Радзім зразумеў, што гэта яго так пакаралі, але сэнсу пакарання пакуль што не ведаў.
Адразу ж праз натоўп, збегшы з прыступак, да яго кінуліся двое ахоўнікаў, заламалі яму рукі і, пракладаючы між людзей дарогу, некуды павялі.
Цяпер ужо ён заўважыў і трэцяга — той распіхваў перад імі людзей, — а да гэтага саксуп, як высветлілася, непрыкметна стаяў побач і, канечне ж, сачыў за ім, чакаючы, у які бок усё павернецца: калі гэта і праўда Пляшывы, ён будзе яго ахоўваць, калі ж самазванец — дапаможа затрымаць.
Саксупы падвялі Радзіма да прыгожай белай машыны, вельмі ж падобнай да ўжо знаёмага яму дзяржаўнага лімузіна — нават падумалася, што тут на ўсю краіну толькі адзін вось гэты аўтамабіль. За рулём сядзеў, здаецца, той жа самы шафёр. Радзім, садзячыся ў машыну, ніякавата ўсміхнуўся яму — вось як, маўляў, бывае. А той у адказ падбадзёрваюча падміргнуў яму — маўляў, нічога, трымайся…
— Да вісячага моста! — грозна скамандаваў шафёру адзін з саксупаў, і той, нібы спалохаўшыся, рэзка рвануў машыну з месца. Па тым, як шафёр слухаўся іх, нічога не пярэчыў і ні пра што не распытваў, Радзім здагадаўся, што да вісячага моста вязуць яго высокія саксупаўскія шышкі.
Ехалі доўга і цяжка — нібыта па якой дрыгве. Машына зыбалася па дарозе, увесь час гонячы перад сабою, моршчачы, нібы хвалю, зямлю.
А дзень усё не канчаўся. «Які ж ён вялікі ў Дурбудзіі!» — падумаў Радзім. Усё стаяла, здавалася, на адным месцы сонца, усё свяціла і свяціла, ярка і чырвона. Ужо нават з'явілася думка, што яно тут ніколі не заходзіць.
Ехалі моўчкі. Маўчалі саксупы, паміж якімі ён сядзеў на заднім сядзенні, маўчаў і, ужо здавалася б, знаёмы шафёр — хутчэй за ўсё баяўся перад ахоўнікамі паказаць сваю ўвагу да самазванца.
Саксупы тым часам рыхтавалі нейкае пісьмо. Штосьці напісалі на шматку паперы, паклалі ў канверт, заклеілі.
А дарога ўсё не канчалася. Што ехаць яшчэ доўга, Радзім зразумеў, калі шафёр, перакінуўшыся колькімі словамі з саксупамі, з'ехаў на ўзбочыну, ад'ехаўся да невялікага ляска нейкіх незразумелых дрэў — лісцё ў іх пачыналася ад самай зямлі, ад самых каранёў,— спыніў машыну і адразу ж, паклаўшы галаву на рукі, што былі на рулі, заснуў. Захраплі з абодвух бакоў і саксупы.
Яму ж спаць чамусьці не хацелася. Ад няма чаго рабіць ён разглядаў дзівосныя дрэвы, у якіх не было ствалоў,— лісты, як кактусы, прымацоўваліся адзін да аднаго, і таму дзіўна было бачыць, што яны не згінаюцца, не звісаюць, а роўна, старчаком шугаюць угору.
Абводзіў вачыма далёкія краявіды, спрабаваў зблізку разгледзець мятлушак, якія ляталі перад самым шклом, але шкло было матавае, а таму праз яго нічога асабліва не ўдавалася разгледзець.
Ахоўнікі спалі моцна. Радзім падумаў, што яны хутчэй за ўсё не прачнуліся б, калі б ён паспрабаваў уцячы, але тут жа горка сам сабе ўсміхнуўся: а што будзеш рабіць, уцёкшы? Куды пойдзеш і чаго возьмешся шукаць?
Ою! Яна ж асталася адна сярод дурбудаў. На што ёй спадзявацца, як жыць паміж сапраўдных Ідыётаў Ідыётавічаў? Яна ж там такая адзінокая і бездапаможная.
Калі б не гэтыя думкі пра Ою, з якою яго разлучылі, калі б не клопат пра тое, як яна там адна, Радзім хутчэй за ўсё ўзрадаваўся б: то ж добра, што ён не будзе ўрэшце бачыць гэтай Дурбудзіі, гэтага абсурду, гэтых Дурняў Розных Ступеняў, якія здзекуюцца самі з сябе.
«А ты думаеш там, на Другім Паўшар'і, табе будзе лепей? Калі туды ссылаюць, то там, мусіць, ой як няхораша… — рыхтаваў ён сябе да самага горшага, але тут жа наноў злаваўся: — А няхай сабе і горай! Абы гэтых ёлупняў не бачыць!»
Заварушыліся саксупы. Прачнуліся самі і, паказваючы адзін аднаму на гадзіннікі, пачалі тармасіць і шафёра.
— Паехалі! — як толькі ён працёр вочы, строга загадалі ахоўцы, і шафёр, яшчэ пазяхаючы, паспешліва націснуў на газ, і машына рванулася з месца.
Куды яны едуць, як выглядае тое Другое Паўшар'е, ён, канечне ж, не ведаў і таму абыякава назіраў за ўсім, чакаючы, калі яго прывязуць куды трэба.
На месца прыехалі, як сонца было ўжо на захадзе. Ён здагадаўся, што дарога скончылася, калі машына спынілася ля нейкай вялікай упадзіны, ля самага адхоннага краю, калі з яе выйшлі саксупы і, размінаючы зацёклыя ад доўгага сядзення ногі і рукі, падышлі да нізіны, паглядзелі ўніз, зазірнулі ў будачку, што стаяла пры беразе, але нікога там не знайшлі, яна была парожняя.
Пачалі шчоўкаць рознымі тумблерамі, пакуль нарэшце нешта не залязгатала, заскрыгатала, забразгала, і з-пад будкі ў бок абрыву пасунулася раптам заржавелая жалезная лесвіца. Калі яна навісла над лагчынаю, саксупы спынілі механізм. Падышлі да машыны, паказалі, што трэба выходзіць. Радзім выйшаў і разам з ахоўнікамі падышоў да краю. Ахоўнікі сталі на лесвіцу, паставілі Радзіма між сабою, а шафёру паказалі рукамі, каб заняў іхняе месца ў будцы.