Выбрать главу

Праз хвіліну лесвіца зноў зарыпела, заскрыгатала і, паволі высоўваючыся, везла іх усё далей і далей ад берага. Хутка зменшыліся і сам бераг і машына, што засталася на ім, а лесвіца ўсё даўжэла і даўжэла. Зямля пад імі ўсё далела, правальвалася і правальвалася, а таму, стоячы на лесвіцы, амаль не маючы нічога пад рукамі, за што можна трымацца, боязна было глядзець уніз.

Нарэшце лесвіца падсунулася пад нейкі масток, што немаведама як і вісеў у паветры, — гэта потым ужо Радзім разбярэцца, што ён трымаецца на доўгім і тонкім стрыжні, замацаваным глыбока ў прорве.

Саксупы пераскочылі з лесвіцы на пляцоўку, махнулі рукамі на бераг, і там, хоць гэта было і далёка, шафёр убачыў іх і зразумеў — лесвіца адразу спынілася.

Адзін саксуп паказаў Радзіму на вераўчаную лесвіцу, якая пачыналася ад самай пляцоўкі і, прагінаючыся, цягнулася далёка-далёка, аж за небасхіл:

— Гэта адзіная дарога на Другое Паўшар'е. Іншых шляхоў туды няма.

І, апусціўшы вочы, відаць, крыху няёмячыся, дадаў:

— І як бы табе, чужаземец, не было балюча такое пачуць, я мушу ўсё ж сказаць: туды пакуль ніхто не даходзіў. І ніхто адтуль не вяртаўся.

Божа, чаму лёс такі не ласкавы да яго?! Толькі і чуеш: адтуль ніхто не вяртаўся, туды ніхто не даходзіў… А ён дойдзе! І вернецца! Так, як і з Жалезнага Хаосу вярнуўся. Чакай, чакай, а куды вернецца? У Дурбудзію?

Радзімавы разважанні перапыніў другі дурбуд:

— А калі табе ўсё ж удасца дайсці да Другога Паўшар'я, вось твае дакументы, — і падаў паперы, якія яны рыхтавалі яшчэ ў машыне.

— Тут усё напісана, — дадаў другі ахоўнік.

Радзім узяў у рукі канверт і рассеяна паклаў яго ў кішэню.

Ахоўнікі з двух бакоў, падбадзёрваючы, паляпалі яго па плячах, асцярожна сышлі на жалезную лесвіцу — тая аж прагнулася пад імі, завагалася — і пачалі махаць рукамі. Але на беразе — ці то гэтага не заўважаў шафёр, ці то там штосьці ў яго не атрымлівалася — лесвіца не скрыгатала і не рухалася, стаяла на месцы. Саксупы яшчэ ажыўленей пачалі махаць рукамі, пачалі нервавацца, аднак ад гэтага нічога не мянялася: шафёр, які быў у будцы, мусіць, і праўда не мог даць рады машыне.

Ахоўнікі штосьці спалохана крычалі яму, злаваліся, паказвалі — Радзім нават бачыў жах у іхніх вачах, — але лесвіца не рухалася. Іх неспакой і хваляванне перадаліся нават Радзіму, і цяпер ужо і ён перажываў, што лесвіца стаіць на месцы, з нецярпеннем чакаў, калі яна ўрэшце скранецца, быццам і сам збіраўся ехаць на бераг.

І таму з палёгкаю ўздыхнуў, калі яна раптам зарыпела і паволі пачала аддаляцца ад мастка. А потым, калі ўбачыў, як усё большае і большае бездань паміж лесвіцай і ім, яго аж скаланула, сэрца сціснулася ад адчаю і невядомасці: дык ты, дурань, радуешся, што яны ад'язджаюць, што пакідаюць цябе аднаго, падвешанага, нібы ў кашы якога аэрастата, над зямлёю, над пустатою?! І чым далей будка ўцягвала пад сябе лесвіцу, тым усё трывожней рабілася яму.

Калі ж саксупы саскочылі на бераг, калі з будкі выйшаў шафёр, пэўна, адключыўшы лесвіцу, калі ўсе яны селі ў машыну і тая ў адзін момант схавалася за пагоркам, яго агарнуў сапраўдны жах: адзін сярод усіх гэтых гор і пагоркаў, адзін над такою безданню.

Назад, да берага, адкуль прывезлі яго, дарогі няма, а наперадзе матляецца пад лёгкім ветрам вераўчаная лесвіца, доўгая і, здаецца, бясконцая, — вока не бачыць канца ёй, яна губляецца ў нейкім мройлівым засціле каля самага небасхілу.

На Другім Паўшар'і

Радзім пастаяў, з тугою паглядзеў у той бок, куды паехала машына з дурбудамі — усё ж, дзе ты хоць троху пажыў, туды цябе і цягне, — а потым павярнуўся і яшчэ з большым сумам доўга ўглядаўся ў лесвіцу, па якой яму, хочаш ці не хочаш, а давядзецца ісці.

Цяпер ён ужо дакараў сябе, што так неразумна распарадзіўся сваім лёсам. Жыццё ж у самыя рукі клала яму ўдачу, а ён, дзівак, адмовіўся ад яе: ну чаму б яму і напраўду не ўзяць у свае рукі ўсю ўладу ў Дурбудзіі?! Маляваў бы сабе кожную раніцу Афрыку на ілбе, нанач бы сціраў яе і паціху б правіў гэтаю краінаю — выконваў бы ролю таго, невядомага яму Пляшывага, які нарабіў тут столькі бяды.

Але ж ён бы гэтую ролю выконваў па-іншаму, па-свойму — можа б, і пераканаў дурбудаў, што жыць трэба не так, як яны жылі да гэтага. Можа б, яны і паверылі, што Дурань Любой Ступені — горш за любога Разумнага без ступеняў. Але ж зараз позна — што пасля бойкі кулакамі махаць! Яго ж выкрылі, пакаралі Другім Паўшар'ем — і цяпер ужо нічога не вернеш.