Неўзабаве праход яшчэ пацяснеў. Чарга ўцягнулася ў вузкую і нізкую, як нара, шчыліну, ісці па якой было дужа нязручна — рукі і плечы чапляліся за кепска, наспех абчасаныя каменныя сцены, а зверху навісалі над самаю галавою — часам даводзілася нагінацца — бясформенныя глыбы.
У тунелі зрабілася зусім цёмна. Толькі чуваць было, як шаркаюць па камяністай сцежцы ногі і зацята дыхаюць людзі — тыя, што ідуць за імі, і тыя, што ідуць паперадзе іх. Скляпенне рэзаніравала гукі, і таму здавалася, што ідзе людзей яшчэ болей, чым было іх на самой справе.
Хоць з бакоў нізка, каля самых ног, цьмяна люстранілі запыленыя светачы, ледзь пазначаючы сцежку, святлей ад гэтага ў шчыліне не рабілася — густы змрок, цесната і пыл, узняты столькімі нагамі, перахоплівалі дыханне, і ён ужо адчуваў, што трэба прыкладаць намаганне, каб проста і нязмушана дыхаць.
У тунелі раптам зрабілася зусім цёмна: ці то лямпачкі наўзбоч сцежкі перагарэлі, ці то іх тут па задуме і не павінна было быць.
Чарга ішла зараз ужо зусім павольна, бо людзі, каб не спатыкнуцца, уважліва абмацвалі нагамі зямлю.
— Ой, не магу! — нібы не сваім голасам закрычала раптам Оя, і ён адчуў, як закалацілася, задрыжэла пад ягонымі далонямі яе худзенькае, напятае цельца. — Не магу-у-у! — роспачна рыдала дзяўчына, і гэты яе крык запаўняў нару і, адбіўшыся ад сцен і ад столі, вяртаўся да іх яшчэ памацнелым.
Радзім абняў яе крапчэй і з усяе сілы прыгарнуў да сябе.
— Оя, табе страшна? Не бойся…
— Мне не страшна, — усхліпвала яна. — Я не магу выносіць гэтую пачвару…
— Якую пачвару?
— Чаргу-у-у! — завыла яна.
Чарга ж, як і да гэтага, засяроджана абмацвала нагамі выбоістую сцежку і паволі рухалася наперад. Ніхто не звярнуў увагі на гэты крык адчаю — быццам людзі ўвогуле не пачулі яго, хоць не пачуць рыданні Оі было немагчыма.
Ён ласкава гладзіў яе рукамі і адчуваў, як пад яго далонямі дзяўчына пакрысе супакойваецца, перастае плакаць і ўсхліпвае толькі па інерцыі.
— Не магу, — ужо спакайней паўтарыла яна, а потым неяк зусім нечакана, рэзка павярнулася да Радзіма тварам, абняла яго, і, мусіць, падняўшыся на пальчыкі, пацалавала хлопца ў самыя вусны.
Затым яшчэ мацней прыгарнулася да Радзіма, паклала яму галаву на грудзі, і хлопец адчуў, як паволі намакае сарочка: Оя ўсё яшчэ плакала.
І вось тут яму здалося, што нехта з'явіўся між імі, што хтосьці распіхвае іх убакі, не даючы дакранацца адно да аднаго. Ён здагадваўся, хто гэта можа быць, але неяк не верылася, што ў такую нару, пад такія скляпенні можна так лёгка трапіць. І ўсё ж яму здавалася, што і ў цемры ён бачыць перад сабою белае воблака…
Але гэта было не воблака. Гэта было святло. І ён, шчыра ўзрадаваўшыся, што ёсць моцы закрычаў:
— Нара канчаецца! Там — святло!
Дзяўчына хуценька павярнулася — дасюль яна ішла пяткамі наперад, — і яны паспрабавалі абагнаць тых, хто ішоў перад імі. Але абагнаць чаргу было немагчыма. Пярэднія ішлі, як і да гэтага, спакойна і павольна, а праціснуцца, пратачыцца паміж імі і сценкамі тунеля не ўдавалася з-за цеснаты: ён быў разлічаны толькі на аднаго чалавека.
Прыйшлося змірыцца з чаргою, з яе рухам і рытмам — людзі, не зважаючы на тое, што наперадзе з'явілася святло, ішлі да яго звычайнаю і абыякаваю хадою. І толькі ўжо зусім перад выхадам Радзім і Оя не вытрымалі і пачалі падпіхваць пярэдніх у спіны, змушаючы іх хутчэй ступаць, натыкацца на тых, хто быў перад імі. Яны, унёсшы сумбур у чаргу, усё ж выбеглі нарэшце з тунеля і аж зажмурыліся ад светлаты. Калі вочы прывыклі да святла, убачылі, што стаяць на нейкім шырокім пляцы, па якім паўзе чарга, а вакол пляца расце, цвіце, буяе столькі кветак, і ўсе яны такія прыгожыя і незямныя, што вочы аж разбягаюцца ад гэтай казкі. Радзіму нават здалося, што яны напраўду трапілі ў рай. Праўда, кветкі з усіх бакоў і нават зверху былі абгароджаны частаю сеткаю — як птушкі ці жывёлы ў вальерах — і гэта крыху псавала настрой і радасць ад такой неспадзяванкі: навошта турмаваць краскі — яны ж не вылецяць адсюль і без сеткі…
Тут чарга разыходзілася, людзі зноў жа спакойна і павольна набліжаліся да сеткі і гэтак жа раўнадушна, здаецца, нават абыякава разглядалі дзівосныя кветкі — лапушыстыя, яркія, шматкалёрныя, яны цвілі каля самай агароджы, а некаторыя нават вылазілі праз яе, — і потым гэтак жа задумліва кіраваліся да шырока расчыненых варот, — як яму здавалася, на волю.
Радзім хацеў адразу пайсці да дзвярэй, каб нарэшце вырвацца адсюль — нават Оя цягнула за руку да выхада, — але ўсё ж нешта стрымлівала яго і змушала пачакаць.