Выбрать главу

Ён хадзіў каля агароджы, любаваўся кветкамі, нагінаўся і нюхаў тыя, што шыкоўна цвілі на гэтым баку — відаць, праз сетку яны пралезлі пупышкамі,— і не спяшаўся ўходзіць. Разумеў, што пабачыць увесь кветнік можна, мусіць, толькі з гэтага пляца, які, пэўна, знаходзіцца якраз пасярэдзіне сада.

Прайшоўшы колькі разоў каля агароджы, пашыбаваў да варот — туды, куды ішлі ўсе. Ужо збіраўся ўздыхнуць на ўсе грудзі, але раптам, выйшаўшы за вароты, убачыў новую загародку, якая, усё звужаючыся, вяла людзей да яшчэ адной чаргі. Там ужо зноў шчыльна станавіліся адзін за адным людзі і, дыхаючы ў чужыя патыліцы, пачыналі новы, унармаваны рух.

Радзім яшчэ раз азірнуўся па баках і, убачыўшы, што ніякага іншага выйсця няма, пацягнуў Ою ў той бок, дзе ўжо нараджалася чарга.

— Не магу! — зноў застагнала Оя і пачала ўпірацца, зразумеўшы, што Радзім зноў вядзе яе ў людскі гурт.

— Трэба, Оя. Трэба, — ён адною рукою моцна трымаў дзявочую далоньку, а другою гладзіў па яе запясцю.

Радзім разумеў адно: чым раней станеш у чаргу, тым раней пройдзеш наканаванае.

Цяпер ён ужо не сумняваўся, што гэтую чаргу нехта пабудаваў знарок. Яго здзіўлялі вялікая дасведчанасць і розум таго дойліда, які ўсё гэта прыдумаў. Бачыш, як разумна і дакладна выстраіў: вось чарга на вуліцы, яшчэ ніхто нічога не ведае, але ўжо становіцца — цікава; потым гэтая пурпурна-ўрачыстая зала; затым цагляная сцяна, абвітая хмелем, як своеасаблівае спадзяванне, намёк на неўзабыўныя кветкі; пасля жудасная, цёмная і цесная нара, дзе нічога не відаць, дзе нават яму хацелася крыкнуць: «Не магу!»; а тады — такі неспадзяваны рай, што проста слепіць вочы сваёй казачнасцю, радасцю, шаленствам колераў…

Ён толькі не ведаў, каму і навошта спатрэбілася гэтая чарга, куды яна вядзе, чым канчаецца і што азначае.

Задумаўшыся, Радзім і не заўважыў, як чарга ўцягнулася ў даўгі-даўгі і, здаецца, бясконцы калідор, паабапал якога з двух бакоў былі дзверы. Яны не адчыняліся, мусіць, былі замкнёныя на ключ, і таму здавалася, што ніхто ў свеце не ведаў, што за імі знаходзіцца.

На дзвярах — нейкія шыльдачкі, нумары, нечыя прозвішчы. Але тыя, што ішлі паперадзе, глядзелі сабе пад ногі, нічога не чыталі, і толькі яны з Ояю старанна круцілі па баках галовамі, рупячыся ўсё прачытаць і ва ўсім разабрацца. Ою гэта, здаецца, вельмі зацікавіла — заняўшыся, яна ўжо не стагнала і не гаварыла: «Ой, не магу»…

І раптам, калі яны праходзілі каля чарговых, просценькіх, як і ўсе, дзвярэй, тыя нечакана самі сабою адчыніліся, з іх высунулася нечая рука, схапіла Ою за сукенку і ўцягнула ў прачыненую шчыліну. І не паспеў ён нават спалохацца і падумаць, як ратаваць дзяўчыну, тая ж рука, высунуўшыся зноў, згрэбла за рукаў Радзіма і з сілаю павалакла і яго.

Думалася, што там нейкае памяшканне.

Але памяшкання ніякага не было — сцены стаялі плоскія, як дэкарацыі, і за дзвярыма нічога яны не ўбачылі: проста апынуліся на вуліцы.

Спакойна, па адным, а то і купкамі, хадзілі людзі, ціхамірна шумелі дрэвы, на газонах зелянела, хоць і дрэнна, але ўсё ж падстрыжаная трава, а сцяна з дзвярыма, за якою зацята рухалася невідомая цяпер чарга, адсюль выглядала нават прывабнаю. Яна была як упрыгожанне якое, як самабытная дэкаратыўная застаўка, увітая сям-там хмелем, а то і ўпрыгожаная кветкамі, што раслі ў прымацаваных да перагародкі гаршчэчках.

— Вы? — здзівіўся Радзім, убачыўшы перад сабою таго самага іранічнага чалавека, які спрабаваў ім нешта растлумачыць яшчэ тады, як іх віталі дурбуды на месцы прызямлення. — А што вы тут робіце?

— Вас ратую.

— А як вы здагадаліся, што мы тут?

— Не здагадаўся, а згледзеў вас, — адказаў дурбуд. — Быў у ружарыі, бачу, нейкія дзівакі кветкі не з таго боку нюхаюць. Канечне ж, нетутэйшыя! Нават падміргнуў вам, але вы не звярнулі ўвагі. Мусіць, не прыкмецілі,— дурбуд крыху памаўчаў, падумаў.— А як вы апынуліся ў гэтай чарзе? — праз нейкі час спытаўся ён.

— Захацелася даведацца, за чым у Дурбудзіі стаяць чэргі,— адказала Оя.

А Радзім дадаў:

— І яшчэ нам здалося, што гэта чарга ў сталоўку. А мы ж галодныя.

— Галодныя? — задумаўся дурбуд. — Тады вы правільна стаялі.

— Дык што, гэта і напраўду чарга ў сталоўку?

— Не зусім так.

— А што тады робяць людзі, дыхаючы адно аднаму ў патыліцу?

— Працуюць.

— Стаяць у чарзе, і гэта ўжо значыць, што яны працуюць?

— А ў самым канцы чаргі ім выдаюць жэтон на пустую поліўку. За ўдарную працу.

— А хто прыдумаў такое глупства?

— Не спяшайся з вывадамі. Разумееш, у нас перабудова, страшэннае беспрацоўе. Трэба людзей нечым заняць. Вось і паставілі іх у чаргу. Каб не думалі ні пра што. Стаяць, нечым займаюцца, некуды ідуць… З'яўляецца ўяўнасць працы…