— А навошта сцерагчыся? Усё роўна, што я адзін зраблю? А іх жа, — Разумны зноў махнуў вакол сябе рукою, — ніхто ніколі ні ў чым не пераканае. Бачыш, якія яны шчаслівыя?
Ён крыху памаўчаў. Бег нейкі час, нічога не гаворачы, адно толькі загадкава ўсміхаўся. Затым, падбегшы зусім блізка да Радзіма, пачаў гаварыць яму як не на самае вуха — так, каб не чула нават Оя:
— А ведаеш, што іх больш за ўсё раздражняе. Не тое, што я хачу скінуць прэзідэнта, а тое, што я сцвярджаю, што ўсе мы жывём на звычайнай седаўцы. І аром на седаўцы, і дрэвы садзім на ёй, і чыгункі па ёй пракладаем… І ўсё на седаўцы. Я ім кажу пра гэта, а яны не вераць. Злуюцца. Абураюцца. Як? Наша цудоўная, квітнеючая краіна — і ўсяго толькі седаўка?! Таксама разумнік знайшоўся! У турму яго, згнаіць! І гнояць. А мы як жылі на седаўцы, так і будзем жыць. Незалежна ад таго, у турме я ці не. Бо і турма ж на седаўцы стаіць. Гэта ашаламіла Радзіма.
— А адкуль вы яе ўзялі? Седаўку сваю?
— Што, і ты не верыш? — зласліва спытаўся Разумны.
— Як бы вам сказаць…
— Нічога мне не трэба гаварыць. Але сам ты неўзабаве пераканаешся, што я кажу праўду. Словам, бяры заўтра ўладу. Я табе буду дапамагаць.
Іх абагнаў белы лімузін. Відаць, экзекуцыя на плошчы ўжо закончылася.
Па ўсім адчувалася, што аэрадром зусім блізка…
Праз колькі часу яны праціснуліся праз шырока, гасцінна расчыненыя вароты і далучыліся да людзей, якія прыбеглі сюды раней за іх і задаволеныя, у нейкім нервовым нецярпенні пільна сачылі за небам, каб крый божа не прапусціць таго моманту, калі між светлых аблачынак з'явіцца маленькая крапка самалёта, якая ўсё будзе большаць і большаць, пакуль нарэшце не чыркне коламі па бетоннай паласе.
Людзі, асабліва нафарбаваныя дамачкі, нібыта ў экстазе, закочвалі вочы, шапталі: «Ой, ён зараз прыляціць! Ой, ён зараз вернецца!» — і аж дрыжалі ад напружання.
Таму не дзіўна, якое вар'яцтва пачалося тут, калі хтосьці першы ўбачыў самалёт, а калі той урэшце сеў, ніхто і нішто ўжо не змог стрымаць да слёз расчулены натоўп — ні ланцугі міліцыянераў і салдат, ні жалезныя загародкі. Людзі ўмомант змялі ўсё гэта і той жа час апынуліся на лётным полі — самалёт падрульваў ужо да натоўпу, і многія сустраканцы апынуліся пад яго крыламі.
Народ у нецярпенні збіўся ў кучу, людзі стаялі блізка адно да аднаго, а таму абслуга доўга ніяк не магла падаць трап — дурбудаўцы не расступаліся перад ім.
Калі трап усё ж падалі, калі адчыніліся дзверы, калі на прыступку з цёмнага чэрава самалёта ступіў сам Дурыс Першы, людзі нібы звар'яцелі. Яны скакалі, махалі рукамі, крычалі: «Няхай жыве!», «Хвала!», «Дур-р-ра!».
Прэзідэнт, магутны і плячысты, стаяў і самазадаволена ўсміхаўся.
Пышныя валасы, калматыя бровы, ламаны нос. Маленькія свінячыя вочкі. Тупыя-тупыя — як у асла.
Вецер матляе калашынне яго штаноў (дарэчы, пашытых з дзяржаўнага сцяга), а здаецца, што гэта трасуцца ногі — ці то ад страху, ці то ад якога захворвання. І сам ён таксама хістаецца.
— Прэзідэнт п'яны? — спытаўся Радзім.
— Ага, — адказаў Разумны, — і п'яны, і дурны. Дурыс Першы глядзеў на сваіх падданых нейкім невідушчым, замутнёным позіркам.
Пастаяўшы вось так — мусіць, для фотакарэспандэнтаў — ён пачаў паволі спускацца на зямлю. Па тым, як ён перастаўляў ногі, як махаў рукамі, як асцярожна ступаў на ніжэйшыя прыступкі, Радзіму да ўсяго яшчэ здалося, што гэта не жывы чалавек, а ўсяго толькі робат. Каб поўнасцю пераканацца ў гэтым, ён, распіхваючы тых, што стаялі перад ім, пачаў прабівацца да прэзідэнта. І ўсё ж дапяў да самага трапа, і калі Дурыс Першы спусціўся на самую ніжнюю прыступку, ён незаўважна для іншых дакрануўся рукою да яго рукі — яна была халодная-халодная — і кіпцюрамі калупнуў скуру. Скура лёгка ссунулася, і Радзім убачыў пад ёю не косць, а жалеза, начыненае нейкімі правадкамі. Божа мой, так і ёсць — гэта не чалавек, а робат, абцягнуты звычайнай чалавечай скурай! Яны ўсяго толькі выкарыстоўваюць, эскплуатуюць жывую скуру!
Прэзідэнт не адчуў нават ніякага болю, не звярнуў увагі на яго кіпцюры. Ён асцярожна злез з апошняй прыступкі і, нібы не заўважаючы працягнутую да яго руку чалавека з белага лімузіна, які ўжо таксама быў каля трапа, — паспеў, бачыце, і на пакаранне музыкаю і на сустрэчу прэзідэнта! — пайшоў уздоўж самалёта. Чалавек з лімузіна закрыў ужо адкрыты для прывітання рот, паплямкаў губамі, пацмокаў ротам, нібы глытаючы падрыхтаваныя словы, паправіў некалькі валасін на галаве, перакінуўшы іх праз лысіну, і незадаволена, сумеўшыся, апусціў руку.