Выбрать главу

— А хто выдумаў чаргу?

— Пляшывы. Але вось пляшывага ўжо няма, а чарга асталася. Яна, як бачыш, і калматаму падабаецца… Калматы не разбурае яе, а накіроўвае сюды ўсё больш і больш людзей. І яны працуюць.

— Дзіўна, — задумалася Оя, — увесь народ паставілі адно за адным і гэта здзекліва называюць работаю. То ж злачынцы…

— Хадзем, — не даў ёй дагаварыць дурбуд. — А то вас і так ужо шукаюць. Прыйшлі ў палац, убачылі, што нікога няма, і забегалі. Бо назаўтра ў іх прызначаны пераварот. Цябе, Пляшывага, будуць вяртаць на трон, а Калматага — скінуць. Дарэчы, калматы сёння вяртаецца з замежнай паездкі. Пойдзем яго сустракаць?

— Я хачу есці…

— Ой, даруй, я і забыўся. То пайшлі хутчэй у сталоўку. У мяне якраз ёсць лішні жэтон.

Дурбуд рэзка павярнуўся і пайшоў паперадзе. Яны паспяшаліся за ім.

Ісці было прыемна. Паабапал сцежкі раслі кветкі, якія цешылі вочы, — відаць, гэта ўсё яшчэ былі ўскраіны ружарыя.

Яны з Ояю любаваліся прыгажосцю, а гаваркі дурбуд не замінаў ім гэта рабіць — ішоў паперадзе і маўчаў. Кусты руж змяняліся алеандрамі, кусты бэзу чаргаваліся з півонямі.

Радзім глядзеў на іх, і яму часам здавалася, што гэта ніякія не ружы, не алеандры, не півоні, а нейкія зусім іншыя, казачныя і дзівосныя кветкі, якія толькі звонку нагадваюць нашы зямныя.

Пахлі яны таксама па-іншаму, у іх было больш даўкасці і нават, калі хочаце, агрэсіўнасці,— яны быццам бы ад кагосьці ці ад чагосьці абараняліся, камусьці кідалі свой выклік.

Праз нейкі час на вочы ім пачалі трапляцца абадраныя людзі, якія стаялі між кветак з працягнутымі рукамі. Спачатку ён нават не зразумеў, што гэта жабракі і просяць яны міласціну. Але калі неўзабаве старцоў стала вельмі шмат, калі ім ужо даводзілася ісці праз шчыльныя шэрагі людзей у лахманах, тая радасць, якую абудзілі воля і кветкі, паступова пачала цьмець, пакуль урэшце не перакінулася ў адчай.

Асабліва ўразіла і яго і Ою, калі адзін з жабракоў кінуўся ім насустрач, упаў на калені, пачаў абдымаць за ногі дурбуда, просячы падаць яму, што зможа.

Дурбуд не разгубіўся, падняў жабрака з каленяў, паставіў ля сябе, а потым, не хаваючыся ад галоднага, пачаў корпацца ў яго ж старэнькай, залапленай торбе — жабрак адно толькі ўважліва сачыў за чужою рукою, — знайшоў там надкушаную лусту хлеба, якую, мусіць, падаў нехта раней, і з такім выглядам, быццам робіць несусветнае дабро, з важнасцю і самавітасцю, як усё роўна ён заўсёды займаўся дабрачыннасцю, падаў скібку папрасімцу.

Той доўга і няўцямна глядзеў на яе, а затым узрадаваўся, засмяяўся і, задаволены-задаволены, з крыкам: «Дзякуй! Дзякуй! Дзякуй!» кінуўся цалаваць рукі дурбуда, які так ашчаслівіў яго. Радасць жабрака была настолькі шчыраю і непадробнаю, што Радзім з Ояю толькі пераглянуліся: яго частуюць ім жа самім нажабраваным хлебам, а ён радуецца!

— Што, дзіўна вам? — павярнуўшыся да іх, усміхнуўся дурбуд. — У нас вы яшчэ і не такое ўбачыце, — і, азірнуўшыся вакол, паказаў: — А гэты, бачыце, на сваёй машыне прыехаў.

Чалавек стаяў і, як руль, трымаў перад сабою, кола. Падышлі да яго, спыталіся:

— Навошта табе кола? Дурбуд разгубіўся:

— Гэта ж мая машына, я на ёй прыехаў…

— Машыны ў цябе няма і ніколі не будзе!

— А гэта тады што? — паказаў на кола, учапіўся за яго мацней і грэбліва адвярнуўся. — А пайшлі вы ўсе…

Каля сталоўкі галодных і ўбогіх было яшчэ болей. Яны стаялі так шчыльна, што амаль немагчыма было прабіцца да дзвярэй. І толькі вопыт і вынаходлівасць тутэйшага дапамаглі зайсці ўсярэдзіну будыніны.

У сталоўцы было цёмна і дымна, душна і тлумна. Пахла чымсьці прыгарэлым і нясмачным, але ён здзівіўся, што нават такія непрыемныя пахі расцвельваюць яго апетыт.

Дурбуд знік, а праз нейкі час ён зноў з'явіўся каля іх з дзвюма талеркамі якойсьці бурды і двума брускамі чагосьці шэрага, у чым Радзім, хоць і не без ваганняў, прызнаў хлеб.

Оя ад сваёй поліўкі адмовілася — мусіць, у яе засталася нейкая свая сістэма харчавання, — а ён, нават не пасмакаваўшы стравы, не разабраўшыся, пасоленая яна ці не, з асалодаю высербаў цэлую талерку. Адчуваў, што мала, што з'еў бы чаго-небудзь яшчэ, які кавалак мяса ці каўбасы, але дурбуд развёў рукамі — чым багаты, маўляў, тым і рады.

Оіна талерка таксама была парожняя: яе адразу ж выхапілі з рук галодныя людзі і, далёка не адыходзячыся, вылізалі за суседнім столікам.

У сталоўцы не было чым дыхаць, і таму Радзім першы накіраваўся да выхаду. Адна справа цярпець увесь гэты смурод, ведаючы, што цябе чакае пачастунак, а другая — задыхацца едкім чвырам, ні на што ўжо не спадзеючыся.