Назіраючы за аркестрам, Радзім раптам зразумеў, што ім усё ж нехта дырыжыруе. Зірнуў у той бок, куды глядзелі і музыкі, і зніякавеў: кіраваў аркестрам і праўда чалавек у чорным фраку, прывязаны да шаста!
Ён нецярпліва пераступаў босымі нагамі па памосце, падскокваў, ліхаманкава махаў рукамі. А ўсе яго рухі, кожны ўзмах рукі і выгіб цела лавілі аркестранты і стараліся як мага дакладней перадаць гукамі.
— Чаго ён танцуе? — спытаўся Радзім.
— Дык пад нагамі ж бляха, а яна гарачая, — адказаў дурбурд.
Так яно і было на самой справе: ахвяра дырыжыравала аркестрам! Яна сутаргава курчылася ў канвульсіях, а аркестранты ігралі яе пакуты.
— І дакуль яны будуць іграць? — спытаўся Радзім.
— Да самага канца.
— Што гэта значыць — да канца?
— Да яго смерці. Паступова рухі цішэюць, слабеюць, а разам з імі цішэе і сціхае музыка. З апошнім уздыхам чалавека замаўкае і аркестр. Але ж дурбуды ёсць дурбуды! Яны тут жа грымнуць на ўсю моц — аж сцены задрыжаць у суседніх дамах — марш «Радуйся!»
— Хадзем! — раздражнёна сказаў Радзім і першы пайшоў прэч з гэтай плошчы.
— А ты ведаеш, куды трэба ісці? У які бок? — пацікавіўся дурбуд, які рушыў услед за ім.
Радзім нічога яму не адказаў.
На вуліцы, за плошчаю было ўжо шмат людзей і ўсе яны цяпер ішлі ў адным кірунку — вядома, шыбавалі на аэрадром. Дарогу яму паказваць ужо не трэба было, таму ён не чакаў, калі дурбуд абгоніць яго і стане паперадзе — сам ішоў разам з усімі.
Праз нейкі час дурбуд усё ж дагнаў яго.
— Ну, цяпер убачыў, як мы жывём? Зразумеў? — зазіраючы яму ў вочы, спытаўся ён.
Радзім і на гэты раз прамаўчаў. Размашыста ішоў сярод іншых і думаў якраз пра тое ж.
Дурбудзія яго здзівіла і ўразіла. І чым больш ён разумеў яе жыццё, тым страшней яму рабілася: краіна сама сябе знішчае! Ён здагадваўся, што яна, відаць, ідзе па тым жа самым згубным шляху, які прайшлі перад ёю Зэмія, Талямалія, Жалезны Хаос. Яны ж таксама хутчэй за ўсё былі некалі вось такія квітнеючыя, а ў што ператварылі іх дурні: голая зямля, шэрая пустыня, горы мёртвага жалеза, дзе жыць можна толькі пад зямлёю ці ў штучных аазісах…
Гэта ж трэба дадумацца — яны абражаюцца, злуюцца, калі іх назавуць разумнымі, і радуюцца, калі ім прысвояць, да прыкладу, вельмі пашаноўнае тут званне — Ідыёт Першай Ступені.
— Слухай, хлопча, не крыўдзіся, я сур'ёзна гавару, — не адставаў ад яго ні на крок Разумны. — Паколькі яны прызналі цябе за Пляшывага, можа, і праўда не адмаўляйся. Вазьмі ўладу ў свае рукі і ратуй Дурбудзію. Хаця табе і браць нічога не трэба — уладу ж на дзяржсавеце заўтра яны самі ўручаць.
— А потым вернецца сапраўдны Пляшывы… Што тады будзе?
— Анічога не будзе. Проста арыштуеш яго, у турму пасадзіш. Скажаш, што самазванец.
— А народ?
— Народ «дур-ра» табе будзе крычаць.
Яны ішлі ў натоўпе, які цяпер вельмі пагусцеў, і нікога не баючыся гаварылі пра такія небяспечныя справы. Але іхняй размовы ніхто не чуў. Людзі ішлі радасныя і шчаслівыя, узбуджаныя і задаволеныя, яны жылі прадчуваннем свята, і гэтае свята — сустрэча з прэзідэнтам — было ўжо зусім блізка, а таму яны ні на кога не звярталі ўвагі, смяяліся і ажыўлена гаварылі самі.
— А ты ведаеш, што Дурыс Першы-калматы, які цяпер ляйчыць намі, пра нас за мяжою гаворыць? Што Дурбуды нягоднікі, тупіцы, мярзотнікі, што мы сволачы, падлюкі, гультаі, што мы не ўмеем працаваць, што мы брудныя і нікчэмныя.
— За мяжою? Пра свой народ? — не паверыў сваім вушам Радзім. — Які ён ні ёсць, але ж гэта свой народ. І прэзідэнты звычайна хваляць і абараняюць сваіх землякоў.
— А наш — ненавідзіць. Яны ж, — Разумны махнуў вакол сябе рукамі, нібы стараючыся захапіць у гэты круг як найболей людзей, — бягуць, спяшаюцца, каб не спазніцца, каб у час сустрэць свайго дарагога, усенародна абранага прэзідэнта.
Цяпер ужо людзі не ішлі, яны беглі трушком — відаць, самалёт павінен быў хутка прызямліцца.
Радзім бег разам з усімі, побач з Разумным. За імі спяшалася Оя.
Цяпер ужо натоўп бег зусім хутка, як кажуць, з усіх ног, людзі былі яшчэ больш узбуджаныя і шчаслівыя. Нарэшце яны зноў убачаць свайго дарагога і любімага правадыра!
— Такую зямлю спаскудзілі, сволачы, — нібы сам сабе гаварыў Разумны. — Такую зямлю…
— Дарэчы, а чаму вы не змагаецеся супраць усяго гэтага глупства?
— Я не змагаюся? Хлопча ты мой дарагі, ды я ж з турмы не вылажу. І вось зараз я на волі толькі таму, што твар змяніў. Але гэта часова. Думкі — не твар, не зменіш. Мяне высачылі саксупы і ідуць па следзе. Хутка арыштуюць…
— Дык чаму вы не сцеражэцеся, а ідзяце якраз туды, дзе вас могуць арыштаваць. Там жа, дзе сустракаюць прэзідэнта, заўсёды шмат саксупаў.