ты плюеш сам на сябе, дык хоць морду сабе выцірай. Зірні, якая яна ў цябе запляваная.

Дурбуд дурнавата раскрыў рот, наморшчыў лоб, задумаўся.

Радзім узяў за руку Ою і павёў яе па алеі — у той бок, куды кіўнуў галавою малады чалавек, калі гаварыў пра нейкае дзіва. Цікава, што ж там ён раіў ім паглядзець?

Ужо адышоўшыся крыху, азірнуўся — дурбуд рабіў зараз тое, што Радзім яму і параіў: паплюе-паплюе на здымак, а тады сам выціраецца, паплюе яшчэ і зноў па твары лапаю водзіць…

Суседнюю алею яны знайшлі вельмі лёгка — балазе яна была ўсяго толькі праз дарогу і быццам бы прадаўжала гэтую.

У цэнтры алеі, там, дзе звычайна робяць клумбы, нейкія людзі капалі нейкую яму — Радзіму напачатку нават і здалося, што яны якраз парадкуюць кветнік. Але падышоўшы бліжэй, убачыў, што гэта менавіта яма, — яна была ўжо глыбокая, землякопы стаялі ў ёй па грудзі, аднак пакуль не спынялі працы, капалі глыбей.

Каля ямы вуркатаў ужо грузавічок з нявыключаным маторам, ён пыхкаў, час ад часу ўздрыгваў і густа дыміў. І ўсё ж праз гэты дым і чад, праз невыносны пах бензіну яго нюх распазнаў нейкі вельмі знаёмы, вельмі духмяны і жаданы водар. Не, ён не памыліўся: пахла менавіта хлебам! І дзіўна, упершыню за ўвесь час яму захацелася есці. Да гэтага пра яду ён нават і не думаў: ці то падсілкоўваўся касмічнай энергіяй, ці то нейкі рэжым харчавання існаваў ужо ў самім скафандры, — а вось як толькі апынуўся амаль у зямных умовах і адчуў пах свежага хлеба, адразу ж захацелася есці.

Тым часам землякопы ўжо скончылі капаць яму — відаць, дасягнулі патрэбнай глыбіні,— вылезлі і, нават не атросшыся ад зямлі, пайшлі да машыны. Расчынілі дзверцы ў кузаве-будцы — адтуль яшчэ болей запахла хлебам, — выцягнулі скрынкі з караваямі і панеслі да ямы.

— Куды вы іх нясеце? — выскачыў ім на перахоп Радзім.

— У яму. Засыпаць будзем.

— Навошта?

— Таму што ўсе магазіны затавараны хлебам. Яго ніхто ўжо не бярэ.

— Што, усе сытыя, усе панаядаліся?

— Не, і галодных многа, але яны не могуць купіць.

— Чаму?

— «Чаму, чаму»… Таму што купіла няма. А хлеб у нас вельмі дарагі.

— Дык раздайце яго тым, хто галодны. А не закопвайце ў зямлю.

Дурбуды разрагаталіся. Яны смяяліся шчыра і доўга. І ніяк не маглі спыніцца.

— Ой, не магу! «Аддайце галодным»… Ой, трымайце мяне, а то я ўпаду. І адкуль ён толькі з'явіўся такі? Ой, не магу! Колькі ні закопвалі, ніхто не пярэчыў… А гэты знайшоўся… Адчапіся!

Радзім убачыў, што з дурбудамі гаварыць марна, — яны ніколі не зразумеюць яго. Таму ён схапіўся за скрынку, якую трымаў перад сабою бліжэйшы дурбуд, і пацягнуў да сябе. Тутэйшы трымаў скрынку моцна і ўчэпіста, а таму адабраць яе адразу не ўдалося. Пачалася валтузня. І гэта на самым краі ямы.