Выбрать главу

Мужчыны ўжо хацелі падхапіць яго на рукі, каб падкінуць угору, але жанчыны не аддавалі ім Радзіма, цалавалі і цалавалі ў метку.

Цяпер ужо ўся ўвага была не Дурысу Першаму, а яму, Радзіму. Оі, надзіва, ніхто не заўважаў — жанчыны, здаецца, прызналі яе за сваю.

Бледны ўвесь, вельмі занепакоены, напружаны, стаяў зводдаль Разумны, але блізка не падыходзіў,— ён, мусіць, адзін ведаў, чым усё гэта можа скончыцца.

— Ён вярнуўся! Ён вярнуўся! — аж вар'яцелі навокал яго дурбуды.

Тыя, што былі далей, узбіраліся на розныя ўзвышэнні, якія толькі трапляліся пад ногі, каб лепей бачыць сярод натоўпу яго, не вельмі высокага ростам. Некаторыя нават узлезлі на трап, як не да самога прэзідэнта, а іншыя дапялі да крыла самалёта — іх там сабралася ўжо шмат, а лезлі ўсё новыя і новыя — і адтуль выкрыквалі сваё: «Мечаны вярнуўся! Мечаны вярнуўся!»

І ўсё ж яго вырвалі з жаночых рук і падкінулі ў паветра.

— Дур-р-ра! — зароў, заенчыў натоўп.

І ў гэты час штосьці здарылася. Нешта затрашчала, нібыта ўдарылі аўтаматныя чэргі, нешта бухнула, быццам непадалёк разарваўся снарад, нешта зашчоўкала, як адзіночныя стрэлы.

Людзі спалохаліся, замоўклі, разгубіліся — яго злавілі ўжо як не ля самой зямлі і паспешліва паставілі на ногі. Нешта здарылася, і дурбудам было ўжо нават і не да Мечанага. Усе скіравалі позіркі ў бок прэзідэнта, але на прыступках таго не было відаць.

— Забілі! Замах! — закрычалі людзі. Прыгледзеўшыся лепей, Радзім убачыў адно толькі боты Дурыса Першага, што вытыркаліся з-пад людскіх цел — відаць, саксупы, пачуўшы стрэлы, таксама падумалі, што гэта замах, узброенае нападзенне на прэзідэнта, і, ужо асабліва не асцерагаючыся, бесцырымонна павалілі Калматага на прыступкі і самі пападалі зверху, прыкрываючы яго сабою.

Спачатку нават здалося, што ўсе яны мёртвыя, што менавіта па іх і стралялі тыя, хто нападаў. Але неўзабаве, калі саксупы, не чуючы новых стрэлаў і выбухаў, паволі пачалі варушыцца і ўставаць, стала зразумела, што ніхто ні на каго не нападаў, ніхто ні па кім не страляў.

Прэзідэнт жа ўсё яшчэ ляжаў на прыступках, як нежывы: хутчэй за ўсё целаахоўнікі, падаючы на яго, паадрывалі ўсе правадкі, і ён, абясточаны, не мог цяпер нават паварушыцца.

Радзім не адразу ўбачыў прычыну перапалоху, а як убачыў,— ледзь не рассмяяўся: гэта ж усяго толькі, не вытрымаўшы процьмы навіслых людзей, адламалася крыло самалёта і разам з імі грымнулася на зямлю, а ўсім здалося, што гэта страляюць.

Ён, расслабляючыся, выцер спацелы лоб рукавом сарочкі і з палёгкаю ўздыхнуў. Але тут жа сцяўся ад жаху: «Што ж я нарабіў!»

Убачыўшы, што з прэзідэнтам нічога не здарылася, што ім самім нічога не пагражае, людзі паварочваліся да Радзіма, гатовыя зноў падкідаць яго і крычаць сваё любімае «дур-р-ра!». І тут жа здзіўлена, нічога не разумеючы, спыняліся і глядзелі на Радзіма так, быццам яны ўпершыню бачаць яго: пляму ж, метку, падобную на Афрыку на зямных геаграфічных картах, ён толькі што выпадкова сцёр рукавом, а без яе хто ж прыме за Мечанага?!

Дурбуды ужо зусім падазрона прыглядаліся да яго.

— Пачакайце, пачакайце, тут штосьці не тое: быў мечаны, а цяпер меткі няма… — здзіўляліся яны, няпэўна разводзячы рукамі.

— Не, гэта не Пляшывы, — сумняваліся адны.

— Канечне, не Мечаны, — пагаджаліся з імі другія. Людзі доўга вывучалі яго, пакуль нейкі ўважлівы — ці не з саксупаў? — дурбуд не закрычаў як рэзаны:

— Гэта ж самазванец! Ілжэпляшывы! Карайма яго на месцы!

— Карайма! — зараўло лётнае поле. — Дур-р-ра!

Тым часам памочнікі прэзідэнта і саксупы зноў падключылі да датчыкаў правадкі, пашчоўкалі нейкімі тумблерамі,— гэта таксама гучала, як стрэлы, — але яны ўжо нікога не палохалі.

Праз колькі хвілін Дурыс Першы заварушыўся, ажыў і пачаў падымацца на ногі сам, яму толькі злёгку, падтрымліваючы пад пахі, дапамагалі целаахоўнікі.

Робат нарэшце выпрастаўся, патаптаўся на месцы, каб стаць зручней, каб не ўпасці, і ўжо, відаць, хацеў выкрыкнуць чарговы заклік, але ў гэты час па прыступках да яго паспешліва ўзбег нейкі маленькі жвавенькі дурбудзік, нешта зашаптаў яму на вуха, паказваючы раз-пораз у Радзімаў бок. Прэзідэнт слухаў яго, забаўляючыся са сваімі густымі, калматымі брывамі,— ён то падымаў іх, то апускаў, то гладзіў даланёю. Выслухаўшы ўсё, што яму нагаварыў дурбуд, прэзідэнт пачырванеў, напружыўся, надзьмуўся і злосна, качаючы ў роце словы — відаць, заміналі сківіцы, — закрычаў:

— На другое паўшар'е ілжэпляшывага! І Пляшывага, як зловім!