Выбрать главу

Выбраўшыся са сталоўкі, ён уздыхнуў на поўныя грудзі — хацелася як найхутчэй ачысціць лёгкія ад гэтага цяжкога, задушлівага паху. Паправіў каснік на галаве, каб выцерці пот пад ім, але дурбуд, які выйшаў разам з імі, параіў:

— Не чапай. Зрабі зноў, як было. А то цябе пазнаюць, і тады пачнецца.

— А можа, лепей зусім сцерці гэтую пляму? — нібы забыўшыся, што расказваў ёй Радзім, спыталася Оя.

— Ты што! — накінуўся на яе дурбуд. — Гэтая меціна яму ой як спатрэбіцца!

Оя паправіла стужку, старанна закрываючы знак. Дурбуд уважліва сачыў за гэтым, а калі дзяўчына апусціла рукі, ён яшчэ раз прыдзірліва агледзеў Радзімаў лоб, сам паправіў ражок касніка і сказаў:

— Ну, цяпер пайшлі.

— Куды? — у адзін голас спыталіся яны.

— На аэрадром, — патлумачыў ім дурбуд. — Сустракаць Калматага. Ён якраз сёння прылятае з замежнага візіта.

Сцежкаю, дзе траплялася ўсё меней і меней кветак — яны здаляліся ад ружарыя, — выйшлі на дарогу, якая і прывяла іх зноў у горад.

— Аэрадром на тым баку — патлумачыў дурбуд. — А я вас вяду самаю кароткаю дарогаю.

З гэтага боку горад здаваўся апусцелым, — відаць, усе пайшлі ўжо сустракаць прэзідэнта.

— У нас так прынята, — нібы адгадаўшы Радзімавы думкі, усміхнуўся дурбуд. — Мы ўсенародна і праводзім, і сустракаем прэзідэнта. Гэта ў нас як свята. Словам, калі мала хлеба, трэба, каб было паболей свят.

Яны ішлі павольна, нібы прагульваючыся. Ішлі так, як вёў іх тутэйшы, а ён чамусьці не спяшаўся.

— Паспеем, — зноў жа, быццам адчуўшы іхняе хваляванне, іхнія думкі, супакойваў Ою і Радзіма дурбуд. — Пабачыце гэты неверагодны спектакль.

Цяпер ужо на вуліцах горада ім сустракалася ўсё болей і болей людзей. Усе ішлі ў той жа самы бок, што і яны, — відаць, таксама кіраваліся ў аэрапорт.

Але з такою высноваю Радзім відавочна паспяшаўся, — шмат хто, не дайшоўшы да аэрадрома, зварочвалі ўлева і заходзілі ў шырока расчыненыя вароты нейкага вялікага круглага збудавання, звонку падобнага на стадыён. Радзім спыніўся, спытаўся ў дурбуда:

— А гэта што за хароміна?

Той загадкава ўсміхнуўся і, не гаворачы нічога канкрэтнага, спытаўся:

— Хочаце паглядзець? Тады давайце зойдзем.

І ўсярэдзіне гэтая пабудова нагадвала стадыён. Вялікае зялёнае падстрыжанае поле, а вакол — трыбуны, звычайныя дашчаныя лаўкі, якія амфітэатрам узнімаюцца ўсё вышэй і вышэй.

Каля ўвахода Радзім заўважыў нешта незвычайнае: чалавек са злосцю, не шкадуючы, сцябае другога чалавека, а той, замест таго каб бараніцца, уцякаць ад яго, наадварот бяжыць услед за дратаванкаю, даганяе яе, на бягу хапае за кончык пугі, нюхае, прыціскае, шчаслівы, да вуснаў — нібы, удзячны за пісягі, цалуе свайго самага лепшага сябра.

Гэта было настолькі дзіўным, неспадзяваным, паводзіны абодвух — і таго, каго б'юць, і таго, хто б'е, — былі такія незразумелыя, таму ён, убачыўшы, што сам ні ў чым не разбярэцца, запытальна зірнуў на дурбуда.

— Гэта ў нас месца для экзекуцый, — не гледзячы на яго, адказаў дурбуд. — Тут караюць усіх, хто правінаваціўся.

Кат усё яшчэ сцябаў сваю ахвяру, а вінаваты, радасны і задаволены, даганяў пугу і цалаваў яе кончык.

З'яўляліся новыя людзі, яны ўпэўнена заходзілі на стадыён і дзелавіта рассаджваліся на лаўках — відаць, ім падабалася сачыць за гэтым глупствам.

Зірні, зірні,— пацягнула яго за рукаў Оя і паказала пальчыкам зусім у другі бок. — І там, здаецца, дурні…

І праўда: там таксама адзін чалавек лоўка біў другога ёмкаю доўбняю, а той ад вялікай радасці і ўзрушэння ўсё хацеў абняць яе і прыціснуць да сябе.

Той, што біў, толькі што прамахнуўся, стаяў, злаваўся на няўдачу і незадаволена моршчыўся, а той, каго білі, узрадаваўшыся, што доўбня нарэшце нерухома стаіць зусім блізка, ля ног ката, расчулена абмацваў і абнюхваў яе з усіх бакоў.

Што гэта? Рабская пакорлівасць? Ачмурэнне? Атупенне? Удзячнасць? А хіба можа быць нейкая ўдзячнасць таму, хто цябе б'е? А можа, гэта простая цікаўнасць? Вар'яцтва нейкае!

У другі раз кат ужо не прамахнуўся — вінаваты сам хуценька падставіў пад даўбешку свой худы, шылаваты азадак.

Потым яны памяняліся ролямі: кат стаў на месца ахвяры, а ахвяра ўзяла ў рукі доўбню.

— Дурні,— нібы сама сабе прамовіла Оя.

— Ага, дзяўчынка, дурні,— гледзячы не на тых, што ўзаемна катаваліся, а некуды ўдалячынь, згадзіўся з ёю дурбуд. — У нас усе дурні. Гэта нашы імёны і прозвішчы.

— А як вы іх адрозніваеце між сабою? — пацікавіўся Радзім. — Калі ўсіх дурнямі называеце?