Радзім сцяўся і пачаў чакаць. Уцякаць жа няма куды!
Па тым, як упэўнена чалавек ішоў па лесвіцы, ён зразумеў, што той, хто набліжаецца, добра бачыць і ў цемры. Калі гайданне зрабілася зусім моцным, хлопец скеміў, што невідомы зусім побач. Яму стала вусцішна, боязна, і ён зашэрхлым ад страху голасам спытаўся:
— Хто тут?
Лесвіца заторгалася яшчэ мацней, яго аж падкідала разам з ёю ўгору. Радзім здагадаўся, што незнаёмец бяжыць сюды. Паспешліва ссунуўшы папругу сабе на ногі, ён сеў і падрыхтаваўся да бойкі, калі той, хто бяжыць, раптам уздумае нападаць. Невідомы, гэпнуўшыся яму на калені, прытуліўся і ласкавым голасам выдыхнуў:
— Радзімачка!
Оя абдымала яго, гладзіла па валасах, цалавала ў шчокі і вусны, плакала, твар яе быў мокры ад слёз. Яна ўсё паўтарала і паўтарала:
— Я па табе так засумавала, так засумавала…
А лесвіца ўсё яшчэ гайдалася, па ёй і цяпер хтосьці ішоў. Радзім, прыслухаўшыся, спытаў у Оі:
— Хто там яшчэ?
— Дык гэта ж дурбуд, наш сябра.
І, не зважаючы на тое, што дурбуд набліжаўся, утрапёна лашчыла і лашчыла Радзіма. Хлопец чакаў, што вось-вось з'явіцца знаёмае воблачка, стане між імі і пачне распіхваць у бакі, але белай хмурынкі не было: відаць, Юля стамілася ратаваць яго…
Над імі ўжо стаяў Разумны. Радзім не столькі ўбачыў, як адчуў гэта.
— Здароў! — проста і звыкла павітаўся ён, хоць яны сёння ж, зусім нядаўна, развіталіся.
— Вітаю! — радасна азваўся Радзім і спытаўся: — А як вы апынуліся тут?
— Адчулі, што табе сумна аднаму, і прыйшлі.
— Не, я сур'ёзна пытаюся…
Оя ўжо здымала з яго ног папругу і, нібы не пачуўшы Радзімавага пытання, сакатала сваё:
— А хто ж гэта цябе прывязаў да лесвіцы? Сам? Няўжо сам? А навошта?
— Каб не зваліцца.
— Хіба можна адсюль зваліцца? — здзівілася дзяўчына і пачала танцаваць на лесвіцы.
Вяроўкі зыбаліся, трэсліся, падкідалі яго, і ён, учапіўшыся рукамі за поручань, закрычаў:
— Што ты робіш?!
— Нічога, — Оя перастала танцаваць. — Проста я рада, што зноў з табою.
— І я таксама. Але як вы ўсё ж апынуліся тут? Адказаў дурбуд:
— Як цябе арыштавалі і павялі, Оя кінулася да патлатага, а саксупы думалі, што яна зноў хоча адключыць у ім правадкі, і заламалі ёй рукі.
— Яны правільна думалі: гэтага я і хацела.
— А сам ты як сюды трапіў? — спытаўся Радзім у дурбуда.
— Я пабег выручаць Ою…
Хлопец хацеў прапанаваць усім адпачыць, прылегчы на лесвіцу і паспаць да раніцы, але раптам у вока кальнуўся першы промень сонца, і праз нейкую хвіліну яно асвятліла, радасна і святочна паружавіла ўсё навокал: прадонні і схілы гор, іхнія твары і вяроўкі, на якіх стаялі выгнаннікі…
Можа, ад ранішняга сонца, а можа, ад таго, што побач былі людзі, з якімі можна было перакінуцца словам, на Радзіма найшло раптам ціхае замілаванне, светлае супакаенне, і ён, забыўшыся, дзе стаіць і куды яму трэба ісці, расчулена прамовіў:
— Як прыгожа!
У Разумнага ж быў іншы настрой. Ён зацята, хмурна глядзеў уніз і нібы сам сабе, моршчачыся, гаварыў:
— Я ім кажу, а яны не вераць. Колькі ні тлумачу, хоць бы што. А і праўда ж, мы жывём на седаўцы. Вунь, зірні, злева, адкуль прыйшлі мы, адна палавінка, а справа, куды ідзём, — другая. Два паўшар'і, як кажуць мае суайчыннікі…
Радзім зірнуў уніз і, здаецца, сам напраўду зразумеў тое, пра што гаварыў дурбуд.
— Бачыш? — дапытваўся Разумны. — Седаўка! А яны мяне за гэта ў турмах гнояць.
— Не толькі за гэта, — запярэчыў яму Радзім. — Ты ж заадно яшчэ хочаш і законны ўрад зваліць.
— Які ён законны! — зазлаваў дурбуд. — Ты ведаеш, як Дурыс Першы прыйшоў да ўлады? Пляшывы на паўдня некуды ад'ехаўся, а ён сам сябе прывёз сюды, сам сабе нейкі Важны Савет стварыў і сам сябе кіраваць ім прызначыў. Дэмакратыя, кажа…
— Не можа быць! — здзівілася Оя.
— Можа, дзяўчынка, можа! У Дурбудзіі не такое здараецца, — Разумны задумаўся, памаўчаў, а тады загаварыў зноў: — А сам Пляшывы як кіраўнічае стырно выхапіў? Прывёз моцнай самагонкі, напаіў свайго сябра, тагачаснага прэзідэнта, а пасля п'янага ў міліцыю здаў. Той, ужо зняслаўлены, потым і не спрабаваў вяртаць сабе ўладу… Таму і табою лёгка было замяніць калматага. Я на цябе так спадзяваўся… А ты кажаш…
— Нічога я не кажу, — адказаў Радзім. — Ведаю толькі, што трэба, мусіць, ісці нам… А то стаім і мітынгуем…
— А куды спяшацца? Там жа нас ніхто не чакае. Нажывёмся яшчэ, нагаруемся… Ой, нагаруемся…
— Хіба там горш, чым у Дурбудзіі?
— Канечне, горш. Ссылка на Другое Паўшар'е — самае страшнае для мужчын пакаранне.